Паводле дадзеных ААН, колькасць насельніцтва ў свеце расце і ў 2022 годзе яна перавысіла 8 мільярдаў чалавек. Аднак ёсць краіны, насельніцтва якіх імкліва скарачаецца. У гэтую групу ўваходзiць, сярод іншага Польшча, паведамляе Rzeczpospolita.
Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне ЗША ў сваім штогадовым выданні The World Factbook прадставіла дадзеныя аб колькасці насельніцтва 236 краін і тэрыторый. Аналіз паказвае, што для 40 з іх характэрнае значнае скарачэнне насельніцтва. У некаторых выпадках нават больш чым на 1 працэнт у год.
Паводле справаздачы, найбольш хутка насельніцтва скарачаецца на Выспах Кука (Новая Зеландыя), Амерыканскім Самоа (ЗША), Сен-П'ер і Мікелон (Францыя), а таксама ў такіх краінах, як Пуэрта-Рыка, Латвія, Літва, Польшча, Румынія, Эстонія і Мікранэзія.
У Польшчы, паводле ЦРУ, летась змяншэнне насельніцтва склала 1 працэнт. На пачатак 2024 года ў краіне пражывалі 38 мільёнаў чалавек: 18 мільёнаў мужчын і 20 мільёнаў жанчын. Між тым, дадзеныя польскага Галоўнага статыстычнага ўпраўлення сведчаць пра тое, што ў Польшчы пражывае 37,5 мільёна чалавек.
Між тым, насельніцтва скарачаецца таксама ў Расіі, Кітаі, Японіі. У сваю чаргу рост назіраецца ў ЗША, дзе колькасць жыхароў ужо перавышае 330 мільёнаў чалавек. Толькі дзве найбольш густанаселеныя краіны свету - Індыя і Кітай - маюць большую колькасць жыхароў.
Пасля Другой сусветнай вайны насельніцтва ў Польшчы пачало дынамічна расці. З канца 1990-х гадоў да 2021 года насельніцтва Польшчы перавысіла 38 мільёнаў чалавек. Аднак, гэта ўжо неактуальная тэндэнцыя. Зараз дэмографы мяркуюць, што ў 2035 годзе колькасць жыхароў краіны ўпадзе да 36 мільёнаў.
Польскаму грамадству характэрнае старэнне і адмоўная нараджальнасць. Усё больш польскіх сем’яў вырашаюць мець мала дзяцей або зусім адмаўляюцца ад іх. Таксама многія палякі выбіраюць эміграцыю, як для атрымання адукацыі і працаўладкавання, так і з-за больш высокага ўзроўню жыцця за мяжой.
Між тым, змяншэнне колькасці насельніцтва ў асобных краінах можа прывесці да запаволення сацыяльна-эканамічнага развіцця ў будучыні, аслаблення эканомікі, а таксама рэгіянальных дыспрапорцый. Наступствам стане змяншэнне працоўнай сілы і рост эміграцыі ў краіны з больш спрыяльнай дэмаграфічнай сітуацыяй, перасцерагаюць эксперты.
На іх думку, усе краіны з дэмаграфічнымі праблемамі маюць падобныя прычыны змяншэння насельніцтва. У асноўным гэта звязана з устойліва нізкай нараджальнасцю і старэннем.
Прычынай дэмаграфічных праблем таксама з'яўляецца масавая міграцыя, асабліва прыкметная ў краінах Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы. У сваю чаргу ўзброеныя канфлікты не толькі прычыняюцца да росту смяротнасці, але таксама пагаршаюць агульны стан здароўя насельніцтва ў многіх рэгіёнах.
На думку экспертаў, тэндэнцыі да зніжэння колькасці насельніцтва захаваюцца, а нават могуць закрануць больш краін.
аз