Беларуская Служба

90 працэнтаў праваслаўных прыходаў у Польшчы карыстаецца юліянскім календаром

07.01.2024 09:17
Польская аўтакефальная царква выкарыстоўвае юліянскі каляндар для ўстанаўлення дат большасці рэлігійных святаў, у тым ліку і Божага Нараджэння.
.
.Angeleses/pixabay.com/CC0

Паводле дадзеных Польскай праваслаўнай царквы, гэтым календаром карыстаецца больш за 90 працэнтаў праваслаўных прыходаў у краіне. Асабліва ва ўсходняй частцы Польшчы, уключна з Падляшшам, дзе найбольшая канцэнтрацыя праваслаўных у краіне.

Толькі некалькі праваслаўных прыходаў у краіне, галоўным чынам у цэнтральнай і заходняй Польшчы, святкуюць Божае Нараджэнне адначасова з каталікамі – 25 снежня.

Праваслаўнае духавенства адзначае, што юліянскі каляндар нашмат старэйшы за грыгарыянскі, які цяпер распаўсюджаны і выкарыстоўваўся ў першыя стагоддзі хрысціянства. Да 1582 года святочная дата была адзінай для ўсіх. Толькі рэформа папы Грыгорыя XIII, г.зн. замена юліянскага стылю, які выкарыстоўваўся Касцёлам у літургічным годзе, на грыгарыянскі, унесла розніцу.

З-за невялікіх драбнюткіх адрозненняў у працягласці года ў абодвух календарах, якія на працягу стагоддзяў выраслі да некалькіх дзён, даты пастаянных царкоўных святаў па юліянскаму календару ў цяперашні час святкуюцца пазней на трынаццаць дзён.

10 гадоў таму Польская праваслаўная царква фармальна вярнулася да г.зв старога стылю. З 1924 году ПАПЦ афіцыйна выкарыстоўвала т.зв. новы стыль у адносінах з іншымі праваслаўнымі цэрквамі, хоць большасць парафій і так карысталіся ў літургічным годзе юліянскім календаром.

Даваеннае рашэнне Архіерэйскага сабору адпавядала фармальным патрабаванням тагачасных уладаў, але з боку іерархаў не было волі яго рэалізаваць. З гадамі некаторыя парафіі пачалі карыстацца грыгарыянскім календаром, але пераважная большасць засталася ў т.зв. старым стылі.

Каляды паводле т.зв старога стылю святкуюць таксама грэка-каталікі, якія пражываюць, між іншым, на Падкарпацці.

Праваслаўе з'яўляецца другой рэлігіяй у Польшчы па колькасці вернікаў. Іерархі Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ацэньваюць колькасць вернікаў у краіне ў 450-500 тысяч чалавек. У Нацыянальным перапісе насельніцтва ў 2021 годзе пра сваю прыналежнасць да праваслаўнай царквы ў Польшчы заявілі менш за 151,7 тысяч чалавек (пытанне аб веравызнанні было добраахвотным, можна было адмовіцца ад адказу).

Мяркуецца, што найбольшая канцэнтрацыя праваслаўных знаходзіцца ў паўночна-ўсходнім рэгіёне.

ав

Больш на гэтую тэму: Багацце веры