Украінскія працаўнікі не бачаць магчымасці для прафесійнага развіцця ў Польшчы, вынікае з даследавання, праведзенага агенцтвам занятасці Progres Group. 29% рэспандэнтаў заявіла, што хутка пакінуць Польшчу. Перш за ўсё пераважаюць адносна маладыя (да 45 гадоў) і адукаваныя (2/3 ведаюць ангельскую мову) мужчыны.
41% удзельнікаў даследавання хочуць пакінуць Польшчу на працягу 1-2 месяцаў. Яшчэ 44% даюць сабе крыху больш часу, але іх планы наўрад ці можна лічыць доўгатэрміновымі, бо яны ахопліваюць адзін год. Аўтары справаздачы зазначаюць, што месцамі эміграцыі звычайна зʼяўляюцца Германія, Іспанія і ЗША, паведамляе польскі партал wp.pl.
Эксперты адзначаюць, што адной з асноўных прычын нежадання замежнікаў заставацца ў Польшчы зʼяўляюцца працяглыя адміністрацыйныя працэдуры па легалізацыі.
Некаторыя краіны Еўропы прапануюць больш хуткія і эфектыўныя спосабы атрымання легалізацыі і працы, а пазней – атрымання грамадзянства. Паводле адмыслоўцаў, выезд замежных працаўнікоў з Польшчы зʼяўляецца негатыўнай зʼявай з эканамічнага пункту гледжання.
З ранейшых даследаванняў вынікае, што ў якасці канчатковай краіны эміграцыі ўкраінцы перш за ўсё выбіраюць Германію. Так, паводле дадзеных Еўрастата, са жніўня 2022 года па жнівень 2023 года ў ФРГ прыбыло 410 тыс. грамадзян Украіны. За гэты ж час з Польшчы выехала ажно 350 тыс. чалавек.
Дарэчы, заробак для ўкраінцаў вельмі важны, бо ў Польшчы іх зарплаты ніжэйшыя за сярэднія па краіне. Паводле дадзеных, большасць украінцаў зарабляе менш за 5 тыс. злотых (каля 1 тыс. 200 еўра) без выліку падаткаў і збораў.
вс