Беларуская Служба

Беларуская эмігрантка ў Польшчы: «Я пакуль не ўяўляю сітуацыі, што свабодна іду па свайму гораду»

26.08.2023 21:02
Станаўленне адной маладой дзяўчыны адбывалася ад танцаў праз юрфак, Акрэсціна і Жодзіна да эміграцыі ў Польшчу. Урэшце ёсць вялікае жаданне вярнуцца дамоў, каб будаваць новую Беларусь.
Аўдыё
  • Беларуская эмігрантка ў Польшчы: «Я пакуль не ўяўляю сітуацыі, што свабодна іду па свайму гораду»
Ілюстрацыйны здымакEPA/STR Dostawca: PAP/EPA.

У 2020-ым упершыню галасавала

Крысціна знешне далікатная маладая дзяўчына. Займалася танцамі ў народным калектыве, прычым, танцуе з шасці гадоў, навучалася ў харэаграфічнай школе і кажа, што гэта той занятак, які ёй найбольш тады падабаўся.

Скончыла юрфак, але цікаўнасці да гэтай прафесіі так і не адчула. Магчыма паўплывала і тое, як сама заўважае, што на экзаменах і заліках даводзілася адказваць адно, а ў жыцці сутыкалася зусім з іншым. Але з-за павагі да бацькоў мусіла аддаць пяць гадоў гэтай навуцы.

У 2020 годзе Крысціна ўпершыню ў сваім жыцці брала ўдзел у выбарах.

- Я была настроена па-баявому, абавязкова пайду на выбары, буду галасаваць. Ужо ўвесну пачала шукаць праграмы кандыдатаў.

Калі пачалася выбарчая кампанія Крысціна, уважліва прыгледзеўшыся да кандыдатаў, хацела галасаваць за Віктра Бабарыку. Бачыла, што навокал людзі, ды і ў яе сям’і, добра разумелі, што краіне патрэбныя змены.

- Усе бачылі і адчувалі на сабе колькі назбіралася сацыяльных і эканамічных праблемаў, якія трэба было неадкладна вырашаць.

А яшчэ, паводле дзяўчыны, шмат пратэснага настрою дадала сітуацыя з кавідам, калі ўлады практычна адвярнуліся ад сваіх людзей, не прызнаючы хваробу, а тым часам вельмі шмат беларусаў проста паміралі.

- Многія страцілі тады сваіх блізкіх і паглядзелі на дзяржаву іншымі вачыма. Гэта ў тым ліку дадало пратэснага настрою грамадству.

Ружовыя акуляры давялося зняць

У пэўны час, як згадвае Крысціна, яна адчула, што яе мінулае – школьныя гады, юнацтва – прайшлі ў ружовых акулярах. Прапаганда працавала, хадзілі пад чырвона-зялёнымі сцягамі, не ведалі сваёй гісторыі, нікога не цікавіла беларуская мова.

- Калі мне было 15 год мой блізкі сябра перажыў страшную несправядлівасць з боку ўладаў і гэта прымусіла і яе паглядзець на ўсё навокал іншымі вачыма. І гэта не тое, што мы зацікавіліся палітыкай – яна сама зацікавілася намі. І ў 2020 год я прыйшла ўжо дастаткова свядома.

Эйфарыя і пачуццё смеласці…

Крысціна згадвае, што на першыя акцыі пратэсту не патрапіла, бацькі пасадзілі пад дзесяць замкоў. Але пазней не прапусціла ніводнай акцыі. Родныя ўсё разумелі, калі яна выходзіла з хаты ў белай сукенцы і з белай стужачкай на руцэ і ўжо нічога не маглі сказаць.

- Гэта была такая эйфарыя, абсалютная ўпэўненасць у сабе, у тым, што ты на правільным баку, было пачуццё абсалютнай смеласці. І гэта ўсё перабівала пачуццё страху. Да ўсяго, было многа людзей, адчувалася несамавітая салідарнасць. Я ніколі не ўяўляла, што такое наагул можа быць…

З аднаго маршу яна не вярнулася

Затрымалі Крысціну напрыканцы кастрычніка з цэлай групай пратэстоўцаў. Нечакана паляцелі светашумавыя гранаты, пачалі страляць гумовымі кулямі.
Яна распавядае аб гэтым цяпер нібыта спакойна, але цяжка нават уявіць, што магла перажываць тады далікатная дзяўчына з белай стужачкай на руцэ.

- Было страшна. Я паспела даслаць тату кароткую смс і паведаміла, што мяне затрымалі. Найбольш хвалявалася за тое, каб з бацькамі нечага не здарылася, пра сябе амаль не думала. Яшчэ хвалявалася за сяброўку, бо менавіта я настаяла, каб мы пайшлі ў той дзень на пратэст.

Асудзілі на 10 сутак, з РАУС адвезлі на Акрэсціна, а адтуль пасля суду яшчэ і ў Жодзіна. Гэта якраз той традыцыйны маршрут па якім этапавалі многіх затрыманых пратэстоўцаў.

