82 гады таму, 9 студзеня 1942 года, у выніку патаплення судна ў Міжземным моры загінуў Ежы Ружыцкі, польскі матэматык і крыптолаг, супрацоўнік вайсковай контрвыведкі. У 1932 годзе разам з Марʼянам Рэеўскім і Генрыкам Жыгальскім Ружыцкі ўзламаў код нямецкай машыны шыфравання «Энігма».
Дасягненне палякаў дапамагала ваенным саюзнікам, у тым ліку ў бітве за Брытанію, падчас бітваў у Атлантыцы і бітве пры Фалезе. Дзякуючы поспехам польскіх крыптолагаў, Другая сусветная вайна скарацілася на 2-3 гады.
Ежы Ружыцкі нарадзіўся ў 1909 годзе, скончыў Познанскі ўніверсітэт па двух спецыяльнасцях – матэматыцы і геаграфіі. У 20 гадоў ён наведваў курс крыпталогіі ва ўніверсітэцкім інстытуце матэматыкі, арганізаваны ваеннай разведкай. Яшчэ падчас вучобы Ружыцкі працаваў ва ўпраўленні шыфраў Другога аддзела Галоўнага штаба Войска Польскага – спачатку ў Познані, а з 1932 г. і да пачатку Другой сусветнай вайны – у Варшаве.
Сярод іншага, ён удзельнічаў у расшыфроўцы кода ВМС Германіі.
У канцы 1932 года разам з Марыянам Рэеўскім і Генрыкам Жыгальскім яны ўзламалі шыфр «Энігмы» і праз год стварылі копію прылады.
У 2014 годзе Міжнароднае таварыства інжынераў (IEEE) уганаравала трох палякаў прэстыжнымі ўзнагародамі «Milestone». Прафесар Рышард Яховіч (пам. 2022) з Варшаўскага тэхналагічнага ўніверсітэту адзначаў, што расшыфроўка «Энігмы» мела вялікае значэнне для сусветнай гісторыі:
- Што гэта значыла? Гэта значыла выратаванне жыццяў сотняў тысяч людзей, выратаванне сотняў суднаў, якія затапілі б нямецкія падводныя лодкі, калі б не было вядома, дзе гэтыя лодкі знаходзяцца. Некаторыя гісторыкі кажуць, што не адбылася б высадка ў Нармандыі, калі б саюзнікі не ведалі перамяшчэння нямецкіх войскаў. Палякі сыгралі вялізарную ролю, якую немагчыма ацаніць.
У пасляваеннай Польшчы дасягненні польскіх крыптолагаў былі сцёртыя з грамадскай памяці, а расшыфроўку «Энігмы» прыпісалі разведвальным службам Вялікабрытаніі. На Захадзе звесткі аб дасягненнях Рэеўскага, Ружыцкага і Жыгальскага хавалі ў сакрэтных архівах. Першыя навіны пра поспех палякаў зʼявіліся ў пачатку 1970-х гадоў, афіцыйна брытанцы прызналі гэта толькі пасля ўступлення Польшчы ў НАТА.
яс