Каналы замежнага вяшчання працуюць у многіх дзяржаўных радыёстанцыях у розных краінах свету. Для прыкладу, мы з’яўляемся часткай Польскага радыё, на якім дзейнічаюць пяць моўных службаў, адрасаваных замежнаму слухачу і чытачу, таму што цяпер рэдакцыі на радыё – гэта не толькі слова, але і мультымедыйныя платформы з тэкстамі, падкастамі і відэа. Сёння мы вырашылі вас пазнаёміць, як працуюць нашы калегі на Чэшскім радыё. Наш суразмоўца – намеснік галоўнага рэдактара Radio Prague International Лібар Кукал.
Чэшскае радыё знаходзіцца ў самым цэнтры Прагі. Радыёстанцыя займае два будынкі – прыгожы даваенны гмах у стылі мадэрнізму, у якім захавалася мноства старых элементаў архітэктуры, і новы будынак, у якім менавіта знаходзяцца рэдакцыі Radio Prague International.
QSL-картка Radio Prague International, прысвечаная 100-годдзю Чэшскага радыё. Крыніца: Radio Prague International
Я папрасіў Лібара расказаць пра гісторыю замежнага вяшчання Чэшскага радыё. Ён зазначыў, што іх радыёстанцыя – другая найстарэйшая ў Еўропе. Прычым канал замежнага вяшчання стаў другім каналам, заснаваным на пражскай радыёстанцыі.
«Замежнае вяшчанне Чэшскага радыё было адкрытае ў 1936 годзе. Увогуле хацеў бы нагадаць, што ў мінулым годзе Чэскае, а тады Чэхаславацкае радыё, адзначыла 100-ю гадавіну – гэта была найстарэйшая радыёстанцыі пасля BBC», - гаворыць намеснік галоўнага рэдактара.
На Міжнародным радыё Прага была арганізаваная новая Украінская служба. Гэтае рашэнне, зразумела, звязанае з расійскай агрэсіяй супраць Украіны. «Мы ўкраінскую праграму арганізавалі пасля пачатку вайны – першы эфір у нас быў 6 сакавіка 2022 года. Мы даволі хутка адкрылі вяшчанне на ўкраінскай мове. І з тых часоў яна паступова, невялікімі крокамі пашыраецца», - гаворыць Лібар Кукал.
Міжнароднае радыё Прага актуальна працуе на чэшскай, нямецкай, англійскай, іспанскай, французскай, рускай і ўкраінскай мовах. Штат канала невялікі – крыху больш за 40 чалавек.
Дарэчы, гісторыя Radio Prague International падобная на гісторыю каналу замежнага вяшчання Польскага радыё. Для прыкладу, наша праграма таксама была заснаваная ў 1936 годзе. А ў часы Польскай Народнай Рэспублікі толькі адзін штат замежных рэдакцый Польскага радыё складаў больш за 650 чалавек. Цяпер жа ў штаце каналу замежнага вяшчання Польскага радыё – каля 50 чалавек.
поўная размова з Лібарам Кукалам – слухайце аўдыёфайл
Валеры Саўко