У Польшчы ўжо даволі даўно існуе разгалінаваная сістэма прыватных клінік, якія спецыялізуюцца на лячэнні бясплоддзя. Мы завіталі ў адну з буйнейшых падобных устаноў – сетку клінік «Бацян» (Bocian). Іхнія клінікі працуюць у 8 найбуйнейшых гарадах Польшчы і ў Рызе ў Латвіі. Пачынаючы з 2006 года тут атрымалі боль за 10 тысячаў цяжарнасцяў.
Беларусы ведаюць пра гэтую клініку, штогод беларускія пары складаюць каля траціны ад агульнай колькасці пацыентаў, якія звяртаюцца сюды за лячэннем ад бясплоддзя. На фоне сусветнай эпідэміі ковіду ў 2019 годзе і палітычных працэсаў у Беларусі колькасць беларускіх пацыентаў значна знізілася. Аднак цяпер паток аднавіўся.
Беларускія пацыенты звяртаюцца ў польскія клінікі, таму што па-першае тут патрэбна прайсці значна менш фармальнасцяў, каб пачаць лячэнне ад бясплоднасці.
Прадстаўніца клінікі «Боцян» Вікторыя
Расказвае прадстаўніца клінікі «Боцян» Вікторыя. Яна ўкраінка, таму свой расповед вядзе ўкраінскаю моваю.
– Самая вялікая розніца ў тым, што пары ў Польшчы не павінны быць у законным шлюбе. Гэта можа быць партнёрства, яны разам прыходзяць у клініку, падпісваюць дакументы аб тым, што яны пара і могуць пачынаць працэдуру. Я ведаю, што ў Беларусі шлюб трэба афіцыйна зарэгістраваць, каб пачаць працэдуру ЭКА, а тут гэта не абавязкова, таму гэта такое спрашчэнне.
Другая прычына, чаму беларускія пары звяртаюцца за лячэннем бясплоднасці ў Польшчу – тэрмін сумеснага жыцця, пасля якога пара можа пачынаць лячэнне. У Беларусі даволі часта лічыцца няздольнай зацяжарыць толькі пара, якая пражыла разам некалькі гадоў. Калі яны звяртаюцца да лекараў, то ім звычайна прызначаюць абследаванні і лячэнне медыкаментамі, якое можа цягнуцца гадамі. У Польшчы лячыць бясплоднасць прапануюць праз год сумеснага жыцця. Вікторыя з клінікі «Бацян»
– У Польшчы прынята лічыць, што калі пара не зацяжарала год, то ёсць нейкая праблема. Бо здаровая пара павінна зацяжарыць на працягу года. І тут пачынаецца лячэнне. Гэта значыць, тут альбо прызначаюць прэпараты, альбо адразу ж праводзяць працэдуры апладнення. Правяраюць праходнасць труб, ці няма праблем. Яны правяраюць сперму мужчыны, ці ўсё з ёй у парадку. І яны сапраўды выбіраюць нейкае лячэнне. Гэта значыць лячэнне тут не зацягваюць, бо ўсе разумеюць, што падчас лячэння бясплоддзя час вельмі важны.
Трэцяя прычына – абсталяванне. У польскіх клініках яно сучаснае, ад вядучых сусветных вытворцаў. Працэдура экстра-карпаральнага апладнення звязаная з тым, што апладненне жаночай яйцаклеткі адбываецца па-за межамі арганізма жанчыны. Звычайна апладняецца некалькі клетак і потым урачы назіраюць за развіццём эмбрыёнаў. Звычайна для гэтага эмбрыёны дастаюць са спецыяльнага сховішча і глядзяць на іх праз прыбор кшталту мікраскопа. Гэта даволі стрэсова для будучага дзіцяці. Але ў Польшчы прымяняюць больш сучасную тэхналогію – эмбрыяскоп. Па сутнасці гэта інкубатар для эмбрыёнаў з функцыяй назірання. Іх не трэба нікуды даставаць, кожны момант развіцця адсочваецца аўтаматыкай і лекару ўсё бачна, а эмбрыён застаецца ў бяспечных умовах.
