Мясцовым жыхарам даводзіцца распавядаць, што Польшча – гэта не толькі каталікі ды палякі, але нашмат больш.
Падляшша ў Польшчы – гэта разнародны рэгіён, тут здаўна жывуць побач, палякі, беларусы, украінцы, праваслаўныя, каталікі. Падляшша – гэта рэгіён шматлікіх тоеснасцяў. Пра тое, як сёння выглядае гэтая шматэтнічнасць, шматмоўнасць і шматтоеснасць рэгіёну мы паразмаўлялі з журналісткай, антрапаолагам ды ўладальніцай аграсядзібы Паўлінай Сегень.
На якіх мовах размаўляюць сёння на Падляшшы? Ці надалей гаворыць, як тут кажуць, па-свойму?
- Па-свойму гавораць, яшчэ і дзяцей вучаць. У Беларускім ліцэі ў Гайнаўцы дзеці вучаць беларускую літаратурную мову, але на вёсках людзі па-свойму гавораць.
Ці толькі старэйшае пакаленне так гаворыць, ці моладзь таксама?
- Па-рознаму, што да мову, усё залежыць не ад узросту, а ад сям’і. Калі ў сям’і гавораць, то і маладыя будуць гаварыць.
Чуў гісторыю сям'і з Палесся дзе, адзін з бацькоў каталік, а другі – праваслаўны, дзяцей хрысцяць так жа: адно ў праваслаўным абрадзе, а другое – у каталіцкім. Ці тут таксама такое здараецца?
- Цікавы кампраміс, напэўна здараецца. Мяшаныя пары тут ёсць таксама. Але ў нашым Гайнаўскім павеце, праваслаўныя складаюць большасць жыхароў, не меншасць.
Як рэагуюць на культурную адметнасць рэгіёна палякі, які прыязджаюць да вас адпачываць?
- Вельмі файна рэагуюць людзі з Сілезіі. Ім тлумачыш, што мы тут жывём беларусы на Падляшшы, маем царкву, гаворым па-свойму. Яны кажуць, што ўсё зразумела. Людзі з Цэнтральнай Польшчы, з Мазоўша, з Лодзінскага ваяводства, спачатку дзівяцца: як гэта, а чаму, адкуль праваслаўныя, чаму беларусы, калі тут Польшча. Чаму не па-польску? Я кажу, што тут усе па-польску гавораць. Але, калі не трэба, тады гавораць па-свойму: паміж сабой, ці на вёсцы, нават ва ўстанове. У нашай управе ў Дубічах можна спакойна па-свойму гаварыць, гэта нармальная справа. Трэба ім тлумачыць, што Польшча – гэта не толькі палякі ды католікі, што Польшча гэта крыху больш складаная краіна.
Ці ёсць у Вас магчымасць развіваць сваю культуру?
- Практычна ў кожнай гміне ёсць свой мясцовы гурт. Увесь час карыстаюцца папулярнасцю конкурсы беларускай песні, фестывалі, дзе людзі збіраюцца, каб разам практыкаваць сваю культуру. Затое з адукацыяй, на жаль, маем вялікую праблему. Папярэдні ды цяперашнія ўрады, здаецца, маюць намер дэмантаваць адукацыю па-беларуску для меншасці ў тым фармаце, якім яна традыцыйна існавала апошнія 80 год. Толькі ў Гайнаўцы застаецца беларускі ліцэй, затое ў Бельску знікае беларуская мова, яна перастае там быць абавязковай. Ён становіцца звычайным ліцэем, дзе беларускую будуць вучыць па жаданні як дадатковую. У Гайнаўцы настроі больш рашучыя: бацькі, педагагічная рады ды староства імкнуцца захаваць характар школы, не пагаджаюцца з рашэннямі зверху. Магчыма справа дойдзе да суду. Пакуль мы не бачым добрай волі з боку міністэрства, якое не зусім хоча разумець сітуацыю меншасці.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч