Беларуская Служба

Іх творы трэба чытаць, бо гэта тое, што нас робіць беларусамі

28.10.2024 16:18
Познаньскі беларускі размоўны клуб адзначыў чарговую гадавіну «Ночы расстраляных паэтаў».
ПознаньAutorstwa Stanisław Szewczyk - Praca własna, CC BY 3.0, commons.wikimedia.org

Удзельнікі ўзгадвалі беларускія літаратурныя аб’яднанні «Маладняк», «Узвышша», «Полымя» і іншыя. Яны падрабязна абмеркавалі творчасць трох аўтараў: Артура Вольнага, Міхася Зарэцкага, Лявона Калюгі.

Цытавалі іх творы, аналізавалі, выказвалі свае думкі, часам спрачаліся, гаварылі пра значэнне маладых беларускіх аўтараў з 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя.

Адна з арганізатарак і вядучая, спадарыня Валянціна, заўважыла, што, на жаль, у школьнай праграме яна не магла пазнаёміцца з іх творчасцю, але цяпер, прачытаўшы некаторыя кнігі, зразумела, што іх абавязкова трэба чытаць.

— Да гэтага я была на некалькіх мерапрыемствах, прысвечаных «Ночы расстраляных паэтаў». І звычайна ты слухаеш вершы і крыху сумуеш па тых падзеях. Магчыма, гэта маё асабістае ўспрыманне. А сёлета, можа, на мяне нешта паўплывала, і я зразумела, што варта глыбей вывучаць іх творы, пашыраць веды, бо яны вельмі цікавыя і, на маю думку, вельмі наватарскія. І перш за ўсё карысна іх чытаць для самаразвіцця. Вось гэта я адчула падчас падрыхтоўкі да вечарыны.

Спадарыня Алена лічыць, што беларусы павінны абавязкова ведаць тую спадчыну, якую нам пакінулі літаратары пачатку ХХ стагоддзя.

— Канешне, гэта вельмі трагічны момант у гісторыі нашага народу, але ім быў адведзены пэўны час, і за гэты невялікі прамежак яны здолелі шмат зрабіць, змаглі ім скарыстацца. І я лічу, што гэта спадчына ў нечым падобная да спадчыны Багдановіча, дакладней, яе працяг. Яму таксама было адведзена мала часу, праўда, па іншай прычыне. І тут можна правесці пэўную паралель з «расстралянымі паэтамі», якія таксама здолелі рэалізавацца.

Спадарыня Ніна заўважае, што, на жаль, толькі ў эміграцыі адкрыла для сябе творчасць «расстраляных паэтаў».

— Я ведала пра «Ноч расстраляных паэтаў», бо чытала пра гэта ў Ганны Севярынец, але творчасць саміх паэтаў не ведала і толькі цяпер для сябе яе адкрываю. Уражанне такое, што трэба чытаць. Гэта тое, што нас робіць беларусамі. Для мяне гэта так.

Спадарыня Юля дзеліцца сваімі ўражаннямі ад прачытанага.

— Мяне часам вельмі ўражвае глыбіня думкі многіх з іх, хаця яны яшчэ былі зусім маладымі людзьмі. І вельмі шкада, што яны не змаглі працягнуць сваю творчасць, бо мы не атрымалі вялікага культурнага пласта, які маглі б атрымаць.

А вось спадарыня Святлана распавядае, што гэта быў час, калі беларуская літаратура пачынала свой шлях у сусветную літаратуру.

— Гэта было намацванне сябе, сваёй ідэнтычнасці. Тое, што яны адчувалі падчас тых вялікіх грамадскіх зменаў,  — яны гэта транслявалі. І, дарэчы, мы можам нават параўноўваць гэта з тым, што самі адчуваем падчас грамадскіх зменаў. Магчыма, таму нам так адгукаецца гэтая літаратура. Яна важная для нас тым, што мы бачым, што адчувае чалавек, калі з’яўляецца ў такія часы перамен. Гэта самы пачатак нашага літаратурнага шляху, і, магчыма, ён не можа быць ацэнены на ўзроўні сусветных літаратараў. Але гэта толькі таму, што яны не паспелі шмат чаго напісаць. Яны былі першымі, хто паказаў свету голас беларускай літаратуры.

Спадар Раман таксама з тых, хто толькі цяпер пазнаёміўся з творчасцю «расстраляных паэтаў».

— Сёння мы абмяркоўвалі апавяданне «Голы звер» Міхася Зарэцкага — мне вельмі спадабалася. І ўвогуле цікава было чытаць творы таго часу і ўяўляць людзей, якія жылі тады, іх думкі, учынкі, абставіны. Сумна толькі тое, што так усё скончылася…

Спадар Андрэй дадае, што, на жаль, пісьменнікі і паэты таго часу не ўшанаваны належным чынам у Беларусі. Іх няма ў школьных падручніках, няма вуліц у гарадах з іх імёнамі.

— Яны частка таго ланцуга, які прывёў нас да таго, што мы ёсць беларусамі, што мы збіраемся і абмяркоўваем іх творчасць. На жаль, у наш час толькі асобныя людзі ўшаноўваюць іх творчасць, а не дзяржава, як павінна быць. Гэта, канешне, недастаткова, але і нямала.

Спадарыня Наталля перакананая, што ў яе жыцці творчасць «расстраляных паэтаў» займае важнае месца.

— Напэўна, самае галоўнае, што яны падрыхтавалі для мяне беларушчыну, захавалі яе. Калі б не яны, то, напэўна, і мовы не было б, і я шмат чаго не ведала б, не было б і руху беларускага нават у 2020 годзе. Для мяне яны захавалі тое, кім я зараз з’яўляюся.

Святаслаў, які яшчэ толькі студэнт, прысвяціў верш «расстраляным паэтам». Цытуе першыя радкі:

У цёмных змрочных сутарэннях,
Куды не трапіць луч святла, —
Занята роздумам душа.
Чаму стаяць мне на каленях?
У прадсмяротных тых імгненнях,
Куды ты, доля, прывяла…

Спадарыня Вольга з жалем адзначае, што ўсе тыя таленавітыя людзі, на жаль, не мелі выбару. Яна параўноўвае гэта са сваім лёсам, бо ў 2020 годзе мела магчымасць з’ехаць.

— Але яны назаўсёды засталіся ў нашай свядомасці, у нашай памяці героямі, сапраўднымі беларусамі. І ў нашай літаратуры яны пакінулі вялікі скарб для нашчадкаў.

 Павел ЗАЛЕСКІ

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы