40% палякаў баяцца магчымасці прыходу вайны з Украіны ў Польшчу, а 63% хочуць абмежаваць дапамогу ўкраінскім бежанцам – такія вынікі апытання European National Panels, якія друкуе выданне Rzeczpospolita. У рамках даследавання былі апытаныя 728 удзельнікаў з 14 па 18 кастрычніка.
Найбольшая боязь палякаў - гэта магчымасць пераносу вайны з Украіны ў Польшчу. Пры гэтым, 36 адсоткаў апытаных баяцца росту коштаў і росту інфляцыі, а 28 адсоткаў - выкарыстання Расіяй ядзернай зброі ва Украіне. Акрамя таго, вялікую занепакоенасць выклікае павелічэнне колькасці мігрантаў з Афрыкі і Азіі, якія спрабуюць трапіць у Польшчу (26%) і рост хвалі бежанцаў з Украіны (23%).
Калі гаворка ідзе пра падтрымку бежанцаў з Украіне, то амаль тры чацвёртыя згодныя, каб гуманітарная дапамога аказвалася людзям, якія пацярпелі ад вайны, для 70% неабходна ўвесці эканамічныя санкцыі ў дачыненні расійскага ўрада, кампаній і фізічных асоб, 63 адсоткі хочуць забараніць вяшчанне ў Польшчы расійскіх дзяржаўных СМІ.
У сваю чаргу, таксама 63% апытаных хацелі б абмежаваць дапамогу ўкраінскім бежанцам – прымаць толькі тых, хто пражываў у зоне баявых дзеянняў або з’ехаў з акупаванай тэрыторыі. Менш апытаных хацелі б аказаць фінансавую дапамогу Украіне (40%), надаць Украіне статус краіны-кандыдата ў ЕС (44%).
У каментары Міхал Шулджыньскі (Michał Szułdrzyński) піша, што палякі зразумелі: канец гісторыі быў даўно, а цяпер свет перастаў быць прыязным і надзейным месцам для жыцця. Сёння няма нічога немагчымага, таму палякі найбольш баяцца вайны. Рост боязі нелегальнай міграцыі з Афрыкі ці Азіі паказвае, што палякі разумеюць сур’ёзнасць наступстваў глабальных змен, у тым ліку кліматычных, калі мільёны людзей могуць імкнуцца перабрацца жыць з поўдня на поўнач.
Трывожны сігнал – змена стаўлення да бежанцаў з Украіны. Гэта проза жыцця – палякі стомленыя ростам цэн, праблемамі з доступам да грамадскіх паслуг. Салідарнасці ўсё менш. І таму вялізная адказнасць ускладзеная на палітыкаў па абодвух баках мяжы. Гэта павінен зразумець, між іншым, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, які мае прэтэнзіі да партнёраў – палякі будуць адпраўляць ва Украіну ўзбраенне, але пры ўмове, што самі не стануць безабароннымі. Гэта таксама перасцярога палітыкам у Польшчы – лёгка збіваць капітал на папулізме, але адказны палітык павінен дакапацца да прычын з’яў, якія выклікаюць боязі.
нг