Беларуская Служба

Беларуская эмігрантка: Лёс складваўся так, што заўсёды былі перашкоды

03.08.2024 07:24
Яе эмігранцкі шлях прайшоў праз Чэхію, Украіну, Грузію, Літву і цяпер яна ў Польшчы. Самае складанае ва ўсім гэтым – быць вымушанай эмігранткай.
Аўдыё
  • Беларуская эмігрантка: Лёс складваўся так, што заўсёды былі перашкоды
.
. Bruno/picabay.com/CC0

Не хацела быць эмігранткай

Аліна да прыезду ў эміграцыю ў Польшчу некалькі гадоў жыла ў Чэхіі, дзе атрымлівала вышэйшую адукацыю. Вучылася па спецыяльнасці кібернетыка і робататэхніка. Праўда, давучыцца і атрымаць дыплом там не ўдалося.

– З-за асабістых прычын вырашыла вярнуцца ў Беларусь. Не хачу ў гэта паглыбляцца, але гэта было звязана са здароўем, з ментальным станам. І наагул зразумела, што не з’яўляюся там часткай грамадства, бо ўвесь час адчувала да сябе стаўленне, як да эмігранткі. А я не хацела быць эмігранткай, хацела вярнуцца ў Беларусь. І калі нешта і хачу рабіць важнае ў жыцці, то буду гэта рабіць для Беларусі. Асабліва на адлегласці пачала адчуваць Беларусь сваім домам.

Я прывыкла заўсёды вучыцца новаму

Другая яе адукацыя была звязана з бізнесам, якую дзяўчына атрымлівала ў Беларусі. Але і тут скончыць навучанне не ўдалося. З-за пераследу яе хлопца з’ехала з ім за мяжу, а калі распачаліся масавыя рэпрэсіі, вяртацца не стала.

Ну вось так, такое жыццё. Гэта дастаткова дзіўна, бо ў мяне яшчэ ёсць нейкі незакрыты гештальт і мне здаецца, што хацела б пайсці ў акадэмічную сферу працаваць. І хочацца яшчэ раз пайсці вучыцца тут у Польшчы. Так склаўся лёс, што заўсёды былі нейкія перашкоды. І я вельмі цяжка іх успрымала, бо была выдатніцай у школе, мне ўсе правалы даваліся вельмі цяжка. Потым зразумела, што і з такіх выпадкаў можна браць для сябе нешта карыснае. І зараз адчуваю перавагу ў тым, што валодаю ведамі з розных галін і мне вельмі лёгка ўлівацца ў розныя працоўныя працэсы. Любая праца лёгка даецца, бо прывыкла заўсёды вучыцца новаму.

Хачу больш ведаць пра гэты свет

Што датычыцца таго, каб паступіць трэці раз, Аліна кажа, што цяпер хацела б атрымаць класічную еўрапейскую адукацыю.

І таму я разглядаю такі напрамак, ён у шмат якіх еўрапейскіх універсітэтах ёсць – гэта класічная еўрапейская адукацыя, калі ты вывучаеш адначасова і мовы, і матэматыку і г.д. Гэтым разам я хачу вучыцца не дзеля атрымання нейкай спецыяльнасці, а хачу ведаць больш пра гэты свет агулам.

Бяссілле – сімвал той траўмы

Дзяўчына вельмі балюча згадвае падзеі 2020 году ў Мінску, хаця за краты не трапляла, але ўбачанае дагэтуль застаецца з ёй.

Мне здаецца, што я і цяпер не магу апрацаваць усё тое, што тады адбылося. Памятаю, што такога жаху, як у той момант, не адчувала ніколі за сваё жыццё і нават зараз, калі ўспамінаю, дрыжыкі праходзяць унутры.

Аліна згадвае, што ў той час адчувала поўнае бяссілле. Жыццё навучыла, што любую праблему можна, калі добра і спакойна падумаць, вырашыць. А ў той сітуацыі выйсця не было, толькі жывёльны страх за сябе і блізкіх.

