Беларуская Служба

Польскай авіякампаніі LOT - 95 гадоў (ГІСТАРЫЧНЫЯ ЗДЫМКІ)

13.01.2024 06:01
У 1937 годзе білет Варшава-Афіны каштаваў 335 злотых – амаль столькі ж, колькі зарабляў афіцэр Войска Польскага.
Аўдыё
  • Польскай авіякампаніі LOT - 95 гадоў
  Lockheed L-10 Electra   LOT. 1936
Пасажырскі самалёт Lockheed L-10 Electra польскай авіякампаніі LOT. 1936 год Narodowe Archiwum Cyfrowe

29 снежня 1928 года ў выніку аб’яднання прыватных кампаній Aerolot, Aero і Сілезскага авіяцыйнага таварыства была створаная LOT Polish Airlines. Перавозчык пачаў сваю дзейнасць 1 студзеня 1929 года. У першы год працы LOT перавёз 16 тыс. 428 пасажыраў.
Калі Польшча аднавіла незалежнасць, на яе землях было некалькі вайсковых аэрапортаў, якія пакінулі краіны-акупанты. У Варшаве існаваў аэрадром «Поле Макатоўскае», пабудаваны расіянамі ў 1910 годзе.

«У Польшчы не было б грамадзянскай авіяцыі, калі б не бізнес. Гаворка ішла перш за ўсё пра хуткае спалучэнне паміж Познанню і Свабодным горадам Гданьск», – распавёў польскаму агенцтву друку PAP гісторык авіяцыі, доктар гістарычных навук Анджэй Алейка.

Дырэктар LOT Вацлаў Макоўскі з пілотамі авіякампаніі. 1939 год  Дырэктар LOT Вацлаў Макоўскі з пілотамі авіякампаніі. 1939 год

«Сто гадоў таму білеты на самалёт былі вельмі дарагімі і даступнымі толькі для эліты. На такое падарожжа маглі дазволіць сабе толькі людзі, якія былі прымушаныя перамяшчацца вельмі хутка, для каго час адыгрываў вялікую ролю, а выдаткі не мелі значэння: бізнесмены, высокапастаўленыя дзяржаўныя чыноўнікі і афіцэры, часам заможныя турысты», – сказаў гісторык.

Паступова адкрываліся аэрапорты ў іншых польскіх гарадах. У 1921 годзе быў адкрыты аэрапорт у Познані, у 1922-м – у Львове і Кракаве, у 1925-м – у Гдыні і Лодзі, а ў 1932 годзе – у Вільні.

Першыя палёты авіякампаніі LOT, якія мелі месца 1 студзеня 1929 года, адбыліся на трасе з Варшавы ў Быдгашч і з Варшавы ў Катавіцэ.
У канцы 1920 гадоў было прынятае рашэнне аб будаўніцтве новага варшаўскага аэрапорту «Акэнце», які атрымаў назву ад раёну польскай сталіцы. Будаўніцтва паглынула 10 млн тагачасных злотых, што з’яўляецца вялізнай сумай як на тыя часы. Гэта была адна з буйнейшых інвестыцыцый у даваеннай Варшаве. 29 красавіка 1934 года аэрапорт урачыста адкрыў прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі.

У варшаўскім аэрапорце. 1938 год У варшаўскім аэрапорце. 1938 год

Авіякампанія LOT хутка развівала сетку ўнутраных і міжнародных маршрутаў. Так, для прыкладу, на пачатку 1929 году самалёты польскай авіякампаніі лёталі з Варшавы толькі ў Брно і Вену. А ў канцы гэтага ж года з польскай сталіцы можна было паляцець у Афіны, Бухарэст, Сафію, Талін, Хельсінкі, Берлін і Салонікі. У канцы 1930-х гадоў былі адкрытыя рэйсы ў Лондан, Парыж і Бейрут.

А колькі каштавалі білеты на самалёт? У жніўні 1937 года білет Варшава-Афіны каштаваў 335 злотых. У сваю чаргу за палёт па маршруце Варшава-Берлін трэба было заплаціць 105 злотых. Самай таннай прапановай польскага перавозчыка на той момант быў рэйс з Варшавы ў Кракаў – 40 злотых. А вось у Палестыну квіток каштаваў ажно 780 злотых!

Для параўнання: зарплата рабочага ў той час складала 100-120 злотых, афіцэр у Войску Польскім у чыне капітана зарабляў каля 400 злотых, а настаўнік у сярэднім – 210 злотых.

Калі нехта купляў таксама зваротны білет, то атрымліваў 20% скідкі. У кошт білета ўваходзіла ручная паклажа вагою да 15 кг і дастаўка аўтобусам у аэрапорт. На борце LOT было дазволена курыць. У даваенных рэкламных праспектах часта бачныя пасажыры з цыгарэтамі.

Прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі выходзіць з самалёту. 1932 год Прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі выходзіць з самалёту. 1932 год

На пачатку авіяпарк LOT складаўся з 21 самалёта. Гэта былі дастаўленыя з Нідэрландаў паветраныя машыны Fokker F.VIIa/1m і нямецкі Junkers F 13.

Таксама выкарыстоўваліся польскія самалёты PWS-24, PWS-54 і RWD-5. У сярэдзіне 1930-х гадоў флот папоўніўся набытымі ў ЗША самалётамі Junkers Ju-52/3m і Douglas DC-2 B, Lockheed L-10 Electra і Lockheed L-14H Super Electra.

У палёце. Другая палова 1940-х гадоў У палёце. Другая палова 1940-х гадоў

1 верасня 1939 года ў авіякампаніі LOT было 26 самалётаў, у тым ліку 18 выкарыстоўваліся ў рэгулярнай сетцы палётаў. Штат складаўся з 694 супрацоўнікаў, у тым ліку 25 пілотаў і 37 членаў экіпажа. Пасля нападу Германіі на Польшчу 1 верасня 1939 года частка машын была эвакуяваная ў Румынію, астатнія былі знішчаныя падчас авіяналётаў Люфтвафэ.

1 красавіка 1945 году адроджаная пасля вайны авіякампанія LOT пачала выконваць унутраныя рэйсы, а 11 мая таго ж году – міжнародныя. Першым рэйсам быў Варшава-Стакгольм. Праз дзесяцігоддзе быў перавезены мільённы пасажыр. Эпоха трансатлантычных палётаў у ЗША і Канаду пачалася ў 1972 годзе з паступленнем у парк савецкіх дальнемагістральных самалётаў Іл-62.

Варта таксама падкрэсліць, што LOT – адна са старэйшых авіякампаній у Еўропе.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

здымкі: Narodowe Archiwum Cyfrowe 


Больш на гэтую тэму: Машына часу