Беларуская Служба

Украіна ўшаноўвае памяць сваіх абаронцаў

29.08.2023 15:05
Дваццаць дзявятага жніўня ва Украіне адзначаецца Дзень памяці абаронцаў дзяржавы, тых, хто аддаў жыццё за сваю краіну, за мірную будучыню наступных пакаленняў. З пачатку расійскага ўварвання 34 беларусы загінулі, баронячы Украіну.
Аўдыё
  • Дзень памяці абаронцаў Айчына
              .
Украінцы ўшаноўваюць памяць загінуўшага ўкраінскага лётчыка на адпяванні ў Патрыяршым саборы Уваскрасення Хрыстова ў Кіеве. EPA/CATHAL MCNAUGHTON Dostawca: PAP/EPA

Украіна не забывае сваіх абаронцаў і ўсіх, хто змагаўся за яе правы і свабоды. З такімі заявамі сёння выступіла камандаванне Узброеных сіл Украіны ды прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Гэтыя словы прымеркаваныя да Дня памяці абаронцаў Украіны. З 2019 года 29 жніўня ва Украіне ўшаноўваюць памяць загінулых у барацьбе за незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць гэтай дзяржавы. Гэта не адзіны дзень памяці. 16 студзеня адзначаецца дзень памяці абаронцаў Данецкага аэрапорта, а 1 кастрычніка - Дзень абаронцаў і абаронак Украіны.

Выбар жнівенскай даты звязаны з падзеямі 2014 года. Менавіта тады, 29 жніўня, сотні ўкраінскіх абаронцаў паклалі свае жыцці, баронячы незалежнасці пад Ілавайскам. Штогод 29 жніўня ўкраінцы згадваюць не толькі загінулых у Ілавайскай трагедыі, але і ўсіх палеглых абаронцаў Украіны — як на пачатку расійскай агрэсіі, так і падчас цяперашняга поўнамаштабнага ўварвання.

У звароце камандавання УСУ да народу з нагоду Дня памяці абаронцаў гаворыцца пра тое, што Украіна перажывае сёння самае вялікае выпрабаванне ў сваёй найноўшай гісторыі. Увесь украінскі народ змагаецца з расійскім агрэсарам за сваю свабоду, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць і, на жаль, губляе ў гэтай барацьбе сваіх абаронцаў. У цяперашняй вайне мы плацім надзвычай высокую цану, мы павінны прыкласці ўсе намаганні, каб захаваць памяць і шанаваць кожнага, зазначыў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

- Нашая ўдзячнасць тым украінцам і украінкам, якія найбольш адзначыліся ў абароны жыцця ды нашай свабоды. Гэта нашыя ратавальнікі. Дзякую ўсім, хто робіць усё магчымае, каб наш сцяг быў на усё тэрыторыі нашай дзяржавы.

Па сённяшні дзень украінскі бок не раскрывае свае страты ў вайне. Гэта тлумачыцца неабходнасцю ваеннага часу, не называць колькасць загінуўшых. У амерыканскай прэсе падавалася прыкладная лічба ўкраінскіх страт – 70 тысяч загінулых і 120 тысяч параненых. Нягледзячы на вялікія страты, украінцы перамагаюць, яны дэманструюць волю да барацьбы за свабоду, змаглі перанесці вайну на расійскую тэрыторыю, зазначае былы намеснік памочніка міністра абароны па еўрапейскай палітыцы і палітыцы НАТА Джым Таўнсэнд.

- Украінцы паказалі, што Пуцін слабы ды ўразлівы. Гэтаму спрыяе рост атак з Украіны ў дачыненні да расійскіх вайсковых суб’ектаў. Гэта моцнае пасланне з боку Украіны ды Зяленскага, што мы пераносім вайну ў Расію. Гэта сігнал для ўсіх расіян, што яны больш не могуць пачувацца ў бяспецы, каб яны адчулі на сабе, што робіць іх войска і дзяржава ва Украіне. 

Нядаўна прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасмяротна ўзнагародзіў ордэнам Мужнасці трэцяй ступені беларускага воіна Эдуарда Лобава. Эдуард загінуў 26 студзеня ў баях за Угледар. Яму было 34 гады. З пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны загінула 43 беларусы. 9 чалавек у 2014-2020 гг., і 34 чалавекі пасля ўварвання ў лютым 2022 года. «Яны пішуць гісторыю. Яны гонар Беларусі і беларускай нацыі. Яны абралі шлях годнасці і гонару. Яны свядома пайшлі на гэтую вайну, каб абараніць нас і ўвесь свет ад варварскай арды. Мы будзем памятаць і шанаваць іх подзвіг. Мы працягнем іхнюю справу і давядзём яе да канца. Мы адпомсцім за кожнага», гаворыцца ў адозве Палка Каліноўскага на Дзень памяці абаронцаў.

Ушанаваннем памяці загінулых беларусаў займаецца дабрачынны фонд «Вольная Беларусь». Беларусам вельмі важна не забываць сваіх герояў, кажа кіраўнік арганізацыі Аляксей Францкевіч.

- Беларусы аддаюць сваю жыццё за еўрапейскія каштоўнасці, яны бароняць увесь цывілізаваны свет ад райскага барбарства, бо Расія – гэта дзяржава тэрарыст. Мы мусім захаваць памяць беларускіх герояў, каб яны жылі ў сэрцах свабодных беларусаў.

29 жніўня ва Украіне адзначаюць Дзень памяці абаронцаў дзяржавы, якія загінулі ў барацьбе за незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. На сённяшні дзень Украіна перажывае найвялікшае выпрабаванне ў найноўшай гісторыі — узброеную барацьбу за незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць супраць расійскага агрэсара. Паводле ацэнак амерыканскіх экспертаў украінскі бок мог страціць на вайне каля 70 тысяч сваіх салдат. Свае жыцці ў абарону Украіны аддаюць Беларусы. З 2014 года 43 беларусы загінулі, баронячы Украіну.

Юры Ліхтаровіч