Беларуская Служба

У Гданьску распачаўся 11-ты Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі

22.09.2023 15:15
Сёлета важнае для незалежнай даследчыцкай супольнасці мерапрыемства – 11-ты Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі – прымаюць інстытуцыі ў Гданьску.
Аўдыё
  • Дырэктар даследчыцкага інстытуту «Палітычная сфера», палітолаг, ідэйны заснавальнік Кангрэсу Андрэй Казакевіч адзначыў, што сёлета навукоўцы збіраюцца ў складаныя часы выклікаў і перад акадэмічнай супольнасцю, і перад краінаю

І ў гэтым ёсць пэўны сімвалізм – з Гданьску пачаўся шлях Польшчы да свабоды ў 20 стагоддзі. А Беларусь цяпер знаходзіцца ў надзвычай цяжкай сітуацыі несвабоды і вымушаная ў эміграцыі, падполлі захоўваць сваю супольнасць, развіваць даследчыцкія праекты.

Цягам трох дзён даследчыкі з розных сфераў і краін, якія факусуюцца на Беларусі, будуць прэзентаваць свае напрацоўкі, пройдзе шэраг дыскусій, прэзентацыі.

Сёлета шмат увагі будзе нададзена геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне, у праграме прэзентацыя даследаванняў грамадскай думкі, што тычыцца вайны ва Украіне, наконт уздзеяння прапаганды ды інш.

Мэр Гданьска Аляксандра Дулькевіч падчас адкрыцця працы Кангрэса згадала Нобелеўскіх лаўрэатаў, якія шмат зрабілі для міру і дэмакратыі ў рэгіёне, Леха Валенсу і Алеся Бяляцкага, які цяпер не можа прысутнічаць у Гданьску, бо знаходзіцца ў калоніі ў Беларусі. Яна падкрэсліла, што цяпер важны пошук рашэнняў у грамадска-палітычнай сферы для Беларусі і для Еўропы, каб Беларусь змагла вярнуцца ў еўрапейскую сям’ю.
Дэмакратыя патрабуе працы кожны дзень, падкрэсліла Аляксандра Дулькевіч.


Мэр Гданьска Аляксандра Дулькевіч падчас адкрыцця працы Кангрэса. Мэр Гданьска Аляксандра Дулькевіч падчас адкрыцця працы Кангрэса.

Артур Міхальскі, які цяпер з’яўляецца спецыяльным прадстаўніком у супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, заўважыў, што сустрэча адбываецца ў няпросты час: сотні ў турмах, тысячы ў эміграцыі, рэпрэсіі ў той ці іншай форме закранулі значную частку народа. «Людзі, якія сабраліся тут, добра пра гэта ведаюць. Але мы зноў і зноў павінны пра гэта голасна казаць. У 2020 годзе беларусы паказалі свету і найперш сабе, што хочуць быць суб’ектнымі, мець права голасу. Беларусь стала іншай пасля 2020 года. Гэта бачана і па тым, як беларуская эмігранцкая супольнасць адмяжоўваецца ад ідэй СССР, усё гучней заяўляе пра еўрапейскую арыентацыю», – адзначыў Артур Міхальскі.

Ён таксама падкрэсліў, што падтрымка мерапрыемстваў, якія арганізуюць беларусы ў выгнанні, гэта адна з формаў падтрымкі Беларусі.

Томаш Блашчак, доктар навук Універсітэту імя Вітаўта Вялікага ў Коўне, прадстаўнік арганізацыйнага камітэту Кангрэса адзначыў, што першапачаткова гэта навуковае мерапрыемства мела на мэце наладзіць стасункі, у тым ліку сярод даследчыцкай супольнасці, паміж Беларуссю і Літвою. Але за гэтыя гады Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі значна пашырыў сферу скіраванасці, і цяпер аб’ядноўвае навукоўцаў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны ды іншых краін.

Дырэктар даследчыцкага інстытуту «Палітычная сфера», палітолаг, ідэйны заснавальнік Кангрэсу Андрэй Казакевіч адзначыў, што сёлета навукоўцы збіраюцца ў складаныя часы выклікаў і перад акадэмічнай супольнасцю, і перад краінаю, у якой дагэтуль працягваецца палітычнае супрацьстаянне, хвалі міграцыі, расійская агрэсія супраць Украіны, што цалкам змяніла сітуацыю ў Еўропе.

Андрэй Казакевіч прадставіў вынікі сацыялагічнага даследавання, падрыхтаванага з дапамогаю Беларускай аналітычнай майстэрні пад кіраўніцтвам Андрэя Вардамацкага, «Беларуская навука 2023: стан, тэндэнцыі і асноўныя выклікі». Цікава, што апытанне грамадскай думкі ў Беларусі паказала – 56 % рэспандэнтаў мяркуюць, што ў краіне высокі ўзровень развіцця навукі. І толькі 10 працэнтаў мяркуюць, што ўзровень беларускай навукі на нізкім узроўні.

Вобраз індустрыяльнай, развітой краіны, які склаўся яшчэ ў часы БССР, застаецца ў масавай свядомасці па інерцыі. Бо эксперты акурат прытрымліваюцца супрацьлеглага меркавання: ідзе скарачэнне фінансавання, навуковых публікацый, навукова-даследчыцкіх кадраў, колькасці абароненых дысертацый і г.д.
Агулам пар стан навукі добра гавораць лічбы дзяржаўнай падтрымкі. Для параўнання, у Беларусі ў 2022 годзе на падтрымку навукі з бюджэту ішло 0,48 % ад ВУП, а ў Польшчы – 1,44 % ад ВУП.

вх