Слухайце размову ў далучаным файле!
Паразмаўлялі з юрыстам, праваабаронцам, кіраўніком юрыдычнага цэнтру Беларускай асацыяцыі журналістаў Алегам Агеевым пра рэальны маштаб рэпрэсій, чаму родныя адмаўляюцца ад дапамогі, ці ёсць яшчэ ў заходніх партнёраў жаданне падтрымліваць Беларусь.
— Увесь час гавораць, што рэальны ўзровень рэпрэсій працэнтаў на сорак большы, чым гэта бачна ў публічнай сферы. Як сітуацыя выглядае на бягучы момант?
Я пагаджуся з гэтым. Складана казаць пра дакладны адсотак, але колькасць людзей, якіх працягваюць да адказнасці па палітычна матываванаму пераследу расце. Ёсць разуменне, што рэжым спрабаваў паказаць чалавечы твар, мы бачылі датэрміновыя вызваленні, і безумоўна гэта трэба вітаць, людзі, якія не павінны сядзець у турме, выходзіць на волю, безумоўна, гэта трэба вітаць. Але гэта не сведчыць пра змякчэнне рэжыму.
Колькасць тых, каго рэжым вызваляе датэрмінова, значна меншая, чым колькасць тых, хто трапляе за краты ў выніку палітычнага пераследу. Наш заклік — спыніць гэты палітычна-матывавана пераслед. І ўвогуле цяпер палітычна-матываваны пераслед характарызуюцца па масавасці і розных іншых індыкатарах як масавыя рэпрэсіі.
Больш за тое, ужо ідуць размовы, што ў ацэнках трэба ад масавых рэпрэсій пераходзіць да вызначэння «тэрор уласнага насельніцтва». На шчасце, у Беларусі няма канцлагераў з тымі прыкметамі, якія нацысцкая Германія ладзіла падчас Халакосту, але іншыя складнікі, на жаль, мы ўжо бачым.
Гэты тэрор не выбарачны, ён масавы, ён закранае вялікую колькасць сацыяльных груп. Ёсць некаторыя прыкметы масавага тэрору. І я хачу адзначыць, што вялікая колькасць людзей прайшла праз наўпроставыя катаванні.
Гэта таксама будзе патрабаванне да ўладаў Беларусі, калі скончыцца гэты таталітарны рыжым, — працягнуць да адказнасці тых катаў, якія гэты рэпрэсіі ажыццяўлялі. Колькасць пацярпелых ідзе на тысячы. Тысячы людзей у Беларусі сутыкнуліся з катаваннямі, вядома пра сем фактаў смерцяў сярод палітзняволеных.
У мяне былі перасцярогі, што ў нейкі момант могуць быць факты самасуду, што ахвяры катаванняў могуць самастойна вырашыць, як працягнуць да адказнасці сваіх катаў. Добрая навіна для мяне, што большая частка такіх людзей хочуць аднаўлення сваіх правоў, размова менавіта пра прававыя механізмы, пра справядлівы суд, пра выкарыстанне норм права, як нацыянальнага, так і міжнароднага. І гэта сведчыць пра лепшае ў беларусах, а таксама пра тое, што ёсць задача для дзяржавы — аднавіць правы, вычысціць гэтых катаў, якія сёння працуюць у так званых праваахоўных органах.
— Часам з'яўляецца інфармацыя, пра тое, што прыходзіць да людзей, які з'ехалі, пагражаюць, што, калі гэта будзе апублікована, то сваякам стане кепска. Такое звычайна высвятляецца падчас прыватных размоў. Беларускія ўлады ўжо даўно не хаваюць свой твар. Для чаго прамяняць гэта запалохванні, рыжым закладнікаў у дачыненні да родных людзей, які з'ехалі?
— Нельга сказаць, што беларускі рэжым не хавае свой твар, хавае. Улады да гэтага часу адмаўляюць наяўнасць палітычнага пераследу, гавораць, што гэта пакаранне за крымінальныя правапарушэнні. Рэжым хоча выглядаць чалавечным, ёсць гэтыя датэрміновыя вызваленні. Але варта памятаць, што затрымліваюць нашмат больш, чым выходзіць на свабоду датэрмінова.
