Беларуская Служба

У Польшчы назіраецца дэпапуляцыя з-за дзвюх негатыўных дэмаграфічных тэндэнцый

09.12.2023 19:25
Барацьбу з негатыўнымі дэмаграфічнымі тэндэнцыямі прайграюць усе польскія ваяводствы.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock/Andrii Yalanskyi

Лічба жыхароў вызначае моц той ці іншай краіны. Нездарма дзяржавы, якія сёння лічацца мацнейшымі ў свеце, могуць пахваліцца вельмі вялікім насельніцтвам. Выданне Forsal.pl піша пра дэпапуляцыю Польшчы. Летась у 95% паветаў краіны быў зафіксаваны адмоўны натуральны прырост.

У Польшчы асабліва дынамічна насельніцтва расло ў першыя гады пасля Другой сусветнай вайны. Чым быў выкліканы рост? Адна з самых папулярных тэорый заключаецца ў тым, што наша жаданне мець больш дзяцей залежаць, між іншым, ад умоў жыцця моладзі. Адным словам, калі ўзровень жыцця дарослых нашмат вышэй, чым у іх дзяцінстве, яны вырашаюць заводзіць больш дзяцей.

У 2021 годзе Польшчу насяляла 37 млн 990 тыс чалавек. Праз год гэтая лічба ўпала да 37,83 мільёна чалавек. Аднак варта памятаць, што гэтая лічба вызначаецца на падставе прапіскі. А многія людзі не выпісваюцца са сваёй старой кватэры, таму гадамі фігуруюць там у статыстыцы, хоць жывуць у іншым месцы, у тым ліку за мяжой. Гэта азначае, што насельніцтва Польшчы на самой справе меншае.

Апошнія гады сталі перыядам накладання двух негатыўных дэмаграфічных тэндэнцый. Па-першае, павялічылася колькасць смерцяў. Гэта выклікана падвышэннем сярэдняга ўзросту палякаў, але перш за ўсё пандэміяй COVID-19. Па-другое, зменшылася нараджальнасць.

Барацьбу з негатыўнымі дэмаграфічнымі тэндэнцыямі прайграюць усе польскія ваяводствы. Найгоршая сітуацыя ў гарадах, дзе летась зафіксавана на 56% больш смерцяў, чым народзінаў. Статыстыка паказвае, што расце колькасць жыхароў вёсак, якія ўваходзяць у найбуйнейшыя агламерацыі, а колькасць жыхароў правінцыйных вёсак змяншаецца.

нг