Беларуская Служба

Усе людзі маюць аднолькавыя правы, але некаторыя больш востра адчуваюць сацыяльную несправядлівасць

12.12.2023 19:05
І менавіта гэтае пачуццё кіруе тымі, хто прадпрымае нейкія дзеянні ў абарону правоў чалавека. 
Аўдыё
Amnesty International.
Amnesty International.фота: David Esser/ Shutterstock

75 гадоў існуе Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. У гэтым дакуменце запісана, што ўсе людзі маюць аднолькавыя правы, незалежна ад расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных перакананняў, паходжання, маёмаснага ці іншага становішча.

Усе маюць тыя ж правы, але некаторыя больш востра, чым іншыя, адчуваюць сацыяльную несправядлівасць. Прасцей яе ўбачыць, калі яна датычыць нас саміх, а складаней, калі датычыць іншага чалавека. Тым не менш, тысячы людзей на свеце змагаюцца за правы не толькі ўласныя, але таксама іншых. За парушэннямі сочаць і міжнародныя арганізацыі. Адна з іх – Amnesty International. Гаворыць дырэктарка польскай структуры Анна Блашчак-Банасяк (Annа Błaszczak-Banasiak).

- Нельга сказаць, што мы добра ведаем свае правы. У маім перакананні, самае галоўнае не тое, каб умець напамяць назваць усе міжнародныя дамовы, дэкларацыі, якія рэгулююць правы чалавека і тое, у якіх законах гэта прапісана. Для мяне самае важнае – пачуццё элементарнай справядлівасці, пачуццё, што ўваходзіць у стандарты, а што не. Не абавязкова быць спецыялістам у галіне юрыспрудэнцыі, не трэба быць юрыстам, каб мець пачуццё справядлівасці. На маю думку, гэтае пачуццё ёсць у польскім грамадстве, дарэчы, апошнія гады, масавыя пратэсты паказалі нам гэта на вуліцах польскіх гарадоў. Несумненна, прасцей заўважыць нейкую несправядлівасць, калі яна датычыць нас саміх, а крыху складаней заўважыць яе, калі яна закранае іншых. І таму мяне вельмі цешыць, калі я бачу натоўпы людзей, якія прыйшлі пісаць лісты ў абарону палітвязняў у рамках нашага марафону пісання лістоў. Тым больш у гэты перадсвяточны час, калі людзі занятыя падрыхтоўкай да святаў, набываннем падарункаў. Тое, што так шмат асоб знайшло час і прыйшло напісаць ліст, гэта вельмі ўзрушвае.

Адной з самых вядомых акцый у абарону правоў чалавека, якую ладзіць кожны год АІ, з’яўляецца марафон пісання лістоў у абарону палітвязняў, пра які ўжо згадала наша суразмоўца. Ён праходзіць пад канец лістапада і да 10 снежня, калі адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. Па словах дырэктара арганізацыі, у людзей часта ўзнікаюць сумненні, ці варта звяртацца да аўтарытарных уладаў.

- Пытанне, якое часцей за ўсё гучыць у адносінах марафону – ці гэта мае сэнс. Ці ёсць сэнс пісаць Лукашэнку? Я заўсёды адказваю, што гэта мае сэнс, паколькі няма такіх уладаў, на якія немагчыма паўплываць. Кожны год мы атрымліваем пазітыўныя звесткі пра нашых герояў – пра іх вызваленне, змякчэнне прысуду або паляпшэнне ўмоваў утрымання. Сёлета мы атрымалі добрую інфармацыю пра апраўдальны прысуд, вынесены ў адносінах трох актывістак з Зімбабвэ. У іх абарону мы пісалі лісты летась. Так што гэта вельмі эфектыўная акцыя, якая дазваляе бараніць правы чалавека ва ўсім свеце.

Праваабаронца кажа, што рэдка здараецца пазітыўная рэакцыя з боку ўладаў на нейкі ліст. Гэта і зразумела, ніхто з дыктатараў не лічыць сябе сатрапам, кожны бачыць сябе ў пазітыўным святле. Аднак задача лістоў не заключаецца ў тым, каб пераканаць уладу, што яна парушае правы чалавека, а ў тым, каб пра палітвязняў не забылі і каб той, хто іх зняволіў, разумеў, што хтосьці за іх змагаецца.

- Для нас важна тое, каб нашы героі не былі ананімнымі, каб улады дадзенай дзяржавы ведалі, што тысячы людзей на ўсім свеце назіраюць за дадзенай справай, правяраюць, што адбываецца з канкрэтным чалавекам. Яны ведаюць, што гэты чалавек не можа проста знікнуць і ніхто не заўважыць, паколькі вочы ўсяго свету за гэтым сочаць.

Адносна проста і бяспечна змагацца за свае правы ў дэмакратычнай дзяржаве. Значна складаней там, дзе няма дэмакратыі, вельмі жорсткае права, а за адзін толькі выхад на адзіночны пікет можна атрымаць турэмнае зняволенне. Так справы выглядаюць, напрыклад, у Расіі ці Беларусі, але нават там знаходзяцца людзі, якія выходзяць на пратэсты, хаця гэта, здавалася б, безнадзейная справа.

- Сітуацыя ў Расіі вельмі складаная, і я з вялізным захапленнем гляджу на тых людзей, хто ў Расіі, Беларусі ці Іране мае адвагу змагацца за правы чалавека. Такая дзейнасць усюды звязана з нейкай рызыкай, але нельга параўноўваць яе ў краінах ЕС і ў Расіі ці Беларусі. Там гэтая дзейнасць пагражае смяротным пакараннем. Нават калі няма смяротнага прысуду, дык умовы, у якіх знаходзяцца палітвязні ў турме, пагражаюць іх жыццю. Дарэчы, гэта рызыка таксама для членаў сям’і. Уявіце сабе, якім адважным трэба быць чалавекам, каб у такіх умовах казаць уголас. Дарэчы, год таму мы пісалі лісты ў абарону Сашы Скачыленкі, якую нядаўна прыгаварылі да 7 гадоў зняволення. Яна артыстка, яе пратэст супраць вайны ва Украіне зводзіўся да падмены цэннікаў у крамах, на якіх яна пісала інфармацыю пра вайну. Гэта дэ-факта мастацкая дзейнасць, і за гэта ёй далі 7 гадоў у адной з найгоршых вязніцаў у свеце.

Не лепшая сітуацыя ў Беларусі, дзе, паводле дадзеных праваабаронцаў, каля 1,5 тысячы палітвязняў, а тэрмін можна атрымаць за бел-чырвона-белыя шкарпэткі.

нг

Удзельніца марафону пісання лістоў у абарону палітвязняў пра Анджэя Пачобута: Гэта герой нашага часу

11.12.2023 14:27
Марафон пісання лістоў – гэта самая буйная міжнародная акцыя ў абарону палітвязняў.