12 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень пілатуемай касманаўтыкі. Гэта таксама дата нараджэння Славаша Узнаньскага (Sławosz Uznański), навукоўца і інжынера, ён будзе другім у гісторыі палякам, які паляцеў у космас.
Польскі навуковец Славаш Узнаньскі перамог у адборачным туры сярод 22 тысяч кандыдатаў з многіх краін Еўропы. У верасні 2023 года ён далучыўся да Еўрапейскага корпуса астранаўтаў і пачаў навучанне ў іх цэнтры. Узнаньскі абраны запасным астранаўтам Еўрапейскага касмічнага агенцтва (ESA).
Дзіцячыя мары аб космасе
— Космас прысутнічае ў маім жыцці з нараджэння, бо 12 красавіка таксама адзначаецца Міжнародны дзень пілатуемай касманаўтыкі. У дзяцінстве я марыў і думаў пра палёт у космас, — прызнаецца Славаш Узнанскі, інжынер, навуковец, касманаўт. — Аднак было ўражанне, што гэта мара многіх дзяцей, як хлопчыкаў, так і дзяўчынак. Сёння я спадзяюся, што змагу ажыццявіць гэтую мару, бо мары прызначаныя для таго, каб за імі ісці.
Дарога ў Еўрапейскае касмічнае агенцтва
Дзіцячыя мары Славаша Узнаньскага на некаторы час былі адкладзеныя. Пасля заканчэння вучобы ён заняўся даследаваннямі ў сферы касмічнай прамысловасці, хацеў будаваць спадарожнікі, сістэмы для касмічных шатлаў і касмічных станцый.
— Мой шлях у Еўрапейскае касмічнае агенцтва быў доўгім. Я абраў PhD, каб працягнуць навучанне пасля магістратуры. Зрабіў гэта ў Францыі, але ў прамысловай сферы. Я хацеў непасрэдна ствараць сістэмы для касмічнай прамысловасці. Працаваў у буйнейшай еўрапейскай кампаніі па распрацоўцы інтэгральных схем. Гэта тыя маленькія чыпы, якія ёсць ва ўсіх нас у мабільных тэлефонах і камп'ютарах, і я хацеў распрацаваць такія, якія паляцелі б у космас. Так пачалася мая прыгода з космасам, — распавядае госць канала Czwórka.
Славаш Узнаньскі таксама згадвае момант, калі ён упершыню падумаў, што, магчыма, аднойчы будзе працаваць у NASA або ESA (Еўрапейскае касмічнае агенцтва). Гэта было падчас яго першай міжнароднай навуковай канферэнцыі, дзе ён выступіў з двума дакладамі.
— Калі мае калегі з NASA, інжынеры, задавалі мне пытанні і цікавіліся, чым я займаюся, я адчуваў, што маё месца ў космасе можа быць значным.
Палёт у космас — здзяйсненне мары не за гарамі
1 верасня 2023 года польскі касманаўт пачаў працаваць і навучацца ў Еўрапейскім касмічным агенцтве ў якасці касманаўта праекту.
— Для вас і для мяне дата палёту ў космас пакуль невядомая. Я спадзяюся, што гэта перспектыва месяцаў, а не гадоў, — прызнаецца ён. — Палёты ў космас даволі складаныя. Паглядзім, што нас чакае. Калі інфармацыя дойдзе да мяне, яна дойдзе і да вас.
Пачатак працы ў ЕКА быў звязаны з пачаткам навучання і падрыхтоўкі да касмічнай місіі. Што такое падрыхтоўка касманаўтаў?
— Падрыхтоўка выглядае крыху інакш, чым у амерыканскіх фільмах, але ёсць падабенства. Ёсць тут і зусім не кінематаграфічная частка, якая прадугледжвае і сядзенне на занятках, і тэарэтычную падрыхтоўку, і чытанне розных кніжак, — кажа Славаш Узнаньскі. — Я вывучаю многія галіны, якія не з'яўляюцца маёй спецыяльнасцю, такія як біялогія, медыцына, фізіялогія, геалогія і кліматалогія. Касманаўты павінны набыць шырокія агульныя веды. Значная частка падрыхтоўкі таксама ўключае сістэмы, напрыклад, капсулы, ракеты, касмічныя станцыі, веданне таго, як мы выпрацоўваем электрычнасць, як мы пазбаўляемся ад цяпла і як мы кантралюем траекторыю палёту. Гэта вялікая частка інжынерыі, якая з'яўляецца маёй спецыяльнасцю, і гэты занятак даецца мне значна лягчэй.
Падчас падрыхтоўкі касманаўтаў таксама шмат часу адводзіцца практычнай і фізічнай дзейнасці. Касманаўты павінны быць спартыўнымі людзьмі.
— Такіх спартыўных мерапрыемстваў у нас некалькі на тыдзень. Для мяне гэтая частка заўсёды была натуральнай, я трэніраваўся ўсё жыццё, — расказвае Узнаньскі.
Ён распавёў, што патэнцыйныя члены касмічнай праграмы экіпіруюцца спецыяльнымі касцюмамі, падобнымі да тых, што выкарыстоўваюцца на касмічнай станцыі. У басейне яны імітуюць розныя віды рамонту і эксперыментаў.
— Гэта сімуляцыя стану мікрагравітацыі, стану бязважкасці, хоць у басейне прасцей, бо можна адштурхнуцца ад вады, а ў космасе так не атрымліваецца. Стан бязважкасці — мімалётны досвед у сімуляцыі, але пастаянны спадарожнік у космасе. Стан бязважкасці — гэта выклік для чалавечага арганізма.
Палёт у космас, у якім будзе ўдзельнічаць Славаш Узнаньскі, хутчэй за ўсё, будзе доўжыцца два тыдні.
— Такі палёт — кароткатэрміновы касмічны. Мэтаў місіі шмат, у асноўным навуковыя, тэхналагічныя і адукацыйныя, — тлумачыць касманаўт. — З боку нашай краіны за наладжванне кантактаў з ESA адказвае Міністэрства развіцця і тэхналогій. З нашага боку акцэнт, хутчэй за ўсё, будзе зроблены на тэхналогіі, якія з'яўляюцца эканамічна карыснымі для ўсіх нас, каб пабудаваць нашу тэхналагічную будучыню і ў той жа час падштурхнуць нашу касмічную эканоміку да, магчыма, лідараў касмічнага рынку, — кажа Славаш Узнаньскі.
Czwórka/вх