Беларуская Служба

27 гадоў таму Польшча трапіла пад удар вялікай вады – «паводка тысячагоддзя» затапіла Уроцлаў (ФОТА + ВІДЭА)

13.07.2024 06:03
Вада затапіла амаль 700 тыс. гектараў паверхні краіны і 1 тыс. 362 населеныя пункты.
Аўдыё
  • 7 гадоў таму Польшча трапіла пад удар вялікай вады – «паводка тысячагоддзя» затапіла Уроцлаў
, 13  1997
Уроцлаў, 13 ліпеня 1997 года PAP/Leszek Wróblewski

12 ліпеня 1997 года кульмінацыйная хваля «паводкі тысячагоддзя» дайшла да Уроцлава. Амаль палова горада знаходзілася пад вадой больш за тыдзень, а месцамі яна даходзіла да другога паверху.

Уроцлаў быў самым вялікім горадам, які трапіў пад удар паводкі. Жыхары бліжэйшых гарадкоў, размешчаных каля Уроцлава, не згадзіліся на тое, каб узарваць супрацьпаводкавыя валы і затапіць свае дамы, што выратавала б горад ад стыхіі.

Жыхары Уроцлава зрабілі ўсё, каб абараніць свае дамы і маёмасць ад вялікай вады. Было падлічана, што насельнікі горада насыпалі да паўмільёна мяшкоў з пяском. Нягледзячы на іх намаганні, амаль палова сталіцы Ніжняй Сілезіі апынулася пад вадой. Былі затопленыя многія раёны.

У змаганні са стыхіяй дапамагала армія    крыніца: PAP/CAF/Hawalej У змаганні са стыхіяй дапамагала армія крыніца: PAP/CAF/Hawalej

Паводкавая вада заставалася ў горадзе восем дзён. У той час ежу і пітную ваду жыхарам дастаўлялі на аўтамабілях-амфібіях і верталётах, якія прызямляліся на дахах дамоў. Вось што перадаваў з месца падзеі карэспандэнт Польскага радыё 27 гадоў таму.

– На жаль, не ўдалося дабрацца да кварталаў па вул. Школьнай. Людзі чакаюць, што ім даставяць ежу. Але няма такой магчымасці, бо цячэнне ўсё яшчэ моцнае. Найгоршая сітуацыя назіраецца паміж жылымі дамамі, дзе вада б’е з вялізнай сілай. На дахах дач, размешчаных у рысе горада, стаяць сабакі і выюць, бо даўно нічога не елі і не пілі.

Вада пашкодзіла частку будынкаў у Старым горадзе Уроцлава. Некаторыя з гістарычных камяніц, якія захаваліся, у тым ліку часткі крэпасці Festung Breslau, прыйшлося знесці пасля паводкі.

Паводка ў 1997 годзе была найбуйнейшым стыхійным бедствам, якое закранула пасляваенную Польшчу. У выніку інтэнсіўных ападкаў дажджу, якія абрынуліся на поўдзень Польшчы, Чэхіі і Аўстрыі на пачатку ліпеня, з берагоў выйшлі шматлікія рэкі, у тым ліку такія паўнаводныя, як Одра. Месцамі выпала да 500 л вады на квадратны метр. На рацэ Одра быў зафіксаваны самы высокі ўзровень вады за ўсю гісторыю назіранняў.

Катастрофа закранула тады 25 з 46 тагачасных ваяводстваў. Амаль 200 тыс. чалавек былі эвакуяваныя. Вада затапіла амаль 700 тыс. гектараў паверхні краіны і 1 тыс. 362 населеныя пункты.

Затоплены гарадскі аўтобус ва Уроцлаве. 14 ліпеня 1997 года   PAP/Leszek Wróblewski Затоплены гарадскі аўтобус ва Уроцлаве. 14 ліпеня 1997 года PAP/Leszek Wróblewski

У выніку паводкі ў Польшчы загінулі 56 чалавек. Страты былі ацэненыя ў 12 млрд тагачасных злотых. 7 тыс. чалавек страцілі свае дамы. Вялікая вада знішчыла або пашкодзіла 680 тыс. кватэр, 4 тыс. мастоў, 613 км супрацьпаводкавых набярэжных валаў і 500 тыс. гектараў сельгасугоддзяў.

вс

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу