Вольга Якубоўская, мастачка з Наваполацка, стала вядомай пасля серыі карцін, якія называюць «Коцікі свабоды». Яна ў эміграцыі, працягвае сваю справу і распавядае, як ёй жывецца і працуецца.
Я рабіла тады тое, што дапамагала мне жыць
Спадарыня Вольга жыве ў Рызе і працягвае займацца творчасцю, ладзіць выставы. Дарэчы, першую выставу з коцікамі мастачка зрабіла ў Познані, куды яе запрасілі сябры Андрэй і Святлана. І вось яна ізноў наведала гэты горад, сваіх сяброў, праўда, без новай выставы. Сціпла прызнаецца, што творчую працу працягвае, у яе шмат задумаў і наперадзе праекты, якія мы яшчэ пабачым.
Цікаўлюся ў спадарыні: ці серыя карцін «Коцікі свабоды» была пікам яе творчасці?
– Я па праўдзе адчуваю сябе такім мастаком, які толькі напачатку свайго творчага шляху. А гэтая серыя працаў атрымалася на самай справе зусім выпадкова. Так здарылася, я не чакала, што мае коцікі стануць папулярнымі. Я рабіла тое, што на той момант мне дапамагала жыць, што мяне лекавала. А потым высветлілася, што і іншым людзям яны дапамагаюць. Мяне прасілі працягваць маляваць, і я працягвала. Цяпер у мяне ёсць некалькі новых накірункаў, з якімі я працую, але пакуль не буду іх здраджваць, бо ўсё яшчэ ў працэсе. Я не адчуваю сябе папулярным мастаком, я проста малюю і выстаўляю ў інтэрнэце свае працы. Калі людзі мяне пазнаюць, то, вядома, гэта прыемна, але я не думаю пра гэта. Я лічу сябе чалавекам, які развіваецца ў творчасці, і ў мяне ёсць іншыя творчыя працы. Тыя, хто ведае мяне даўно, памятаюць, што я заўсёды займалася дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам.
Я таксама адчувала сябе коцікам
Спадарыня распавядае, што ейныя коцікі былі напісаны акрылам, хаця менавіта акрылам яна пачала маляваць толькі ў 2019 годзе, да гэтага перавагу аддавала акварэлі. А яшчэ дадае, што 2020-ы год адкрыў шмат творчых імён, не толькі мастакоў, пра якіх раней ніхто не чуў.
Мы згадваем падзеі 2020-га году, і адчуваецца, як складана разам з усімі мастачка пражыла і прапусціла праз сябе тое, што тады адбывалася. Гэта тэма дагэтуль востра адчувальная. І можна сабе толькі ўявіць, з якімі пачуццямі яна тады малявала гэтыя карціны.
– Я зразумела тады, што праз гэтую тэму найпрасцей весці хроніку тых падзей. Мне пісалі сотні людзей і казалі, што яны адчуваюць сябе тымі коцікамі, якія выйшлі на вуліцы, але нікому нічога дрэннага не зрабілі. Мы не хацелі нічога дрэннага, мы проста выйшлі прагаласаваць згодна з законам. А на нас гэтыя злыя звяры напалі і пабілі палову народу.
– А вы самі тады адчувалі сябе таксама коцікам?
– Так. Я і зараз лічу сябе законапаслухмяным чалавекам, памяркоўнай беларускай, якая зрабіла тое, што патрэбна было зрабіць згодна з законам. Мы прагаласавалі, паверылі Святлане Георгіеўне. І яна наш прэзідэнт – я так лічу, бо за яе прагаласавала большасць народу.
Выстава надалей вандруе там, дзе ёсць беларусы
Што датычыць «Коцікаў свабоды», то выстава пабывала ўжо не толькі ў польскіх гарадах, але і ў Рызе, Манака, Фларэнцыі, Бруселі, Берліне. Цяпер непасрэдна адбываецца ў Даўгаўпілсе, на яе адкрыцці прысутнічала Святлана Ціханоўская.
– Святлана Георгіеўна – вялікая малайчына, бо яна з боку бачыць тое, чаго я сама ў сваіх малюнках нават не заўважаю. І яна, і Сяргей Чалы казалі, што мае працы паказваюць беларусаў такімі, якімі мы ёсць.
