Беларуская Служба

Беларуска, якая пацярпела ад нападу ў Польшчы: Калі мы будзем замоўчваць, такіх гісторый стане больш

05.08.2024 18:30
Госця нашай студыі – беларуска, на якую адбыўся напад на вуліцы Варшавы. Чаму важна не пускаць такія справы на самацёк, а дамагацца, каб паліцыя прыняла заяву і распачала справу.
Аўдыё
  • Спачатку паліцыя сказала: «Ну, дык самі высветліце асобу нападніка, калі ведаеце, куды ён паехаў».
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock/DarSzach

Слухайце размову ў далучаным файле!

Вольга ў Беларусі працавала ў медыя, была вымушаная з'ехаць са сваёй краіны ў мэтах бяспекі, як, зрэшты, і сотні іншых прадстаўнікоў гэтай сферы. У Польшчы дзяўчына атрымала міжнародную абарону, але бяспечна пачувацца не можа, напрыканцы ліпеня яна стала аб'ектам агрэсіўнага хуліганскага нападу ў цэнтры Варшавы.

— Здарэнне адбылося на вуліцы Бельведэрскай, гэта цэнтр горада. За мной ішоў мужчына  гучна размаўляў па тэлефоне, але словамі, якія ў эфіры не кажуць, то бок шмат лаяўся. Мне падалося, што гэтая агрэсія была скіраваная на мяне, я азірнулася, каб паглядзець, што адбываецца. І пачула ўжо непасрэдна да сябе зварот з лаянкаю, а потым адчула, як ён плюнуў мне ў спіну. Канешне, я задала пытанні, што ён робіць і навошта?!

На што пачула адказ: «Я размаўляю па тэлефоне, цябе гэта не тычыцца, ідзі адсюль!». Канешне, не ў такіх выразах, урэшце ён плюнуў мне ў твар. Усё адбылося як адбылося. Я пачала крычаць на розных мовах аб дапамозе, але людзям было ўсё роўна. Яшчэ перад тым, як плюнуць мне ў твар, ён крычаў «Sperda….aj do Ukrainy!» (у грубай форме «Едзь ва Украіну!» – рэд.). Не ведаю, чаму ён вырашыў, што я з-за ўсходняй мяжы, можа быць, таму што на мне было худзі з надпісам кірыліцаю «Мой родны кут».

Потым я пачала яго здымаць на тэлефон, і, дакладна не памятаю, да гэтага моманту ці пасля, але ён ударыў мяне кулаком у скронь.

Я была ў прастрацыі, трэсліся ногі, гуз на галаве. Спрабавала знайсці таго, хто ўрэшце мне дапаможа выклікаць хуткую і паліцыю. Цікава, што гэты мужчына спакойна некалькі разоў прайшоў туды-сюды па вуліцы, а потым сеў у аўтобус на прыпынку і паехаў.

Урэшце прыехала паліцыя, мяне доўга апытвалі, зрабілі тэст на наяўнасць алкаголю ў крыві. Потым прыехала хуткая і забрала ў шпіталь. Са шпіталю адпусцілі толькі са знаёмым, дактары сказалі, што ў тым стане я не магла ісці адна. Мне выпісалі бальнічны. І гэта цяпер нязручна, бо лета, час адпачынкаў і я мусіла б быць у працы.

— Першапачаткова, калі вы расказвалі пра напад, ён выглядаў ксенафобскім. Што думаеце цяпер?

— Так, але цяпер я не была настолькі ўпэўненай. Урэшце я б хацела, каб кампетэнтныя органы высветлілі акалічнасці дакладна, бо вуліца пасярод Варшавы, ёсць камеры назірання, ды і я сама сфатаграфавала і перадала паліцыі здымак гэтага чалавека.

— У медыя рэгулярна з'яўляюцца паведамленні пра напады, якія выглядаюць ксенафобскімі, але людзі не звяраюцца ў паліцыю.

— Так, сітуацыя выглядае як ксенафобскі выпадак ці хуліганства. Мне расказалі, напрыклад, пра напад на сына, ды і ў медыя на заўтра ж з'явілася паведамленне пра напад на беларуску, але яна змагла даць адпор. У большасці выпадкаў гэта страты здароўю невялікія ці сярэднія. Людзям проста не выгодна гэтым займацца. Табе і так нядобра, мусіш як найхутчэй вярнуцца да нармальнага стану. А тут трэба шукаць справядлівасць, адваката. Ды і справы такія неахвотна распачынаюць, як мне спачатку паліцыя сказала: «Ну, дык самі высветліце асобу нападніка, калі ведаеце, куды ён паехаў».

— У Варшаве ёсць арганізацыя, якая займаецца маніторынгам правапарушэнняў на глебе ксенафобіі (Ośrodek monitorowania zachowań rasistowskich i ksenofobicznych omzrik.pl).

— Так, я звярталася туды. Але адказу пакуль не атрымала. У любым выпадку нямнога хадоў: ісці ў паліцыю, каб напісаць заяву, абавязкова дадаць дакументы з бальніцы. Лічу, што ёсць не толькі страты здароўя, але і маральныя. Пра тое, што можна заявіць пра гэты момант казалі і супрацоўнікі паліцыі. І калі гэтага чалавека знойдуць, я хачу яму таксама прад’явіць пазоў аб маральных стратах.

— Калі людзі сутыкаюцца з падобным, што параіце рабіць? Забываць?

— Не, ні ў якім разе.! Таму што такім чынам спраўджваецца тэорыя “разбітых шыбаў” – калі мы будзем маўчаць пра такія здарэнні, іх стане ўсё больш. Калі ёсць моц і сілы, трэба дабівацца сваёй праўды, гэта дакладна.

Паліцыя прыняла ўрэшце заяву беларускі аб нападзе, а таксама медыцынскія дакументы з бальніцы аб страце здароўя.

вх