Беларуская Служба

Кіраўнік дабрачыннага фонду ва Украіне: Офіс не размаўляе з беларусамі тут, а дамагаюцца толькі сустрэчы з Зяленскім

20.02.2023 07:11
Сярэднестатыстычны ўкраінец ведае больш пра тое, што ідзе з Беларусі – кожны дзень яны сядзяць у бамбасховішчах, бо ў краіне ўзлятаюць ваенныя самалёты.
Аўдыё
  • Аляксей Францкевіч: Калі гавораць, што ўкраінскія ўлады не гатовыя размаўляць з прадстаўнікамі дэмсілаў, то, на маю думку, гэта не так. Іншае пытанне, з кім размаўляць?
Кіеў ваеннага часу Milan Sommer/ Shutterstock

Год ва Украіне – вайна. Яна прынесла каласальныя страты: тысячы смерцяў, разбурэнні. А яшчэ пагоршыла адносіны паміж украінцамі і беларусамі. Цяжка быць прыязным, калі сядзіш у бамбасховішчы, у Беларусі ўзлятаюць ваенныя самалёты, якія могуць прынесці смерць у твой горад. Пагаварылі з Аляксеем Францкевічам, кіраўніком дабрачыннага фонду ва Украіне «Вольная Беларусь».

Днямі ў Кіеве адбыўся круглы стол «Беларуская платформа: публічная размова пра будучыню», падчас якога гаварылі пра тое, як з-за рэжыму Лукашэнкі Украіна і Беларусь апынуліся па розныя бакі фронту вайны, развязанай Крамлём. Аляксей Францкевіч падкрэслівае, што інфармаванасць людзей ва Украіне пра падзеі вельмі нізкая:

– Нажаль, нажаль такія круглыя сталы чарговы раз даказваюць, што Украіна нічога не ведае пра Беларусь, а Беларусь пра Украіну. Такія пляцоўкі павінны быць, збіраць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, каб яны збіраліся ва Украіне. Сярэднестатыстычны ўкраінец ведае больш пра тое, што ідзе з Беларусі – кожны дзень яны сядзяць у бамбасховішчах, бо ў Беларусі ўзлятаюць ваенныя самалёты, якія кладуць украінскую эканоміку. 24 на 7 у СМІ Украіны абмяркоўваецца, калі і ў якім фармаце будзе наступ з тэрыторыі Беларусі. Нажаль, ужо больш за 70 % жыхароў Украіны лічаць беларусаў ворагамі.

Францкевіч мяркуе, пазітыўны момант у тым, што на сустрэчы былі прадстаўнікі міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны, бо яны ўплываюць на інфармацыйны парадак дня.

Цягам года праблемы беларусаў ва Украіне не змяніліся, бо ва ўмовах вайны не змяняецца заканадаўства, менавіта ў правым полі палягаюць многія пытанні.

- Першае, гэта вайна, пагроза жыццю, Украіна яшчэ не перамагла, але мы ўсе верым, што гэта адбудзецца. Агулам праблемы засталіся тыя самыя: заблакаваныя рахункі. Але ёсць і станоўчыя выпадкі, ёсць алгарытм, як гэта рабіць. Застаецца пытанне з выплатамі сем’ям загінулых. Пытанняў шмат, заканадаўства ніхто не змяніў, таму яны былі, ёсць і будуць, – гаворыць Францкевіч.

Цяпер ніхто не зможа сказаць, колькі дакладна цяпер беларусаў жывуць ва Украіне. Паводле апошняга перапісу насельніцтва, які праводзіўся 20 гадоў таму, ва Украіне пражывала больш за 250 тысяч беларусаў.

Аляксей перакананы, што цяпер трэба аб’ядноўвацца вакол Украіны, бо яе перамога дасць шанец беларусам. Пакуль расійская імперыя існуе ў цяперашнім выглядзе, мы не ўбачым дэмакратычнай Беларусі, не зможам вярнуцца дадому», – перакананы суразмоўца. Таксама ён падкрэслівае, што Офіс Святланы Ціханоўскай павінен максімальна шукаць кантакты з украінскімі палітыкамі, не чакаць афіцыйнай сустрэчы Святланы Ціханоўскай і Уладзіміра Зяленскага. Таксама Аляксей Францкевіч падкрэслівае, што беларусам ва Украіне патрэбная дапамога, адвакатаванне іх правоў нароўні з беларусамі, якія з’ехалі ў Еўропу.

Офіс Ціханоўскай гаворыць: «Добра, мы гатовыя сустрэцца з Палком імя Каліноўскага. А другія беларусы? Гэта як няправільныя пчолы, якія робяць няправільны мёд?

– Калі гавораць, што ўкраінскія ўлады не гатовыя размаўляць з прадстаўнікамі дэмсілаў, то, на маю думку, гэта не так. Іншае пытанне, з кім размаўляць? Было б добра, каб прадстаўнікі дэмсілаў праязджалі ва Украіну, сядалі за стол і выпрацоўвалі план дзеянняў: што рабіць, як вызваляць Беларусь, што зрабіць, каб адтуль не было наступу, не ляцелі ракеты. Ёсць Латушка, Вячорка. Той жа самы Кавалеўскі, Дабравольскі – ездзяць жа. Якое пытанне вырашыць сустрэча з Зяленскім? Галачку паставяць?

Кантактаў з байцамі няма, з беларусамі няма. З імі ніхто не размаўляе, а дамагаюцца толькі сустрэчы з Зяленскім. Гэта можна пачаць рабіць інакш – акурат пачаць гаварыць з беларусамі ва Украіне. Адкрыю «вялікі сакрэт» – ва Украіне беларусы ваююць не толькі ў Палку Каліноўскага. Офіс Ціханоўскай гаворыць: «Добра, мы гатовыя сустрэцца з Палком імя Каліноўскага. А другія беларусы? Гэта як няправільныя пчолы, якія робяць няправільны мёд? А беларусы, якія жывуць ва Украіне, ім не патрэбна дапамога? Хто будзе вырашаць іх праблемы? Ці прыязджаеш у Еўропу і чуеш: «Дык гэта іх свядомы выбар, хай едуць у Еўропу, тут ёсць праграмы дапамогі». Але што замінае дапамагаць беларусам ва Украіне? – пытаецца Аляксей Францкевіч, кіраўнік дабрачыннага фонду «Вольная Беларусь».

вх