Паглядзіце на нас – мы супераўскія, мы чэсныя, прыстойныя людзі. І ў іншых краінах мы можам паказаць сябе такімі, якія мы ёсць. Яна казала пра тое, што ў нас нічога яшчэ не скончылася, што тысячы палітзняволеных у турмах, што краіна знаходзіцца на ўзроўні сусветных катастроф. Нехта хоча прыбраць яе з сусветнага парадку дня, але не атрымліваецца, бо жорсткасці і катаванні нікуды не падзеліся і нічога не змянілася.
Ад’ехаўшы з краіны, я не перастала быць яе часткай
Размаўляючы пра эмігранцкае жыццё, мастачка звяртае ўвагу, што Рыга, дзе яна зараз жыве, вельмі творчы горад, там шмат мастакоў і атмасфера спрыяе для працы. Тым больш, што ўжо запланаваны ўдзел у розных выставах і мерапрыемствах. Цікаўлюся – што цяпер хочацца маляваць ці рабіць нешта творчае?
– Я насамрэч не магу адысці ад гэтага палітычнага парадку дня, бо мы ўсе ў гэтым жывём. Ад’ехаўшы з краіны, я не перастала быць часткай гэтай краіны. Беларусь для мяне родная краіна, і нічога ў гэтым сэнсе не змяняецца. Гэта месца, куды я ўрасла сваімі каранямі. Я люблю гэтую краіну, шаную яе гісторыю, і для мяне і мастацтва, і літаратура, і кіно – усё гэта роднае. І я вельмі хацела б туды вярнуцца. Усе мае працы, якія я б не рабіла і дзе б не рабіла – Беларусь у іх прысутнічае.
«Справа в тому, що я не маю дому»
Што датычыць інтэграцыі ў латышскае грамадства, спадарыня Вольга кажа, што вучыць з мужам латышскую мову, нават здалі першапачатковы экзамен. Ёй хочацца глыбей разумець людзей, з якімі жыве побач, якія шмат у чым дапамаглі. У той самы час бачыць, як многім беларусам не ўдаецца прыжыцца, і яны шукаюць новага месца, часцей за ўсё пераязджаюць у Польшчу.
Цікаўлюся ў спадарыні: чым для яе стала эміграцыя?
– Насамрэч, гэта вельмі цяжкая тэма. Ёсць такая ўкраінская песня, я ўсё хацела зрабіць да яе ілюстрацыю, але, відаць, не саспела: «Справа в тому, що я не маю дому». І як можна патлумачыць некаму, што як бы ты не ўладкаваўся, твой дом застаўся там, і ты не можаш туды патрапіць. І такіх, як я, шмат, бо ўсе, хто тады выехаў, яны пакінулі свае дамы, сваіх родных, сяброў, сваё жыццё. А пачынаеш тут усё з чыстай старонкі. Праўда, тыя, хто там застаўся, таксама атрымалі іншую краіну, ім таксама даводзіцца прызвычайвацца да другіх умоваў. І нават невядома, хто з нас большы эмігрант – мы тут са свабодай ці яны, якія адаптуюцца пад тыя рэаліі. А тая ўлада хоча замазаць усіх, каб усе былі такімі, як сама ўлада. Гэта страшна і сумна, на жаль.
Чым можа дапамагчы мастак? Толькі тым, што можа зрабіць сам
Што датычыць творчых планаў, то зараз спадарыня Вольга ілюструе кнігу латышскага аўтара Карліса Скалбе «Млын коціка», удзельнічае ў праектах, якія прадугледжваюць пазней аўкцыёны, але не кажа пра іх, і абавязкова будзе працягваць серыю «Коцікі свабоды».
– Асноўная тэма маіх працаў – палітзняволеныя, яна ёю і застаецца. Беларусь – краіна, якая церпіць кожны дзень, і нічога ў гэтым плане не змянілася. Я буду маляваць сваю серыю да таго часу, пакуль мае працы будуць радаваць хаця б тых, каму прысвечаныя. Мне дзякуюць людзі за працу, якія становяцца маімі героямі. І мне гэтага дастаткова. Я буду працягваць гэта рабіць. Адначасова з гэтым малюю анёлаў, да прыкладу. Для мяне гэта таксама важная тэма, бо гэта я раблю пераважна для людзей, якія хварэюць на анкалогію. Я малюю гэтыя працы, спадзеючыся, што яны хоць нейкім чынам дапамагаюць ім трымацца ў гэтым жыцці і змагацца з хваробай. Ну бо чым можа дапамагчы мастак? Толькі тым, што можа зрабіць сам...
Павел ЗАЛЕСКІ