Кожны злачынца хоча, каб гэта адбывалася ў цемры, у цішыні, каб ніхто не даведаўся, што злачынства здзейснена. Супрацоўнікі праваахоўных органаў дакладна ведаюць, тое, што яны робяць, гэта парушэнні заканадаўства.
Напрыклад, нам дакладна вядома, што колькасць прозвішчаў палітзняволеных журналістаў у публічным спісе Беларускай асацыяцыі журналістаў меншая, чым насамрэч людзей у зняволенні (публічна размова ідзе пра тое, што ў зняволенні 5 прадстаўніокў медыя, — рэд.). Ёсць людзі, чые сваякі просяць не агучваць прозвішча, бо яны запалоханыя. Гэтыя страхі не пустыя, так сапраўды можна ствараць другую, трэцюю хвалю пераследу праз сваякоў.
Мы разумеем гэтая перасцярогі, мы лічым, што бяспека людзей, іх сваякоў на першым месцы. Усё зафіксавана, але не ўсё апублічваем.
— Як цяпер выглядае ў такіх умовах дапамога палітзняволеным, іх родным, ці гэта ўвогуле магчыма? Бо, калі людзі баяцца нават гаварыць пра тое, што да іх прышлі, то прымаць нейкую дапамогу ўвогуле небяспечна.
— І гэта таксама праўда. Ёсць ужо кейсы, калі працягваюць до адказнасці рэцыпіентаў дапамогі, тых, хто яе атрымлівае. Мы з разуменнем ставімся, калі прапануем дапамогу, а сваякі адмаўляюцца. Такое сапраўды ёсць. Але пазіцыя можа змяняцца з цягам часу: праз месяц-два-тры-чатыры, калі журналіст сядзіць, сваякі разумеюць, што яму патрэбная дапамога, а магчымасцяў не хапае.
Палітычны пераслед дорага абыходзіцца для людзей у Беларусі.
Адпаведна, калі заканчваюцца грошы, то часта бывае, што людзі пераглядаюць сваё стаўленне і пагаджаюцца атрымліваць дапамогу. На сённяшні дзень механізмы перадачы такой дапамогі разлічаныя на захаванне бяспекі. Мы пільна ставімся до каналаў перадачы дапамогі, да працэсу, да кола людзей, якія ведаюць пра гэта.
— Паводле сустрэч беларускіх праваабаронцаў з еўрапейскімі палітыкамі, грамадскімі дзеячамі, ці ёсць зацікаўленасць у дапамозе Беларусі, вера, што можна нешта змяніць?
— Каб неабгрунтавана не абагульняць, трэба адзначыць, што ў розных краінах адбываюцца рознае працэсы. У краінах Еўрасаюза ўлады змяняюцца дэмакратычным шляхам рэгулярна. Адпаведна, змена палітыкаў адбываецца па аб'ектыўных абставінах, трэба адзначыць, што ўсе, хто прыходзіць да ўлады ў Еўропе, яны дэманструюць салідарнасць з Беларуссю.
Я не ведаю ніводнага выпадку, каб нехта з палітыкаў ці чыноўнікаў Еўрасаюза, ці на нацыянальным узроўні краін ЕС казаў, што ён не будзі дапамагаць Беларусі, што яго не клапоцяць праблемы Беларусі. Такога не было і, спадзяюся, не будзе.
Але ёсць неразуменне, чым яны могуць дапамагчы. Яны часцей сталі запытваць нас, чым дапамагчы, як дапамагчы вызваліць усіх палітвязняў. І тут на нас адказнасць, наколькі мы гатовыя аб'яднацца і выпрацаваць агульны план па дапамозе, якую нам могуць аказаць нашы партнёры, акрамя кампенсацыі і мінімізацыі наступстваў рэпрэсій, як мы можам намагацца вызваляць нашых палітвязняў.
І тут ёсць некалькі бачанняў, як гэта можна ажыццявіць. Ціснуць на Лукашэнку, намагацца, каб яны ўсіх вызвалілі і капітулявалі, ці гандлявацца. То бок прапаноўваць нейкія матэрыяльныя «плюшкі», каб ён пачаў выпускаць людзей.
Працэс выпрацоўкі эфектыўнай і прымальнай для ўсіх стратэгіі залежыць ад нас, ён ідзе, мы над гэтым працуем.
вх