– У нас сучаснае медычнае абсталяванне. У нас у кожнай з нашых клінік, у кожнай з васьмі клінік ёсць эмбрыяскоп. Гэта інкубатар, дзе развіваюцца эмбрыёны. І нашмат лепш пры развіцці эмбрыёнаў назіраць за імі менавіта ў такім інкубатары, у эмбрыяскопе.
Дарэчы, дзякуючы абсталяванню, тут літаральна ўсе аналізы робяць цягам некалькіх гадзін. Гэта значыць, што прыехаўшы на першую кансультацыю, можна за дзень атрымаць поўны малюнак магчымых прычын бясплоддзя.
Яшчэ адзін далікатны момант – эмбрыёны. Па польскіх правілах іх апладняюць не больш за шэсць. Калі пара скарыстала адзін-два, астатняе па правілах трэба захоўваць замарожанымі. Калі пара вырашае, што больш не будзе заводзіць дзяцей, іхныя эмбрыёны перадаюцца ў донарскі фонд. То бок, у Польшчы эмбрыёны пасля ЭКА не знішчаюць.
Для беларусаў, якія хацелі б прыехаць на лячэнне, польскія клінікі аказваюць падтрымку з атрыманнем візаў. Ну і тут на самай справе няма моўнага бар’еру, нават калі пары не ведаюць польскай мовы, ёсць лекары якія іх зразумеюць і дапамогуць. Можна прыязджаць са сваімі медычнымі дакументамі, якія не трэба перакладаць на польскую мову. Цяпер у польскіх клініках працуюць і беларускія лекары.
– Зараз мы маем двух лекараў з Беларусі. Гэта доктар Алена Новікава. Раней яна працавала ў клініцы «Ева». Яна была медычным дырэктарам тамтэйшай клінікі. І цяпер яна прымае ў нас. Вы можаце запісацца да яе на кансультацыю.
Яна прымае ў Варшаве. А таксама ў Варшаве намі апякуецца доктар Ларыса Калабухава. Таксама лекар з Беларусі, з клінікі LODE. І вы таксама можаце запісацца на яго. Таксама ў Варшаве. І яны абедзве таксама праводзяць гінекалагічныя кансультацыі, і вядуць цяжарнасць, і, вядома, робяць усю працэдуру ЕКА.
Лячэнне ад бясплоднасці звязанае і з ужываннем медычных прэпаратаў. Для кожнай жанчыны набор гэтых лекаў індывідуальны. Але што важна – у Польшчы спіс гэтых прэпаратаў на шмат шырэйшы, чым у Беларусі, бо тут няма абмежаванняў у пастаўках ад сусветных вытворцаў лекаў. Ды і на рынку Еўрапейскага Саюзу такіх прэпаратаў на шмат больш.
Для беларусаў, якія жывуць у Польшчы і маюць медычную страхоўку дзяржаўнага фонду NFZ прадугледжаны зніжкі на лекі для лячэння бясплоднасці – па некаторых прэпаратах яны даходзяць да 90%. Але гэта яшчэ не ўсе добрыя навіны. Пары, якія знаходзяцца ў Польшчы не менш за два гады, маюць магчымасць атрымаць грашовую падтрымку ад польскіх мясцовых уладаў для лячэння бясплоднасці.
– У Польшчы існуе праграма фінансавання працэдуры штучнага апладнення, ёсць, напрыклад, мясцовыя праграмы працэдуры ЭКА. У Варшаве ёсць такая мясцовая праграма, дзе можна атрымаць фінансаванне 6 тысяч злотых на працэдуру штучнага апладнення. Гэта больш за трэць ад усёй сумы за працэдуру. А ў Варшаве трэба пражыць мінімум два гады. Прычым, пацыентка павінна быць да 40 гадоў, яе максімальны ўзрост.
Простае жаданне мець дзяцей бывае што пераўтвараецца ў недасяжную мару. Бясплоднасць часам выглядае як непераадольны бар’ер, асабліва калі на гэтую складанасць накладваюцца іншыя жыццёвыя цяжкасці кшталту пераезду ў іншую краіну. Аднак для беларусаў, якія пераехалі жыць у Польшчу альбо могуць сюды прыехаць на нейкі тэрмін, ёсць магчымасць здзейсніць сваю мару ўжо цяпер.
Казімір Шчадковіч