Беларуская Служба

Пазняк аб свядомым забруджванні савецкімі ўладамі Беларусі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: Яны не лічылі беларусаў людзьмі

28.04.2023 15:13
Зянон Пазняк 26 красавіка на сустрэчы ў сядзібе фонду “Беларускі дом у Варшаве” расказаў, як БНФ супрацьстаяў хлусні КПСС–КПБ аб катастрофе на Чарнобыльскай АЭС.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". З.Пазняк пра Чарнобыльскую катастрофу.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Pixabay.com

26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай АЭС, размешчанай на поўначы Украіны, недалёка ад Кіева, на мяжы з Беларуссю і Расіяй, у адным з рэактараў у выніку перагрэву адбыўся выбух. Былі заражаны тэрыторыі трох рэспублік, асабліва моцна — Беларусі. Члены Беларускага народнага фронту “Адраджэньне” на чале з Зянонам Пазняком у Вярхоўным Савеце БССР, на мітынгах, у паездках па краіне першымі білі ў набат у сувязі з пагрозай, якую нясе здароўю беларускага народа аварыя на ЧАЭС.

З канца 1980-х гг. у Мінску праходзілі “Чарнобыльскія шляхі” — супраць хлусні ўлад СССР і Беларусі аб чарнобыльскай трагедыі. Людзі патрабавалі дакладнай інфармацыі аб катастрофе і дапамозе насельніцтву, якое пацярпела ад апраменьвання. Улады не пераставалі распаўсюджваць ілжывыя даныя аб Чарнобылі.

Пра тое, як БНФ на чале з Пазняком супрацьстаяў хлусні і атручванню беларусаў, Зянон Станіслававіч расказаў на сустрэчы з землякамі 26 красавіка ў сядзібе фонду “Беларускі дом у Варшаве”.

Зянон Пазняк:Ніхто ў СССР не падняў гэту справу так, як Беларускі народны фронт. Мы ўзнялі гэтае пытанне на высокі ўзровень. І што адбываецца? З'яўляюцца розныя “навуковыя” канцэпцыі, каб абгрунтаваць захаванне насельніцтва ў радыеактыўных зонах. У прыватнасці, гэта г.зв. 35-бэрная канцэпцыя, якую лабіраваў Юрый Ізраэль, кіраўнік Дзяржаўнага камітэта па гідраметэаралогіі і кантролі прыроднага асяроддзя СССР (згодна з CNN, ён з'яўляўся самым уплывовым навуковым дарадчыкам Уладзіміра Пуціна падчас яго прэзідэнцтва; сам Ізраэль гэту заяву абверг. — Рэд.).

У Вярхоўным Савеце БССР у нас ішло змаганне з гэтым, бо з Масквы нам хацелі навязаць гэтую 35-бэрную канцэпцыю, паводле якой людзям дазвалялася жыць у сітуацыі, якая ім была супрацьпаказаная. Калі жыць пры радыяцыі ў 15 кюры, то ты адразу не памрэш, але праз некалькі гадоў страціш здароўе, а памрэш праз 10 гадоў. У гэтай барацьбе ў Масквы былі “свае” дэпутаты ў беларускім парламенце. Тым не менш, мы перамаглі. Удалося адкінуць гэту канцэпцыю.

Падчас гэтай барацьбы ўсе мы чыталі выказванні рускіх вучоных, акадэмікаў. І ведаеце, што яны пісалі? Маўляў, радыяцыя ў невялікіх дозах карысная. Беларусам не трэба прымаць радонавыя ванны. Гэта пісалі рускія вучоныя!

Зянон Пазняк лічыць Чарнобыльскую катастрофу і яе наступствы свайго роду генацыдам Масквы супраць беларускага народа. Палітык паведаміў падрабязнасці кампаніі па «скідванні» радыеактыўных аблокаў на Беларусь савецкімі лётчыкамі — адразу пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС.

Зянон Пазняк:Тыя, хто апускаў аблокі, у масе сваёй паўміралі. Там жа была фантастычная радыяцыя! Іх як смяротнікаў адправілі туды. Яны ж не ведалі нічога пра гэта. Гэта ўсё роўна як Пуцін цяпер крымінальнікаў адпраўляе ваяваць ва Украіну. Ніхто з іх ужо не жыве.

Заставаўся толькі адзін — Аляксей Грушын. У яго ўзялі інтэрв'ю. Ён апрануў кіцель з усімі медалямі. Ён жа быў “героем”! І ён гераічна расказваў, як і што рабіў.

Маёр Аляксей Грушын некалькі разоў падымаўся ў неба над Чарнобылем і Беларуссю, дзе выкарыстоўваў снарады з ёдзістым срэбрам, каб радыеактыўныя часціцы, што ляцелі ў бок населеных пунктаў Беларусі, праліліся дажджом. Больш за 10 тысяч квадратных кіламетраў беларускай тэрыторыі было прынесена ў ахвяру, каб выратаваць, у прыватнасці, расійскую сталіцу ад таксічных радыеактыўных матэрыялаў.

Грушын у дакументальным фільме BBC пад назвай «Тэорыя супершторма» (The Science of Superstorms, 2007 г.) тлумачыў, чаму апускаў радыеактыўныя аблокі над Беларуссю: «Вецер дзьмуў з захаду на ўсход, і радыеактыўныя аблокі пагражалі дайсці да густанаселеных раёнаў: Масквы, Масквы, Ноўгарада, Яраслаўля». Грушын “аргументаваў”, што пацярпелі б людзі. Зянон Пазняк здзіўляецца гэтай “логіцы”:

Зянон Пазняк:Людзі для іх там. А тут жа, у Беларусі, не людзі, тут жа беларусы!

Зянон Пазняк таксама раскрывае невядомыя шырокай грамадскасці факты аб супрацоўніцтве МАГАТЭ і КПСС па фальсіфікацыі — мінімізацыі афіцыйных даных аб шкодзе, прычыненай катастрофай на ЧАЭС.

Зянон Пазняк:Ва ўтойванні праўдзівых даных была зацікаўлена не толькі КПСС, але і МАГАТЭ — Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі. МАГАТЭ — гэта, груба кажучы, міжнародная атамная мафія, якая была зацікаўлена ў тым, каб іх бізнес квітнеў. Бо тое, што здарылася на Чарнобыльскай АЭС, ставіла пад сумнеў усю іх працу. У свеце было 500 АЭС, і кожная каштавала па прыкладна 1 млрд долараў, адпаведна, МАГАТЭ мела бізнеса у 500 млрд долараў.

МАГАТЭ канкрэтна супрацоўнічала з КПСС, дасылала да нас сваіх экспертаў. Гэтыя міжнародныя эксперты з важным выглядам займалі хітрую пазіцыю: яны казалі, што нічога страшнага нібыта не здарылася. Гэта была вельмі шкодная пазіцыя. І мы, Беларускі народны фронт, з імі таксама змагаліся. Мы былі ў канфлікце з міжнароднай мафіяй.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Зянон Пазняк: Калі пераможа Украіна, з’явіцца перспектыва і ў Беларусі

09.02.2023 15:11
Зянон Пазняк лічыць, што тыя, хто абараняе Украіну ў палку імя Каліноўскага, — гэта будучая палітычная эліта Беларусі.

Зянон Пазняк: Усе нашы праблемы — і моўныя, і эканамічныя існуюць толькі таму, што існуе Расія, але яе распад малаверагодны

06.04.2023 16:01
Зянон Пазняк напамінае, што немцы ў XVIII ст. рэарганізавалі Расійскую імперыю, што дапамагло ёй захапіць ВКЛ — так Беларусь трапіла пад Расію.