Радыёстанцыя «Бліскавіца» (Błyskawica) дзейнічала падчас Варшаўскага паўстання 1944 г.. Першыя словы, якія прагучалі на гэтай радыёстанцыі, былі наступныя:
- Ало, гэта «Бліскавіца»! Вяшчальная станцыя Арміі Краёвай у Варшаве на хвалях 32,8 і 52,1 м. Дух Варшавы цудоўны. Цудоўныя жанчыны Варшавы. Яны ёсць усюды; на перадавой разам з салдатамі або ў ролі медсясцёр ці сувязных. Нават дзеці ажыўлены цудоўным духам адвагі. Вітаю ўсіх свабодалюбівых людзей свету! Вітаю польскіх жаўнераў, якія ваююць у Італіі і Францыі, польскіх лётчыкаў і маракоў, – такімі словамі прывітаў слухачоў першай перадачы на хвалях «Бліскавіцы» дыктар Збігнеў Свентахоўскі.
Арыгінальная радыёстанцыя «Бліскавіца» не захавалася да сёння, але яе рэпліка знаходзіцца ў Музеі Варшаўскага паўстання, кажа кіраўнік аддзялення па абслугоўванні экспазіцыі д-р Шымон Нядзеля (Szymon Niedziela)
- Мы цяпер знаходзімся на другім паверсе музею, які прысвячаецца сувязі і тут знаходзіцца рэпліка радыёстанцыі «Бліскавіца». У ёй засталіся некалькі арыгінальных элементаў. Рэпліку зрабіў адзін і той жа інжынер Антоні Зэмбік (Antoni Zębik) мянушка «Беглы» ў 2004 г. Гэты чалавек канструяваў арыгінальную радыёстанцыю «Бліскавіца» ў палявых умовах дзесьці ў пуні пад Чанстаховай у 1943 годзе.
- Я цягам акупацыі збіраў розныя дэталі, лямпы для маёй будучай радыёстанцыі і падумаў, што я, хіба што адзін на ўсю Генеральную губерню, у каго ёсць такія рэчы, – расказваў тады Антоні Зэмбік.
У 1944 годзе радыёстанцыю прывезлі ў Варшаву ў падпольную кватэру па вуліцы Гуцульскай, адкуль 1 жніўня яе меліся перавесці ў цэнтр горада на вуліцу Мазавецкая. Аднак брычка не змагла даехаць на месца. Радыёстанцыю прыйшлося пакінуць у скрынях, яны не былі шчыльнымі і радыёстанцыя намокла, распавёў Шымон Нядзеля.
– Ноччу з 1-а на 2-а жніўня пайшоў лівень, нават у сярэдзіне вымяральных прыбораў, у амперметрах было да паловы вады. Я стаў усё гэта сушыць, у кабінеце дырэктара банка ПКО паставіў чатыры электрычныя печкі і чатыры вентылятары, усе элементы радыёстанцыі я сушыў двое сутак. Першая трансляцыя ў эфіры адбылася 8-а жніўня, – расказаў інжынер Зэмбік.
Па словах Шымона Нядзелі, радыёстанцыю было выдатна чуваць па ўсёй Еўропе. Яе сігнал даходзіў нават да ўсходняга ўзбярэжжа Злучаных Штатаў Амерыкі. Аднак больш важна было перадаваць камюніке Лондану, дзе знаходзіўся польскі ўрад у эміграцыі. Натуральна, у эфіры «Бліскавіцы» гучалі таксама паведамленні для жыхароў Варшавы.
- Адным з першых загадаў акупантаў была забарона на радыёпрымачы. Падчас паўстання іх не было шмат, аднак людзі, у якіх яны засталіся, выстаўлялі прымачы ў вокнах, каб маглі слухаць таксама суседзі і мінакі. Адна з перадач, якая мне запомнілася назаўсёды, была пра заваяванне гэтак званай ПАСТЫ (шматпавярховы будынак у цэнтры Варшаву, у якім знаходзілася тэлефонная станцыя – рэд.) Усе, хто мог, беглі да бліжэйшага радыёпрымача паслухаць, як паведамляла пра гэта радыёстанцыя «Бліскавіца».
Уражваюць успаміны слухачкі, якія можна пачуць на партале Польскага радыё, прысвечаным Варшаўскаму паўстанню 1944 г.
- Гэта моцна запомнілася, бо пасля пяці гадоў акупацыі, я пачула польскія словы з польскай радыёстанцыі з Варшавы. Мне цяжка расказаць пра гэта словамі. Гэта была ўнутраная эйфарыя, радасць і з'явілася вера, што калі свет пра нас (паўстанцаў, – рэд.) пачуе, то лёс паўстання будзе такім, як мы марылі і чакалі.
На радыёстанцыі «Бліскавіца» рыхтаваліся дзве самастойныя праграмы: Першая праграма Інфармацыі і прапаганды штаба Арміі Краёвай і Другая праграма Польскага радыё.
Перадачы таксама транслявалі на англійскай мове, усяго выйшла 77 такіх перадач. Іх рыхтаваў Ян Новак-Езяранскі (Jan Nowak-Jeziorański), а зачытваў пілот RAF ваенна-паветраных сіл Вялікабрытаніі Джон Уорд. Перадачы вяліся на кароткіх і сярэдніх хвалях, некаторыя з іх былі адрасаваныя салдатам Вермахта.
яс/IAR/Міхал Матус