Беларуская Служба

Ад перацягвання каната да брэйк-данса – як змяніліся алімпійскія дысцыпліны

01.08.2024 06:03
Акрамя брэйкінга, у лік новых дысцыплін, якія будуць на Алімпіядзе ў французскай сталіцы, увайшлі сёрфінг, спартыўнае скалалазанне і скейтбордынг.
Аўдыё
  • Ад перацягвання каната да брэйк-данса – як змяніліся алімпійскія дысцыпліны
 -  . , 31  2024
Віндсёрфінг - алімпійская дысцыпліна. Парыж, 31 ліпеня 2024 годаPAP/EPA/SEBASTIEN NOGIER

Праграма кожных Алімпійскіх гульняў можа крыху адрознівацца ад папярэдніх. Па-першае, Міжнародны алімпійскі камітэт часам абнаўляе спіс пастаянных дысцыплін. Па-другое, краіна-гаспадыня з дазволу МАК можа заявіць да шасці дадатковых. Сёння мы раскажам пра новыя віды спорту, якія з'явіліся альбо зʼявяцца ўпершыню або пасля перапынку на Гульнях у 2024, 2026 і 2028 гадах.

І так, сёлета на Алімпіядзе ў Парыжы ўпершыню праходзяць спаборніцтвы па брэйкінгу. Папулярны з 1980-х гадах стыль танца перавандраваў у прафесійны спорт. У кожнага з супернікаў будзе пяць раундаў па хвіліне. Ацэньваюцца кручэнні, сілавыя рухі, заміранні і пераходы, а за падзенні і паўторы суддзі могуць знізіць бал.

Акрамя брэйкінга, у лік новых дысцыплін, якія будуць на Алімпіядзе ў французскай сталіцы, увайшлі сёрфінг, спартыўнае скалалазанне і скейтбордынг. Праўда, яны не зусім новыя, бо ўпершыню трапілі ў праграму Алімпіяды-2020 у Токіа.

Спорт – гэта галіна грамадскага жыцця, якая таксама развіваецца і мяняецца. Многім можа не падабацца, што брэйкінг альбо скейтбордынг трапілі ў лік алімпійскіх дысцыплін, але гэта жэст у бок маладых гледачоў, зазначаюць спецыялісты. Дарэчы, ёсць віды спорту, якія былі выкрасленыя са спісу алімпійскіх. Як здаецца, мала хто ведае, але з 1900 года па 1920 год на Алімпіядзе адбываліся спаборніцтвы ў перацягванні каната.

А што пра новыя алімпійскія дысцыпліны думаюць людзі, звязаныя са спортам? Нашы калегі з Трэцяга каналу Польскага радыё запыталі пра гэта спартоўцаў.

Гаворыць фехтавальшчыца, медалістка чэмпіянату свету Магдалена Пякарска.

- Я лічу, што новыя дысцыпліны – гэта спроба прыцягнуць маладых людзей, напрыклад, скейтбордынг. Можна задаць пытанне: ці для шырокай масы гледачоў – гэта спорт ці стыль жыцця? І ці мы хочам гэта глядзець? Атрымліваецца, што, аднак, хочам, бо гэты від быў унесены ў праграму Гульняў.

Чатырохразовы алімпійскі чэмпіён па спартыўнай хадзе Роберт Кажэнёўскі нагадвае Алімпіяду ў Токіа ў 2000 годзе і параўновае дзве дысцыпліны.

- У Токіа адначасова былі спаборніцвы па скейтбордынгу і фехтаванні. І маім дзецям-падлеткам мне прыходзілася тлумачыць, што гэта за спорт фехтаванне і ў чым ён заключаецца. А па скейтбордынгу ў іх пытанняў не было.

Французскі фехтавальшчык Себасцьян Патрыс   крыніца: PAP/EPA/RONALD WITTEK Французскі фехтавальшчык Себасцьян Патрыс крыніца: PAP/EPA/RONALD WITTEK

Двухразовы алімпіец і чэмпіён Еўропы ў бегу з бар’ерамі на 400 м Павал Янушэўскі ўвядзенне новых алімпійскіх дысцыплін ацэньвае пазітыўна.

- Гэта сведчыць пра тое, што Міжнародны алімпійскі камітэт – не да канца кансерватыўная арганізацыя. МАК дае шанц іншым відам спорту. Такія рухі даюць надзею іншым дысцыплінам, што яны таксама ў будучыні могуць стаць алімпійскімі.

Роберт Кажэнёўскі лічыць, што МАК, захоўваючы ўмераны кансерватызм, адначасова ідзе ў нагу з часам, уводзячы ў алімпійскую праграму новыя віды.

- Я лічу, што МАК павінен быць свайго роду старасвецкім «дзядзькам з вусамі», бо нам падабаецца, што алімпійскі рух крыху кансерватыўны. Сіла руху – гэта традыцыя, адкліканне да антычнага алімпійскага мінулага. Але час ад часу гэты кансерватыўны дзядзька дазваляе сабе на пэўныя свавольствы. Напрыклад, нейкі час таму на алімпіядзе быў бейсбол, у Токіа было каратэ...

У бліжэйшыя гады плануецца ўвядзенне новых алімпійскіх дысцыплін. Для прыкладу, на зімовай Алімпіядзе ў 2026 годзе ў Італіі ўпершыню адбудуцца спаборніцтвы па скі-альпінізме. Гэта спалучаныя гарналыжныя гонкі і альпінізм: праз два гады ў Італіі ўдзельнікі будуць праходзіць трасу не толькі зверху ўніз, але і ў зваротным напрамку. Частка шляху – пешшу або пры дапамозе камусаў, ваўняных стужак для счаплення лыжаў з паверхняй.

Іншая новая алімпійская дысцыпліна – крыкет. Гэта англійскі нацыянальны від спорту, нешта сярэдняе паміж бейсболам і лаптой. У 19 стагоддзі распаўсюдзіўся ў брытанскіх калоніях. Аднойчы крыкет ужо быў на Гульнях: у 1900 году медалі разыгралі Англія і Францыя. У 2028 годзе ў Лос-Анджэлесе напэўна паўдзельнічае больш зборных.

А вось пра сквош чулі многія. Гэта свайго роду «ўрэзаны» тэніс, у якім гульцы таксама бʼюць па мячы па чарзе – але не праз сетку, а пасля яго адскоку ад сцяны. Зʼявіўся больш за 200 гадоў таму ў англійскіх турмах, а ў апошнія гады распаўсюдзіўся на аматарскім узроўні. Цяпер дэбютуе на Алімпіядзе-2028 у Лос-Анджэлесе.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл