Фестываль «Сонцаграй» будзе доўжыцца да 24 чэрвеня, а пачаўся ў мінулую суботу ў вёсцы Дубічы Царкоўныя, што на Беласточчыне. Блізка мяжы з Беларуссю гучалі народныя песні, якія пакаленнямі спяваюць мясцовыя беларусы, можна было прыняць удзел у майстар-класах па традыцыйным падляшскім ручніку і патанчыць пад жывую музыку. Мэта мерапрыемства – яднаць людзей вакол традыцыі, якая можа быць цікавай для ўсіх і для маладых і для старых.
На сцэне выступілі спеўныя ды музычныя беларускія калектывы з Польшчы, а таксама з Беларусі. Адным з удзельнікаў фестывалю ў Дубічах былі «Малінкі» з вёскі Маліннікі.
У Дубічах Царкоўных зайграла таксама капэла «Koliśnija».
А бліжэйшы канцэрт у межах фестывалю «Сонцаграй» у нядзелю 18 чэрвеня ў Цясным у гміне Супрасль. Пачатак у 17.00. А вялікі фінал фестывалю адбудзецца 24 чэрвеня на пляжы ў Бандарах на берагу вадасховішча ў Семяноўцы, што на Беласточчыне.
Сюжэт з першага канцэрта фестывалю ў Дубічах Царкоўных падрыхтаваў Міхась Сцепанюк.
Фота аўтара