Беларуская Служба

Купіў па мяшочку сабе і кожнай з жонак. Арабскі шэйх выдаткаваў кучу грошай на цукеркі ў Закапанэ

02.09.2023 10:35
Арабы не шкадуюць грошай, плацяць за дарагое пражыванне, купляюць самыя дарагія паслугі і пакідаюць салідныя чаявыя ў рэстаранах.
Арабскія турысты ў Закапанэhttps://regiony.tvp.pl/

Сезон у польскіх гарах выглядаў не вельмі добра. Палякі сталі абмінаць Падгалле на поўдні краіны з-за высокіх коштаў. Падаражэлі пражыванне, харчаванне і ўсё іншае. Аднак для арабскіх шэйхаў гэта не перашкода. Ім падабаецца Закапанэ, а мясцовым горцам падабаюцца іхныя грошы – піша gazeta.pl

Арабы не шкадуюць грошай, плацяць за дарагое пражыванне, купляюць самыя дарагія паслугі і пакідаюць салідныя чаявыя ў рэстаранах.

Арабскім шэйхам падабаецца падгаляньскі мёд, купляюць яго цэлымі кардонамі, рахунак у 100 і больш долараў – стандарт.

Але мёд гэта не тое, на што багаты чалавек з Блізкага Усходу выдаткаваў шалёныя грошы. Яму і яго жонкам вельмі спадабаліся цукеркі гэтак званыя «krówki». Арабскі шэйх купіў кожнай жонцы па мяшочку. На гэта ён выдаткаваў 200 долараў. Прадавец быў у шоку.

Шэйхі купляюць усё, што пазначана надпісам «ручная работа». Яны выбіраюць дарагія прадметы высокай якасці.

У чым прычына захаплення арабаў Падгаллем? Караль Вагнер з Татранскай гандлёвай палаты сказаў у інтэрв'ю Money.pl, што ўсё пачалося яшчэ да пандэміі, і цяпер папулярнасць Закапанэ сярод багатых у Дубаі толькі раскручваецца. Яны самі кажуць, што «пластыкавая» культура Захаду ім ужо абрыдла. Фота з Эйфелевай вежы ўжо нікога не захапляе.

Так што можна чакаць, што арабскіх турыстаў у польскіх гарах будзе ўсё больш. Горцы вельмі задаволеныя такім прагнозам.

яс