Усё дзеля таго, каб вучыць мову і зблізіць нашы народы
Беларусы Іван і Яўгенія раз на два тыдні праводзяць сустрэчы ў памяшканнях фундацыі Barak Kultury, куды запрашаюць беларусаў і палякаў. Там яны вучаць размаўляць па-беларуску, чытаюць вершы, праводзяць гульні і віктарыны, знаёмяцца з беларускім кінематографам, спяваюць песні і проста размаўляюць пра жыццё. Усё гэта робіцца для таго, каб зблізіць палякаў і беларусаў, паглыбіць іх веды аб культуры і гісторыі абодвух народаў.
Нам хацелася сувязі з Беларуссю
Іван з Гомельшчыны, а Жэня паходзіць з Мінску. І, як згадвае Іван, калі прыехалі вучыцца ў Польшчу, самі не размаўлялі па-беларуску.
Іван: "Справа ў тым, што ўсё сваё мінулае жыццё мы размаўлялі па-расейску. І вось гады два таму, будучы студэнтамі, сустрэліся з Жэняй за півам і вырашылі, што трэба пачынаць размаўляць па-беларуску. Тым больш, што пачалася вайна, ды і мы самі за мяжой, і хацелася нейкай сувязі з Беларуссю. Таму мы сталі сустракацца раз на тыдзень, чытаць вершы, спрабаваць проста размаўляць — спачатку гэта было вельмі складана. І недзе праз год мы зразумелі, што гаворым на нармальнай беларускай мове і падумалі, што можна дапамагчы ў гэтым і іншым людзям. Асабліва тым, хто хацеў бы размаўляць па-беларуску, але не мае з кім або не ведае, дзе сабрацца. Таму мы вырашылі заняцца гэтым сур’ёзна."
Пачынаць заўсёды складана
Яўгенія дадае, што місія іх ініцыятывы простая — каб людзі пачалі размаўляць па-беларуску, паколькі, па яе словах, пачынаць гэта даволі складана.
Яўгенія: "Гэта насамрэч вельмі цяжка — пачынаць. Я ў жыцці дагэтуль у большасці выпадкаў размаўляю па-расейску, але ўвесь час імкнуся і з хлопцамі ў кампаніі, і са сваёй сям’ёй размаўляць па-беларуску. І гэта сапраўдная праблема. Напрыклад, мая малодшая сястра, якой 14 гадоў, наогул не разумела па-беларуску, хаця вывучала яе ў школе. Аднойчы мы паехалі ў лес, і я ўвесь час размаўляла з ёй на беларускай мове. І тады яна пачала імкнуцца адказваць таксама па-беларуску і разумець тое, што я ёй казала. Так што гэта вельмі важная місія."
Галоўнае, каб было цікава
З уласнага досведу дзяўчына сведчыць, што для таго, каб дамагчыся нейкіх вынікаў у навучанні мовы, патрэбна, каб сустрэчы заўсёды былі цікавымі. Таму яны ўсё загадзя прадумваюць.
Яўгенія: "Мы прапануем цікавыя гульні і ад пачатку ладзім нашы “вечарочкі” не ў выглядзе навуковых лекцый, а так, каб людзям было весела. І сапраўды, у гульнях людзі хутчэй пачынаюць размаўляць, мы яшчэ робім розныя сцэнкі. Прыкладна 50% часу ў нас ідзе на інтэграцыю беларусаў і палякаў, а яшчэ 50% — імкнёмся размаўляць па-беларуску з беларусамі."
Цікаўлюся, хто наведвае “Viečaročki”?
Іван: "Пакуль да нас прыходзяць прыкладна пятнаццаць чалавек на кожны “вечарочак”. Мы лічым, што гэта добрая лічба, бо ў нас не курсы для сотняў людзей, а проста сустрэчы, дзе людзі могуць паразмаўляць на беларускай мове. Калі мы рыхтуем нейкія гульні ці тэмы, а размова раптам пойдзе ў іншым кірунку, то гэта не страшна — галоўнае, каб людзі гаварылі па-беларуску. Палякі таксама прыходзяць, але, як сказала Жэня, часамі ў нас “вечарочкі” выключна для беларусаў, а часам размаўляем і па-польску. Палякам цікава даведацца больш пра Беларусь, чым яны ведаюць, бо ў нас заўсёды цікавыя тэмы пра знакамітых людзей і падзеі. Такім чынам мы падтрымліваем баланс."
Карэспандэнт: "Што для вас асабіста значыць размаўляць па-беларуску?"
Іван: "Гэта нейкая сувязь з Беларуссю, бо і я, і Жэня не можам вярнуцца ў Беларусь. Я заўважыў, што гэтая сувязь не тое каб губляецца, бо ў мяне там бацькі, родныя, сябры, але ўсё ж цяжка падтрымліваць адносіны. І я заўважыў, што калі пачаў размаўляць па-беларуску, гэтая сувязь нібыта стала мацнейшай. Нават калі пачаў размаўляць па-беларуску з бацькамі і братам, яны таксама пачалі адказваць мне па-беларуску, і цяпер мы ўсе размаўляем між сабой па-беларуску. Мне гэта вельмі падабаецца."
Яўгенія: "Гэта сувязь з Радзімай, з Бацькаўшчынай. Гэта нешта роднае, хатняе. Вось мая сяброўка неяк добра гэта апісала, калі тры гады жыла ў Расеі. Яна казала, што калі пачую беларускую песню, адразу становіцца ўтульна і добра, бо гэта нешта маё, нешта роднае. І наогул, мова фармуе наш розум. Таму гэта вельмі важна."
І Іван, і Яўгенія цяпер не могуць вярнуцца ў Беларусь. Івана адлічылі з універсітэта ў кастрычніку 2020 года за ўдзел у акцыях пратэсту. Яму давялося з’ехаць спачатку ва Украіну, а пазней пераехаць у Польшчу, дзе ён працягнуў навучанне па праграме імя Каліноўскага.
У Яўгеніі іншая гісторыя. З універсітэта, дзе яна навучалася, за ўдзел у пратэстах адлічылі 20 чалавек. Пасля гэтага яе універсітэт перастаў быць яе. У лютым 2021 года яна з’ехала ў Польшчу самастойна і працягнула навучанне па праграме Каліноўскага.
Павел ЗАЛЕСКІ