Беларуская Служба

«Асобы расійскага супраціву» — выстава пра расіян, якія выступалі супраць пуцінскага рэжыму і трапілі за гэта ў турмы – дабралася да Варшавы

23.08.2024 06:01
Антываенныя актывісты расказваюць пра расіян, якія больш за 20 гадоў змагаюцца за асноўныя грамадзянскія правы, свабоду слова і сумленныя выбары.
Аўдыё
  • «Асобы расійскага супраціву» — выстава пра расіян, якія выступалі супраць пуцінскага рэжыму і трапілі за гэта ў турмы – дабралася да Варшавы
Выстава «Асобы расійскага супраціву»фота: radyjo.net

«Асобы расійскага супраціву» — серыя міжнародных выстаў пра расіян, якія выступалі супраць пуцінскага рэжыму і трапілі за гэта ў турмы – дабралася да Варшавы. Пленэрная выстава працуе у скверы кс.Твардоўскага ў Старым горадзе.

Часта можна пачуць: «расіяне любяць Пуціна», «большасць расіян падтрымлівае вайну», «расіяне не пратэстуюць». Аднак гэта стэрэатыпы, якія паўтараюць людзі, якія не ведаюць рэальнай сітуацыі ў Расіі, пераконваюць аўтары і арганізатары выставы «Асобы расійскага супраціву».

Антываенныя актывісты расказваюць пра расіян, якія больш за 20 гадоў змагаюцца за асноўныя грамадзянскія правы, свабоду слова і сумленныя выбары. А цяпер і супраць расійскай агрэсіі ва Украіне.

«Асобы расійскага супраціву» — гэта не толькі палітыкі, якія адкрыта змагаліся з рэжымам Пуціна. Гэта таксама звычайныя людзі, якія не прымаюць хлусні прапаганды і ўварвання ў суседнюю краіну. Гэта мужчыны і жанчыны, маладыя і сталыя, актывісты, навукоўцы, артысты, студэнты, пенсіянеры. Усе яны апынуліся ў турме на гады, а некаторыя – на дзесяцігоддзі.


Анна Радзіван Анна Радзіван

Паводле звестак «Мемарыяла» і ОВД-інфо, цяпер у Расіі фігурантамі палітычна матываваных крымінальных спраў праходзяць больш за 2900 чалавек. Гаворыць кіраўніца польскага «Мемарыялу» Анна Радзіван:

-На выставе ўсяго 11 партрэтаў палітвязняў – расійскіх, а мы памятаем і пра беларускіх палітвязняў. Гэта толькі 11 чалавека, але ў нас няма поўнай інфармацыі. Мы можам скахаць, што па падліках «Мемарыяла» і ОВД-інфо ў Расіі цяпер 2900 палітычных спраў. Каля 700 чалавек прызнаныя «Мемарыялам» палітзэкамі. Але мы ведаем, што гэта вяршыня айсберга, паколькі няма дадзеных. Мы хочам паказаць, што такіх людзей шмат, што яны пратэстуюць, нягледзячы на тэрор. Гэта таксама наш грамадзянскі абавязак. Нам нельга пра іх забываць. Я сёння згадваю словы Яўгеніі Карамурзы, жонкі апазіцыйнага палітыка Уладзіміра Карамурзы, вызваленага падчас абмену палоннымі. Яна глядзіць на сваіх дзяцей, якія абдымаюцца з бацькам, і не могуць паверыць свайму шчасцю. Але яе шчасце перамешваецца з болем, бо яна згадвае дзяцей Марыі Панамарэнкі, Жэні Бярковіч, дзяцей адвакатаў Навальнага. Яна сказала, што пра іх нельга забываць. Што трэба працаваць і прыкладаць усе намаганні, каб вызваліць гэтых людзей.

.  

Расійскі апазіцыянер з Волагды, завочна арыштаваны Яўген Дамажыраў лічыцца Расіяй здраднікам і агентам. Ён з’ехаў у Польшчу ў 2022 годзе, калі яму пачаў пагражаць арышт за арганізацыю пратэстаў супраць удзелу Расіі ў вайне. Ён кажа, што 15-20% расіян, якія гавораць на кухні пра вайну, баяцца рэпрэсій:

-Сённяшняя выстава сведчанне таму, што ўлада баіцца слова. Каб яна не баялася слова – слова дэпутата Гарынова, слова журналісткі Марыі Панамаровай – яна б не баялася пяці запіканых літар: “не вайне”. На жаль, народ запужаны. Так адбываецца ў дыктатурах, гэта закон дыктатуры, з якім мы нічога не можам зрабіць. Але актыўнай падтрымкі вайны не так шмат. Ёсць, канешне, агалцелыя фашысты і яны на відавоку. Усё ж я думаю, што актыўнай падтрымкі вайны – 10-15%. Самая вялікая небяспека і праблема ў Расіі – гэта абыякавасць. 70% насельніцтва – проста напляваць на вайну, на тое, што адбываецца. Ім хочацца проста жыць і нічога не заўважаць.

Пасля выставы прысутныя маглі паўдзельнічаць у анлайн-сустрэчы з Алегам Арловым, якога вызвалілі з турмы падчас апошняга абмену палоннымі. Выканаўчая дырэктарка польскага «Мемарыялу» Анна Гавіна гаворыць, што Алег Арлоў быў на ўсіх судах Алеся Бяляцкага:

-Яны сябравалі больш за 20 гадоў. Арлоў прыязджаў на ўсе працэсы Бяляцкага ў Мінску. «Мемарыял» заўсёды падкрэслівае, што вязні ў беларускіх турмах таксама важныя і для расійскай апазіцыі. Сёння мы адчыняем выставу пра расійскіх палітзняволеных, але ўжо 6 верасня мы арганізоўваем сустрэчы, на якой будзем расказваць пра беларускіх вязняў, і ўкраінскіх палонных у расійскіх турмах.

Выстава «Асобы расійскага супраціву» наведала многія еўрапейскія краіны, была ў Паўночнай Амерыцы, Аўстраліі. Бліжэйшым часам будзе паказана ў Вене, Будапешце, Гаазе.

ав

слухайце аўдыё


. 
.