Калі зараз пра тое думаю, разумею, што гэта была такая калектыўная траўма і пра гэта шмат хто кажа. А я кожны дзень бачу праяўленне гэтага ў розных маленькіх рэчах. Калі цягам дня здарыцца нешта дрэннае, то ўначы будзе сніцца кашмар, звязаны з падзеямі ў Беларусі. Там абавязкова будзе нешта кшталту АМАПу, міліцыі… Гэта такі яркі сімвал траўмы, калі нешта дрэннае правакуе ў цябе гэтыя ўспаміны.

Цяжка, калі не хочаш, а вымушаны

Нягледзячы на тое, што ў Аліны быў досвед эміграцыі, другі раз ёй давялося станавіцца эмігранткай вымушана, і гэта стала для яе нават больш складаным выпрабаваннем, чым першы раз.

– З аднаго боку, было прасцей, бо я ведала, як там некаторыя рэчы працуюць. І мовы ведала англійскую і чэшскую, а таму і польская лягчэй успрымалася. Але з іншага пункту гледжання, калі ты ў сваім свядомым дарослым жыцці не хочаш быць эмігрантам, а вымушаны – гэта цяжка. Ты ізноў адчуваеш бяссілле і не ведаеш, што з гэтым зрабіць.

Але гэта далёка не ўсе складанасці, якія пераследавалі Аліну на яе эмігранцкім шляху.

Ну вось зараз я ў Польшчы, але ў мяне быў вельмі дзіўны шлях. Напачатку я пераехала ва Украіну, потым, яшчэ перад пачаткам вайны, у Грузію. Затым нейкі час жыла ў Літве і толькі потым патрапіла ў Польшчу. У мяне краіны змяніліся адна за другой. І самае цяжкае было зразумець: а я ўвогуле дзе зараз? Памятаю, паўгады ўжо жыла ў Польшчы. Іду па вуліцы, наогул, такі стан дэрэалізацыі, і раптам стоп: а як я тут апынулася, што я тут раблю?

Разумны чалавек заўсёды знойдзе дзе зарабіць

А вось у бытавым жыцці праблем, паводле дзяўчыны, няма. Яна ўсміхаючыся кажа, што не вельмі патрабавальная да бытавых умоваў. І ў адносінах з палякамі ўсё атрымліваецца: ёсць сябры, знаёмыя, ставяцца добра. Цікаўлюся ў яе – у якой з краін, дзе давялося пабыць, чалавек мае найлепшыя магчымасці для жыцця?

– Мне здаецца, разумны чалавек знойдзе для сябе магчымасці паўсюль нармальна жыць. Да прыкладу, я часта бачу выказванні, што ў Беларусі малыя заробкі, але ізноў жа, разумны чалавек заўсёды знойдзе спосаб, як працаваць на замежную кампанію на аддаленні. А што датычыць магчымасцяў – калі б я выбірала дзе вучыцца, то раіла б усім, што гэта лепш рабіць у Еўропе. Я пабачыла, што вучоба там накіравана на тое, каб ты сама вучылася нешта рабіць практычна і каб ведала дзеля чаго гэта робіш. І мне такі падыход да вучобы падабаецца.

Не хачу разрываць сувязь з Беларуссю

Разважаючы пра эміграцыю, Аліна кажа, што самае складанае для яе – адарванасць ад сваіх бацькоў, і з гэтай праблемай яна дагэтуль не можа прымірыцца.

– Я б дакладна хацела вярнуцца. Ёсць, канешне, верагоднасць, што буду шмат пераязджаць, недзе вучыцца, працаваць, але, калі будзе магчымасць, дакладна не хачу разрываць сваю сувязь з Беларуссю. Я б дакладна хацела там жыць.

Павел ЗАЛЕСКІ

слухайце аўдыё