Спала на падлозе з тараканамі, але марыла…

У камеры Крысціна ніяк не магла ўцяміць, што ўсё гэта насамрэч з ёй адбываецца, хаця разумела, што тут яна цалкам безабаронная і ў любы момант з ёй могуць зрабіць усё, што заўгодна. Далікатнай дзяўчыне на Акрэсціна давялося адну ноч спаць на падлозе разам з тараканамі. У Жодзіна месцаў у камеры хапала для ўсіх – усе восем дзяўчат былі палітычнымі.

- Са мной былі несамавітыя дзяўчаты – усе адукаваныя, разумныя і падтрымлівалі адна адну. Чыталі па чарзе кнігу «Кароткая гісторыя чалавецтва» і абмяркоўвалі яе. Шмат марылі пра тое, што будзе пасля нашай перамогі. Нават хваляваліся, што перамога здарылася, а пра нас проста забыліся.

Праўда, у выходныя слухалі праз вакно і лічылі колькі машынаў заязджае на тэрыторыю турмы, а гэта азначала, што пратэсты не сціхлі і людзі далей выходзяць на Плошчу. 

-Марылі, што тут у Жодзіне зробім музей і я сваю белую кофту, якую пры затрыманні мне памецілі чырвонай фарбай і яна стала падобнай на наш сцяг, пакіну ў гэтым музеі. А яшчэ было страшна, што пасля сутак могуць завесці крымінальную справу і не выпусцяць. Увесь час не пакідаў страх за тое, што магло адбыцца дома з бацькамі, якія ўсё гэта перажывалі.

Дзесяць сутак, якія моцна паўплывалі

Крысціна кажа, што гэтыя дзесяць сутак даволі моцна паўплывалі на яе і шмат у чым змянілі светапогляд.

- Нягледзячы на тое, што я не хацела б гэтага паўтарыць, але калі б была магчымасць нешта змяніць у мінулым, то не стала б гэтага рабіць. Гэты досвед вывеў мяне на правільныя арыенціры ў жыцці. Я там сустрэла неверагодных людзей, ад якіх увабрала ў сябе патрэбныя веды і вопыт, якіх раней мне не хапала.

Пастаянная трывога прымусіла з’ехаць

Пасля сутак Крысціна здала сесію ва ўніверсітэце і нават паспела яго скончыць і атрымала дыплом. Праўда, па спецыяльнасці юрыста працаваць так і не пайшла.

-А далей сітуацыя ў краіне вялікімі крокамі пачала пагаршацца: новыя і новыя арышты, суды, катаванні…

Дзяўчына кажа, што папросту не магла далей там знаходзіцца, бо ўвесь час адчувала трывогу, пачалі прыходзіць за яе знаёмымі, ёй здавалася, што хутка прыйдуць і па яе.
У Польшчы ўжо жыла знаёмая з якой разам адбывалі пакаранне ў адной камеры. Яна і дапамагла пераехаць сюды і ўладкавацца. Праўда, Крысціна згадвае, што ад’язджаць было складана. Развітвалася з домам, роднымі, сябрамі і нават прыродай. Было страшна ад няведання.

-Вось гэта яшчэ адна прыкмета нашай салідарнасці. Мы бачыліся з чалавекам два разы ў жыцці, а яна мяне запрасіла да сябе пажыць. І дзякуючы ёй мая адаптацыя тут прайшла даволі прыемна.

Канешне, сумую…

Менавіта ў Польшчы ўдалося расслабіцца і адчуць сябе ў бяспецы. І, паводле дзяўчыны, адчуванні былі больш камфортныя, чым у Беларусі. Тата з мамай таксама ўсё разумелі і цяпер яны на сувязі кожны дзень. Бацькі бачаць, што ў дачкі ўсе нармальна і самі супакоіліся.

- Канешне, я па ўсіх сумую. Але думаю, што лепш так, чым бы сядзець надалей у турме і не бачыць жыцця.

Што датычыць вяртання дамоў, то дзяўчына кажа, што пакуль пра гэта загадваць нерэальна, паколькі нічога не паказвае на змены ў Беларусі.

- Я пакуль не ўяўляю сітуацыю, што іду свабодна па вуліцы свайго роднага гораду.

А пакуль што, паводле маёй суразмоўніцы, трэба наладжваць свае жыццё, набываць досвед і канешне клапаціцца пра сябе, каб былі рэсурсы ўносіць уклад у перамены і дапамагаць беларусам.

-А яшчэ вельмі хочацца дадаць, што амаль адзінае ва што я нязменна працягваю верыць – гэта салідарнасць. Дапамагаць адзін аднаму, палітзняволеным, тым, хто ўцёк і тым, хто яшчэ там застаецца, рабіць нешта разам, вывучаць і прасоўваць нашу культуру – гэта тое, што зараджае сіламі. Мы ўжо зараз будуем новую Беларусь.

Гутарыў Павел ЗАЛЕСКІ