Спорт – гэта важны элемент нашага жыцця, ён прыносіць людзям лепшае фізічнае самаадчуванне, паляпшае настрой і можа даваць вялікае задавальненне ад дасягнутых вынікаў. Таксама шмат карысці ад заняткаў спортам атрымліваюць дзеці. У гэтым ніхто не сумняецца. Аднак спорт можа мець таксама свой негатыўны бок.
Адна з польскіх фундацыяў правяла даследаванні на тэму гвалтоўных паводзінаў у адносінах дзяцей, якія ходзяць на розныя спартыўныя заняткі. У Польшчы такі від гвалту застаецца малапрыкметнай праблемай. Таму веды аб маштабах негатыўнага вопыту юных спартоўцаў абмежаваныя. Рэгулярныя заняткі спортам прыносяць шмат карысці дзецям і станоўча ўплываюць на іх развіццё, але яны таксама звязаныя з рызыкай жорсткага абыходжання і гвалту. Фундацыя «Мы даём дзецям моц» (Fundacja Dajemy Dzieciom Siłę) усебакова даследуе праблематыку гвалту ў адносінах дзяцей, але ўпершыню яна занялася праблемай гвалту ў спорце, – адзначае каардынатар аддзелу даследаванняў фундацыі Шыман Вуйцік (dr Szymon Wójcik).
- На працягу некалькіх апошніх гадоў мы праводзім маніторынг прынцыпаў бяспечных паводзінаў у адносінах дзяцей у розных установах, у тым ліку спартыўных школах. Апытанне пра гвалт у спорце мы праводзілі сярод студэнтаў першых курсаў спартыўных ВНУ. Спыталі, ці ў іх быў досвед гвалту ў дзяцінстве. Мы скарысталіся спецыяльнай анкетай, падрыхтаванай дзеля даследаванняў у Канадзе. Яна ўтрымлівае пытанні, падрыхтаваныя спецыяльна для спартоўцаў – між іншым, ці хтосьці прымушаў іх трэнавацца з кантузіяй або ўжываць допінг. У даследаванні мы бралі пад увагу розныя віды гвалту – фізічнага, псіхалагічнага і сексуальнага.
Даследаванні, праведзеныя ў іншых краінах – Вялікабрытаніі, Бельгіі ці Канадзе – сведчаць аб значным маштабе праблемы гвалту ў адносінах дзяцей, якія займаюцца спортам. Гэта гвалтоўныя паводзіны як трэнераў, так і калег. Таксама ў Польшчы многіх дзяцей датычыць гэтая праблема.
- Калі зірнуць на групу, якая хаця б на адно з пытанняў адказала станоўча, дык акажацца, што яна вельмі вялікая – каля 90% апытаных. Так што амаль усе спазналі на сабе нейкі від гвалту. Часцей за ўсё гэта псіхалагічны, эмацыйны гвалт – амаль 80% з боку іншых спартоўцаў, равеснікаў, і дзве трэція – з боку дарослых. На другім месцы – фізічны гвалт – адна трэцяя адчула яго ад калег і 40% – ад дарослых. І на трэцім месцы – сексуальны гвалт. Трэба адзначыць, што гэта як кантактная, так і безкантактная форма (скажам, каментары з падтэкстам). З такім гвалтам мела дачыненне каля адной трэцяй дзяцей з боку калег і 11% – з боку дарослых. Як бачым, розныя формы гвалту вельмі распаўсюджаныя, таму мы хочам пра гэта казаць.
Што цікава, калі бальшыня апытаных маладых людзей сказалі, што яны спазналі гвалт у дзяцінстве, дык толькі каля адной пятай адказалі, што ім удалося падзяліцца дадзенай праблемай з блізкай асобай. Аказваецца, што бацькі могуць нічога не ведаюць, паколькі дзеці ім пра гэта не гавораць.
- Гэта адна з важнейшых высноў, пра якую вы згадалі. Сапраўды, рашучая меншасць апытаных казалі дарослым пра гэтую праблему. Прычыны могуць быць розныя. Дарэчы, мы пра гэта ведаем з іншых нашых прац, звязаных з даследаваннем гвалту ў адносінах дзяцей – часта здараецца, што бацькі ні пра што не здагадваюцца. А прычыны могуць быць розныя, часам ахвяры перакананыя, што гэта нармальныя паводзіны, што заўсёды так было, таму не трэба нікому казаць. У іншых выпадкаў гэта можа быць боязь, што равеснікі або дарослыя, ад якіх дзіця спазнала гвалт, даведаюцца і могуць помсціць. У крайніх выпадкаў можа быць запужванне дзяцей або маніпуляцыя, каб яны нікому не расказвалі. Так бывае часцей за ўсё ў выпадку сексуальнага гвалту. У спартыўным асяроддзі асабліва складана змагацца з гвалтам, паколькі маладыя спартоўцы моцна ўцягнутыя ў спаборніцтва, часам яны дасягаюць шмат у сваёй галіне. Яны трэнуюцца гадамі, імкнуцца развівацца, ісці далей, удзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах. І можа так здарыцца, што малады спартовец хоча далей трэнавацца ў нейкім спартыўным клубе, дзе ён дасягнуў поспеху, але пры гэтым ён спазнае там нейкія формы гвалту з боку калег ці дарослых. І гэта дылема для маладога чалавека, якую цяжка вырашыць.
Як бацькі могуць заўважыць праблему гвалту ў спорце ў дачыненні сваіх дзяцей? І ці агулам магчымы спорт без гвалту? Пра гэта мы паразмаўляем у сацыяльна-грамадскай рубрыцы праз тыдзень з нашым госцем – доктарам Шыманам Вуйцікам з фундацыі «Мы даём дзецям моц».
нг