Беларуская Служба

Удзельніца марафону пісання лістоў у абарону палітвязняў пра Анджэя Пачобута: Гэта герой нашага часу

11.12.2023 14:27
Марафон пісання лістоў – гэта самая буйная міжнародная акцыя ў абарону палітвязняў. 
Аўдыё
  • Марафон пісання лістоў у абарону палітвязняў.
Andrzej Poczobut
Andrzej PoczobutCCTV/kadr z wideo

10 снежня адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. Сёлета гэта ўжо 75-ая гадавіна прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. З гэтае нагоды ў Варшаве адбыўся марафон пісання лістоў у абарону палітвязняў. Кожны жадаючы мог прыйсці, пазнаёміцца з інфармацыяй, прадстаўленай на спецыяльных стэндах, выбраць вязня сумлення, за якога трэба заступіцца, купіць марку на ліст. Сёлета ў рамках цэнтральнага мерапрыемства арганізацыя Amnesty International (АІ) зладзіла таксама дыскусію, прысвечаную самаму вядомаму ў Польшчы беларускаму палітвязню – Анджэю Пачобуту.

Марафон пісання лістоў нарадзіўся ў Польшчы – адзначае дырэктарка АІ Анна Блашчак-Банасяк (Annа Błaszczak-Banasiak).

- Марафон пісання лістоў – гэта самая буйная міжнародная акцыя ў абарону палітвязняў. Варта нагадаць, што гэтая акцыя нарадзілася ў Польшчы больш за 30 гадоў таму. Тады польскія актывісты пачалі пісаць допісы ў розныя краіны, як праваабаронцам, так і самім палітвязням, а таксама патрабаваць іх вызвалення. Мы пішам два віды лістоў. Па-першае, пішам уладам дадзенай краіны, якія могуць прыняць рашэнне па справе канкрэтнага чалавека, а па-другое, пішам лісты самім палітвязням. Гэта дае ім сілу, дае волю змагацца. Мы ўтрымліваем сувязь з нашымі героямі і пазней, і ведаем, паколькі яны самі нам кажуць, што менавіта гэтыя лісты салідарнасці выратавалі ім жыццё. Гэта словы, якія часта паўтараюцца: «вашы лісты дазволілі мне выжыць у турме, вашы лісты далі мне веру ў тое, што мая дзейнасць мела сэнс».

У рамках марафону пісання лістоў адбылася дыскусія, прысвечаная справе журналіста, актывіста Саюза палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута. Непакорлівы журналіст з Гродна добра ведае мясцовыя следчыя ізалятары, яго затрымлівалі не раз, а цяпер ён знаходзіцца ў наваполацкай калоніі, якая лічыцца адной з найгоршых у Беларусі. Перад апошнім затрыманнем у сакавіку 2021 года Пачобут быў актыўным карэспандэнтам польскага ўплывовага выдання «Газета выборча» (Gazeta Wyborcza), перадаваў інфармацыю пра масавыя пратэсты 2020 года, пісаў аб злачынствах рэжыму. Яго арыштавалі ў Дзень волі 25 сакавіка 2021 года, і толькі ў лютым бягучага года ён быў прыгавораны да 8 гадоў зняволення – быццам бы за «распальванне міжнацыянальнай варожасці і дзейнасць на шкоду дзяржавы». Пра свайго калегу распавёў рэдактар GW Барташ Веліньскі (Bartosz Wieliński).

- Ён прайшоў праз пяць ці шэсць турмаў перад тым, як быў аб'яўлены прыгавор, у тым ліку быў у турме ў Жодзіна, якая лічыцца вельмі цяжкім месцам. Беларускія ўлады яму прапанавалі пакаяцца, напісаць прашэнне аб памілаванні да прэзідэнта, але ён адправіў іх куды трэба. За гэта яго заразілі каранавірусам, што дрэнна паўплывала на яго здароўе. Ён сядзеў у турмах, праз якія праходзілі палякі яшчэ ў царскія часы ці падчас сталінскіх рэпрэсій. У Беларусі захавалася практычна сталінская сістэма, калонія – гэта месца, дзе гінуць людзі. Гэта практычна канцлагер. А палітычныя, як Анджэй, часта трапляюць у штрафны ізалятар. У Анджэя праблемы з сэрцам, яму патрэбныя лякарствы, якіх ён не атрымлівае. Таму, верагодней за ўсё, яго стан здароўя пагаршаецца.

Удзельнікі марафону пісання лістоў казалі, што важна нагадваць палітвязням, што яны не адныя, што пра іх не забылі. Міхаліна Граляк (Michalina Gralak) прымае ўдзел у працы фонду «Акцыя: дэмакратыя» у якасці добраахвотніка. Яна шмат гадоў удзельнічала ў марафоне праз інтэрнэт, а сёлета вырашыла прыйсці асабіста, каб, між іншым, паслухаць дыскусію пра важнейшага для Польшчы беларускага палітвязня.

- Падчас марафону закранаецца, між іншым, пытанне Анджэя Пачобута, які сядзіць у беларускай турме зусім беспадстаўна. Таму я вырашыла сюды прыйсці і напісаць ліст. У мяне няма ніякіх сувязяў з Беларуссю і з журналістыкай, акрамя таго, што мой тата быў журналістам. Аднак я заўсёды лічыла, што медыя павінны быць цалкам незалежнымі. Я памятаю СМІ ў ПНР, яны не былі свабоднымі і бачу, як яны змяніліся ў свабоднай Польшчы. На маю думку, незалежныя СМІ – гэта вельмі важна дзеля развіцця грамадства.

Падчас марафону пісання лістоў можна было напісаць ліст у абарону канкрэтнага вязня сумлення і адправіць яго ў дыпламатычнае прадстаўніцтва краіны, у якой ён утрымліваецца ў турме. А можна было таксама напісаць ліст самому вязню. Барбара Туора-Высоцка (Barbara Tuora-Wysocka) так зрабіла.

- Я напісала Анджэю Пачобуту, у лісце згадала, што мы прыкладваем усе намаганні, каб ён выйшаў з турмы і каб былі вызваленыя іншыя вязні сумлення ў Беларусі. Анджэй Пачобут – журналіст, ён таксама змагаўся за правы польскай меншасці ў Беларусі. І за гэта яго пакаралі. Яго абвінавацілі ў дзейнасці на шкоду Беларусі. На маю думку, гэта цалкам абсурднае абвінавачанне. Ён для мяне – герой нашага часу. Значна прасцей было б выбраць свабоду, але на выгнанні. Ён на гэта не пайшоў, і для мяне гэта вельмі каштоўна.

Марафон пісання лістоў у абарону вязняў сумлення ў розных кропках свету адбыўся ў варшаўскім Музеі гісторыі польскіх габрэяў POLIN.

нг