Беларуская Служба

Польскае войска вучыць і плаціць. За месяц навучання можна атрымаць 1350 еўра

06.08.2024 14:15
Каб трапіць на вайсковыя зборы, трэба быць грамадзянінам Польшчы старэйшым за 18 гадоў, а таксама мець сярэднюю адукацыю.
Жаўнеры УС Польшчы Фота: Mircea Moira/Shutterstock.com

Працягваецца набор на апошні ў гэтым годзе месячнік летніх збораў у рамках добраахвотнай вайсковай службы. Пасля яго завяршэння кожны рэкрут атрымае па 6 тысяч злотых (1350 еўра). Каб трапіць на вайсковыя зборы трэба быць грамадзянінам Польшчы старэйшым за 18 гадоў, а таксама мець сярэднюю адукацыю, - піша польскі партал forsal.pl.

Адмысловае навучанне ваеннай справе разлічана на 27 дзён. Падчас іх удзельнікі вывучаюць правілы строя, вайсковы ўстаў, асновы валодання зброяй. Пасля завяршэння збораў тыя, хто не адважыцца на службу па кантракце, будуць звольнены ў запас па ўласным жаданні.

Аднак тых, хто захоча звязаць сваю будучыню з арміяй, чакае спецыяльнае навучанне працягласцю да 11 месяцаў, падчас якога рэкруты будуць несці службу і навучацца. Камандзір зможа накіроўваць салдата на выкананне розных задач, каб ён як мага лепш засвоіў асновы ваеннай справы. Па заканчэнні добраахвотнай вайсковай службы жаўнер зможа падаць заяву на залічэнне ў прафесійную армію, тэрытарыяльную абароны або ў рэзерв. Акрамя таго, такія людзі пасля выканання патрабаванняў да дадзенай пасады будуць мець прыярытэт пры працаўладкаванні ў дзяржаўным кіраванні.

Прызыўнікі ва ўзросце да 26 гадоў будуць атрымліваць за ўдзел у навучанні 6000 злотых у месяц. Акрамя таго, яны не панясуць ніякіх іншых выдаткаў: пражыванне і харчаванне забяспечаць Войска Польскае і Міністэрства нацыянальнай абароны.

Калі навабранец вырашыў прайсці 11-месячную спецыялізаваную падрыхтоўку, ён будзе мець права на аплату ў памеры заробку прафесійнага вайскоўца, гэта значыць 4960 злотых брута. На час службы жаўнер будзе забяспечаны жыллём, харчаваннем, уніформай, экіпіроўкай і медстрахоўкай.

эж