Беларуская Служба

Пасля 2020-га колькасць студэнтаў-беларусаў у расійскіх ВНУ павялічваецца — гэта адзін з вынікаў ізаляцыі Беларусі

21.09.2023 10:08
Ізаляцыя Беларусі Захадам вядзе да таго, што краіна, яе інстытуцыі ўсё больш патрапляюць у сферу ўплыву Расіі. Пра тое, як гэта адбываецца ў адукацыі, паразмаўлялі з палітолагам, экспертам у адукацыйнай галіне Андрэем Лаўрухіным.
Аўдыё
  • — Я ведаю вельмі шмат людзей, якія дактары навук, прадстаўнікі дакладных навук, з вялікім індэксам цытавання, міжнароднымі сувязямі, досведам, не могуць знайсці сваё месца, — кажа Андрэй Лаўрухін
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneMatej Kastelic/Shutterstock

Слухайце матэрыял цалкам у далучаным файле!

Апошнія гады ў Беларусі назіраецца істотны адток абітурыентаў і студэнтаў. З 2019 па 2022 год на 32,9 тысячы студэнтаў і 1,3 тысячы магістрантаў у Беларусі стала менш. Разам з тым колькасць дзяцей у школах павялічылася прыкладна на 27 тысяч чалавек.

Эксперт у адукацыйнай сферы Андрэй Лаўрухін звяртае ўвагу, што разам з тым з года ў год павялічваецца колькасць студэнтаў-беларусаў у расійскіх ВНУ.

– Пасля пачатку вайны ў лютым 2022 года міграцыя студэнтаў змянілася: каля дзвюх тысяч паехалі вучыцца ў Расію і каля тысячы – у заходнія краіны. У 2023-2024 годзе пакуль афіцыйных лічбаў няма, але па ўскосных дадзеных можна меркаваць, што колькасць тых, хто паехаў вучыцца ў Расію большая, чым на Захад. І гэта найперш звязана з тымі праблемамі, якія ёсць у грамадзян Беларусі як у прадстаўнікоў краіны-агрэсара. Цяпер значна больш складана знайсці фінансавую падтрымку – стыпендыю. Гэта добра бачна па той жа Праграме Каліноўскага. У Расіі, да слова, ёсць вялікая праграма, скіраваная на беларускіх студэнтаў. Па словах кіраўніка Прадстаўніцтва Россупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь (Рускага дома ў Мінску) Юрыя Макушына, колькасць месцаў па квоце для студэнтаў з Беларусі павялічылася ў 18 разоў – з 72 такіх месцы ў 2019 годзе да 1300 у 2023. Дарэчы, у межах Праграмы Каліноўскага прыкладна сто чалавек у год атрымліваюць магчымасць вучыцца ў ВНУ Польшчы, а тут – 1300 чалавек атрымліваюць месца і стыпендыю ад Расійскай Федэрацыі, — адначае Андрэй Лаўрухін.

Яшчэ каля тысячы беларусаў паступаюць у расійскія ВНУ на платнай аснове. Паводле адкрытых дадзеных, у сакавіку 2023 года ў ВНУ Расійскай Федэрацыі навучалася больш за 12,5 тысяч беларусаў.

Паводле адкрытых дадзеных, у сакавіку 2023 года ў ВНУ Расійскай Федэрацыі навучалася больш за 12,5 тысяч беларусаў.

Эксперт вылучае два трэнды ў сферы адукацыі: ізаляцыя з боку краін Захаду і самаізаляцыя Беларусі, дзяржава сама выходзіць з міжнародных дамоваў ад супрацоўніцтве.

Ізаляцыя адбылася ў 2022 годзе пасля пачатку вайны ва Украіне, калі Беларусь спазіцыянавала сябе як краіну-агрэсара, у выніку была выключаная на ўсіх узроўнях адукацыі з міжнародных структураў, якія спрыялі навуковаму, адукацыйнаму абмену, у тым ліку з Балонскай праграмы.

— Былі спыненыя ўсе праграмы міжнароднай падтрымкі. Напрыклад, вялікая праграма ад Сусветнага банку, скіраваная на мадэрнізацыю вышэйшай адукацыі ў Беларусі, на 2022-2025 гады на 109 млн долараў. У сваю чаргу Беларусь выгнала яшчэ раней усе еўрапейскія адукацыйныя інстытуты і прадстаўніцтвы з Беларусі. Красамоўны прыклад – Інстытут Гётэ, Нямецкая служба акадэмічных абменаў DAAD. Таксама адбылося пагаршэнне іміджу Беларусі ў вачах заходніх высокаразвітых краін. Гэта адбіваецца на лёсах канкрэтных асобаў – студэнтаў, выкладчыкаў, на працы ўніверсітэтаў, — са шкадаваннем распавядае суразмоўца.

Эксперт адзначае, што ў заходніх краінах ёсць пэўны ціск з боку грамадства – апасенні, што супраца з людзьмі з Беларусі можа нечым пагражаць іх бяспецы. І знайсці падтрымку тым, хто ўжо за мяжою, цяпер вельмі складана – размова пра навуковыя, даследчыцкія стыпендыі, гранты на навучанне і гэтак далей.

— Я ведаю вельмі шмат людзей, якія з вышэйшай адукацыяй, дактары навук, прадстаўнікі дакладных навук, з вялікім індэксам цытавання, міжнароднымі сувязямі, досведам, не могуць знайсці сваё месца, — кажа Андрэй Лаўрухін. — І знутры краіны не можна выехаць. Калі вы выедзеце і вернецеся, цяпер шмат прыкладаў, калі людзі пачынаюць пісаць, казаць даносы, ведаюць, каму шапнуць на вушка, каб чалавека пазбавілі працы. Гэта ўсе ведаюць. Афіцыйна ніхто цяпер візіты не забараняе, але і да вайны было зразумела, калі нехта ездзіць, напрыклад, у Польшчу ці яшчэ куды, гэта прыцягвала ўвагу. А цяпер дык і ўвогуле такое небяспечна.

Галоўным бенефіцыярам усіх гэтых тэндэнцый з’яўляецца Расія, падкрэслівае эксперт. Паводле яго назіранняў, праекты ў адукацыйнай і навуковай сферы перанакіроўваюцца ў бок РФ. І гэта становіцца безальтэрнатыўным вектарам, бо акадэмічныя абмены, напрыклад, з Кітаем ускладняюцца моўным бар’ерам.

Як прыклад павольнай экспансіі Андрэй Лаўрухін прыводзіць праграму РФ, дзяржкрэдыт на 9 млрд расійскіх рублёў або каля 100 млн долараў на стварэнне і развіццё інжынерна-інавацыйных класаў «Робба». І ў беларукіх школах ужо адкрываюцца такія класы пры падтрымцы Расіі.

вх