Беларуская Служба

ААН: У мінулым годзе загінула рэкорднага колькасць гуманітарных супрацоўнікаў

19.08.2024 15:45
Арганізацыя Аб'яднаных Нацый асцерагаецца, што сёлета можа быць пабіты чарговы сумны рэкорд.
Аўдыё
  • Сусветны дзень гуманітарнай дапамогі
Здымак мае ілюстрацыйны характарJacksonDavid /pixabay.com/CC0 Public Domain

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый асудзіла смяротныя напады на гуманітарных супрацоўнікаў у 2023 годзе. Іх было 280. Да згаданага трагічнага рэкорду прычынілася, між іншым, вайна Ізраіля з палестынскім ХАМАС-ам у Сектары Газа.

«Распаўсюджванне гвалту ў дачыненні да гуманітарных супрацоўнікаў і той факт, што ніхто не нясе за гэта адказнасці, недапушчальныя і надзвычай небяспечныя для гуманітарных аперацый ва ўсім свеце», - сказала з нагоды Сусветнага дня гуманітарнай дапамогі, які адзначаецца 19 жніўня, выконваючая абавязкі кіраўніка Упраўлення ААН па каардынацыі гуманітарных пытанняў (англ. United Nations Office for the Coordination of Humanitarian Affairs, OCHA) Джойс Мсуя.

У 2023 годзе гуманітарныя работнікі загінулі у 33 краінах свету. Іх колькасць – 280 чалавек, з'яўляецца рэкордам і складае рост на 123 працэнты ў параўнанні з 2022 годам, калі загінулі 118 чалавек.

«Менавіта таму сёння мы адзначаем Сусветны дзень гуманітарнай дапамогі з цяжкім сэрцам», - кажа Гелена Краеўска(Helena Krajewska) з Польскай гуманітарнай акцыі:

- У мінулым годзе былі забітыя амаль 280 супрацоўнікаў арганізацыяў, якія займаюцца гуманітарнай дапамогай. Чарговыя каля 300 чалавек былі параненыя, пацярпелі ў выніку розных нешчаслівых здарэнняў або былі захопленыя падчас выконвання сваіх абавязкаў. На жаль, колькасць нападаў на супрацоўнікаў гуманітарнай дапамогі расце. У асноўным , гэта тычыцца мясцовых супрацоўнікаў. Усё ж згаданая праца звязаная з многімі паргозамі.

Паводле базы дадзеных бяспекі гуманітарных работнікаў, створанай у 1997 годзе, больш за палову гуманітарных супрацоўнокаў (163), якія загінулі ў мінулым годзе, былі забітыя ў Сектары Газа на працягу першых трох месяцаў вайны паміж Ізраілем і арганізацыяй ХАМАС, галоўным чынам у выніку авіяўдараў.

Як падкрэслівае Якуб Бэліна-Бжазоўскі(Jakub Belina-Brzozowski) з Польскай медыцынскай місіі, людзі ўсё часцей плацяць жыццём за гатоўнасць аказаць дапамогу патрабуючым. Ён асцерагаецца чарговага рэкорду ў бягучым годзе:

- Толькі сёлета, хоць я не ведаю, ці ў дадзеным моманце, гэта яшчэ актуальныя дадзеныя, загінулі 173 супрацоўнікі гуманітарных арганізацый. Такая вялікая колькасць не фіксавалася многія апошнія гады. У асноўным да гэтага зараз прычыняецца ўзброены канфлікт у Сектары Газа, дзе гіне найбольш людзей.

Наступныя два найбольш трагічныя канфлікты па колькасці загінулых сярод гуманітарных супрацоўнікаў адбыліся летась у Паўднёвым Судане і Судане — адпаведна 34 і 25 смяротных ахвяраў.

У групу з 10 краін, дзе загінула больш за ўсё гуманітарных супрацоўнікаў, уваходзяць Ізраіль і Сірыя (па 7), Эфіопія і Украіна (па 6), Самалі (5), Дэмакратычная Рэспубліка Конга і Бірма (па 4).

Таксама ААН папярэджвае, што гэты год можа быць яшчэ больш трагічным. Паводле базы дадзеных бяспекі гуманітарных супрацоўнікаў, са студзеня па 9 жніўня загінулі 176 гуманітарных супрацоўнікаў, у тым ліку 121 на палестынскай тэрыторіі.

Палестынцам у Сектары Газа не хапае ежы, пітной вады і вопраткі. У дзяцей у сектары няма ні цацак, ні лекаў, ні вакцын, нагадаў надоечы ў эфіры Польскага радыё 24 амбасадар Палестыны ў Польшчы Махмуд Халіфа:

- У Сектары Газа няма вопраткі, мыла, няма вады для піцця, падрыхтоўкі ежы і мыцця. Мы патрабуем спынення агню і больш гуманітарнай дапамогі.

Абвастраецца таксама сітуацыя ва Украіне, асабліва ў прыфрантавых раёнах. Людзі патрацілі апошнія зберажэнні, а знайсці працу ўсё цяжэй. Колькасць асобаў, якія патрабуюць дапамогі ў Запарожжы пастаянна расце. Браты альбертыны гадамі пяклі хлеб для малазабяспечаных жыхароў. У цяперашні час вайна ўзмацніла крызіс і манахі больш не ў стане задаволіць самыя неадкладныя патрэбы самастойна, нагадаў надоечы біскуп Ян Сабіла(Jan Sobiło):

 - У законнікаў заканчваюцца фінансавыя фонды. Мукі ўсё менш, а ёй трэба больш за 350 кілаграмаў для выпечкі 1,5 тысячы боханаў хлеба. Між тым, колькасць галодных людзей павялічваецца. Таму я прашу, падтрымайце братоў альбертынаў.

Нагадваем, паводле агульных дадзеных ААН, больш за 300 мільёнаў чалавек у свеце патрабуюць дапамогі. Аднак, гэта праца для адважных людзей, дадае Мацей Дубіцкі(Maciej Dubicki) з Caritas Polska:

 - У нашай арганізацыі таксама ёсць такі трагічны досвед. Гаворка ідзе пра супрацоўнікаў Caritas Jerusalem, якія мелі свой офіс у Сектары Газа. Добра, што ёсць такі дзень і мы можам ушанаваць усіх, якія дапамагаюць таксама з Польшчы.



Сёлета Сусветны дзень гуманітарнай дапамогі праходзіць пад лозунгам #ActForHumanity, гэта значыць «дзейнічай дзеля чалавецтва».

У панядзелак прадстаўнікі розных гуманітарных арганізацый накіруюць сумесны ліст дзяржавам-сябрам ААН з патрабаваннем «спыніць напады на мірных жыхароў, абараніць усіх гуманітарных супрацоўнікаў і прыцягнуць да адказнасці вінаватых», — паведамілі ва Упраўленні ААН па каардынацыі гуманітарных пытанняў, заклікаючы людзей далучыцца да кампаніі ў рамках хэштэг #ActforHumanity.

Міжнародны дзень гуманітарнай дапамогі быў заснаваны Генеральнай Асамблеяй ААН у 2009 годзе. Дзень адзначаецца 19 жніўня, то бок у гадавіну нападу на штаб-кватэру ААН у Багдадзе ў 2003 годзе, у выніку якога загінулі 22 чалавекі, у тым ліку спецпрадстаўнік ААН па Іраку Серджыа Віера ды Мелу, і былі параненыя 150 іншых гуманітарных супрацоўнікаў.

IAR/аз