Беларуская Служба

Вайсковыя пракуратуры вядуць ужо дзесяць расследаванняў па фактах перавышэння паўнамоцтваў жаўнерамі на польска-беларускай мяжы

03.08.2024 07:25
Усё больш выпадкаў злоўжыванняў на мяжы.
Дзяржаўная мяжа ПольшчыФота: twitter.com/MON_GOV_PL

Вайсковыя пракуратуры вядуць ужо дзесяць расследаванняў па фактах перавышэння паўнамоцтваў жаўнерамі на польска-беларускай мяжы – піша пятнічная «Rzeczpospolita».

Дзевяць з дзесяці спраў аб злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, у тым ліку некаторыя справы, звязаныя з рызыкай пазбаўлення жыцця і здароўя мігрантаў вайскоўцамі, якія служаць на польска-беларускай мяжы, былі распачатыя сёлета, сведчаць звесткі Нацыянальнай пракуратуры. Летась было распачата толькі адно такое расследаванне.

Пераважная большасць расследаванняў праводзіцца па матэрыялах Памежнай службы, якая адказвае за бяспеку мяжы. Толькі адна справа знаходзіцца ў стадыі разгляду ў дачыненні да двух салдат, астатнія знаходзяцца ў стадыі расследавання, таму нікому не прад'яўлена абвінавачанне.

Усе яны маюць дачыненне да злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 231 Крымінальнага кодэкса (невыкананне абавязкаў, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі) і § 1 арт. 160 Крымінальнага кодэкса (падвярганне небяспецы).

На польскія службы нападаюць арганізаваныя групы, узброеныя рагаткамі, нажамі і дзідамі. Адзін з жаўнераў, 19-гадовы Матэвуш Сітэк, быў забіты ў траўні нажом. Толькі сёлета (дадзеныя да чэрвеня) жаўнеры і функцыянеры Памежнай службы ўжывалі зброю 1300 разоў, пераважная большасць з іх – папераджальныя стрэлы ўверх, год таму – толькі 320 разоў.

Сітуацыя на мяжы прывяла да змяненняў у заканадаўстве, якія дазволілі вайскоўцам ужываць зброю або сродкі прамога прымусу з парушэннем правілаў. Папраўка выключае адказнасць за дзеянні, учыненыя ў выключных абставінах з мэтай адбіцця прамога замаху на жыццё, здароўе ці свабоду – паведамляе пятнічная «Rz».

ав