Беларуская Служба

Чэмпіянат свету па футболе сярод выхаванцаў дзіцячых дамоў адбудзецца ў Варшаве

08.08.2024 15:30
Агулам у Варшаву для ўдзелу ў турніры прыедзе 250 гульцоў з 27 нацыянальных зборных.
Аўдыё
  • Чэмпіянат свету па футболе сярод выхаванцаў дзіцячых дамоў адбудзецца ў Варшаве
Спортpixaby.com/dimitrisvetsikas1969

У бліжэйшую суботу, 10 жніўня на варшаўскім стадыёне «Легія» адбудзецца ІX Чэмпіянат свету па футболе сярод выхаванцаў дзіцячых дамоў. Акрамя зборнай Польшчы ў турніры згуляюць маладыя футбалісты з Партугаліі, Харватыі, Японіі, Украіны, Латвіі і Мальты. Агулам у Варшаву прыедзе 250 гульцоў з 27 камандаў.

Пасля жараб'ёўкі ўсе зборныя былі падзеленыя на чатыры групы. Польская апынулася ў групе „C”, значыць яна згуляе матчы са зборнымі Тайланда, Славакіі, Харватыі, Эстоніі, Германіі і Індыі.

Трэнер зборнай Польшчы Кшыштаф Кот (Krzysztof Kot) запэўнівае, што форма і настрой у польскай  каманды добрыя:

- У нас вельмі добры настрой. Мы радыя, што ўрэшце сустрэліся і, пасля даўжэйшага перапынку, зноў можам гуляць у футбол і цешыцца – гэта самае важнае. Мы пастаянна рыхтуемся, а вынікі гэтай падрыхтоўкі пакажа турнір.

Словы трэнера падтрымліваюць самі члены польскай зборнай:

- Форма ёсць, настрой таксама. Ёсць і вялікае хваляванне. Мы добра сябе адчуваем разам.

- Я шмат рыхтаваўся раней. Зараз мы таксама рыхтуемся. Форма выдатная, настрой таксама. Мы маем надзею на перамогу ў чэмпіянаце.

Маладыя польскія гульцы не ўпершыню ўдзельнічаюць у Чэмпіянаце свету па футболе сярод выхаванцаў дзіцячых дамоў.

- Я браў удзел у чэмпіянаце ў мінулым годзе, заняў трэцяе месца. Я быў таксама капітанам зборнай і атрымаў узнагароду для найлепшага гульца турніра. Зразумела – гэта вялікія эмоцыі. Па-першае, мы будзем гуляць на прафесійным, буйным стадыёне - не ў кожнага такая нагода. Мы маем шанец пазнаёміцца з многімі сябрамі з іншых краінаў.

Нагадваем, у мінулым годзе польская зборная заняла трэцяе месца. Зараз яна таксама ў групе лідараў, кажа арганізатар IX Чэмпіянату свету па футболе сярод выхаванцаў дзіцячых дамоў, старшыня Асацыяцыі «Надзея на Мундыял» Сільвестар Тшасьнеўскі (Sylwester Trześniewski):

- Польшча сярод лідараў. Падчас жараб’ёўкі, яна бярэцца з першага кошыка. Да гэтай пары кожны раз палякі заваёўвалі медаль. Таму мы трымаем пальцы за нашых гольцоў.

Сільвестар Тшасьнеўскі дадае, што ў чэмпіянаце гаворка ідзе не толькі пра суперніцтва:

- Паводле мяне, галоўная мэта – даць згаданым дзецям шанец і надзею. У іх часта не было мэты ў жыцці ў сувязі з ранейшым траўматычным досведам. У сваю чаргу футбол, магчымасць удзелу ў турнірах, супольнае перажыванне і радасць даюць ім шанец на нармальнае жыццё. Калісьці заснавальнік нашай асацыяцыі сказаў разумную рэч: хопіць паверыць у гэтых дзяцей, а тады яны паказваюць сваю сапраўдную каштоўнасць. Сапраўды, яны выклікаюць такія эмоцыі на турнірах, што, калі нехта не быў, хай шкадуе.

У сваю чаргу трэнер зборнай Польшчы Кшыштаф Кот дадае, што характар ​​і воля да барацьбы з'яўляюцца найважнейшымі рысамі „чырвона-белых”:

- Я іх трэнірую ўжо пяць гадоў і магу сказаць, што ад пачатку ім была характэрнае вялікае жаданне змагацца і сэрца, якое ўкладваюць у матч. Часам нават, калі не хапае майстэрства, то мы кампенсуем гэта характарам. Я заўсёды паўтараю, што можам прайграць матч, але толькі тады, калі мы зрабілі ўсё магчымае, каб перамагчы. Гэта самае важнае, сказаць пасля матчу: я зрабіў усё, што толькі мог.

Заўзятары могуць сачыць за матчамі з 13.00 гадзіны ў суботу. Уваход на стадыён свабодны. Ахвотных чакаюць сюрпрызы, у тым ліку можна будзе пабачыць Суперкубак УЕФА, за які праз тры дні згуляюць «Рэал Мадрыд» і «Аталанта Бергама»

11 жніўня - пасля фіналу чэмпіянату - на стадыёне «Легія» пройдзе паказальны матч. У ім згуляюць былыя гульцы зборнай Польшчы і інтэрнацыянальная каманда выхаванцаў дзіцячых дамоў.

У згаданым матчы згуляюць, між іншым, такія славутыя гульцы польскай зборнай, як: Ежы Дудак, Тамаш Франкоўскі, Мацей Жураўскі, Тамаш Клос, Радаслаў Маеўскі і Дарыюш Дзеканоўскі.

На заканчэнне мерапрыемства на трыбуны будзе ўнесены вялізны торт, вагой больш за 300 кілаграмаў, які можна будзе паспрабаваць.

IAR/кі/аз