Слухайце матэрыял у далучаным файле!
Наша калега Наталля Грышкевіч сваё дзяцінства правяла ў Мінску:
— Важнейшым святам у маім дзяцінстве быў, канешне, Новы год. У дзяцінстве ўвогуле не памятаю, каб мы святкавалі Раство, Каляды. Канешне, я нешта чула з аповедаў дзядулі, бабулі, што былі такі святы, але яны практычна не захаваліся ў нашай сямейнай традыцыі.
Мінск на той час быў свецкім горадам, рэлігійная традыцыя там не захавалася, бо з ёй змагаліся савецкія ўлады. Магу сказаць, што мама хацела мяне пахрысціць у касцёле, але не атрымалася гэтага зрабіць. Дзядзька павінен быў быць хросным, але пачуў, што калі пагодзіцца, то будуць праблемы. І пахрысцілася я ўжо тут, калі пераехала ў Польшчу.
Я выйшла замуж за паляка і ўбачыла, наколькі гэта цікавая, прыгожая традыцыя, як яны пяшчотна ставяцца да гэтых святаў. Муж перанёс у нашу сям'ю свае традыцыі. Гэта, канешне, абавязковыя 12 страў на вігілію, павінна быць ялінка дэкараваная, і заўсёды гэта трэба рабіць у апошні дзень перад Раством.
Час падрыхтоўкі, канешне, крыху стрэсавы. Але гэта акупаецца — важна, каб у дзяцей былі добрыя ўспаміны пра прыгожае зімовае свята.
Разважаннямі пра навагоднія святы і атмасферу гэтых дзён дзеліцца Эдуард Жолуд:
— Сапраўды, менавіта ў дзяцінстве навагоднія і калядныя святы асацыююцца з чаканнем цуда. З часам гэтае пачуццё, на жаль, знікае. У мяне сям'я была ўжо даволі саветызаваная і найперш адзначалі Новы год.
Але агулам святы доўжыліся два тыдні — ад так званых каталіцкіх Калядаў праз Новы год і да Калядаў праваслаўных, і фінал — Стары новы год. Вось гэтага крыху не хапае цяпер — сямейнай бяседы, свята, якое было ў доме доўга.
Але цяпер я ўжо сам павінен ствараць свята. І калі бачыш, як малеча падыходзіць да навагодняй ялінкі і ў яе зіхацяць вочы, то і самому на душы робіцца цяплей. Таму хачу пажадаць нашым слухачам, каб яны самі стваралі атмасферу свята, зычу ўсім цяпла!
Валер Саўко згадвае атмасферу зімовага святочнага перыяду і кулінарную традыцыю яго сям'і:
— Новы год — гэта абавязкова пах мандарынаў, а Каляды — пах смажанай рыбы.
Я якраз нарадзіўся ў каталіцкім рэгіёне, Раство адзначалі паводле каталіцкага календара. Калі гаварыць, якое свята было больш важнае, то мне здаецца, што іх значнасць была падобная. Але Каляды і новы год, калі казаць сучаснаю мовай, мелі розны таргет.
На Раство гатавалі ў сям'і стравы, якія не паўтараліся на працягу года. А той жа салат аліўе можна прыгатаваць у любы час.
Пачэсная месца на калядным стале займаў расол, але гэта не польскі суп rosół, які гатуецца на базе мяснога булёну з дадаткам макароны. Беларускі калядны расол гатавалі на аснове адвару з буракоў, з дадаткам цыбулі, пярлоўкі, з сушанымі грыбамі. Ён посны, але вельмі-вельмі смачны і сытны.
Яшчэ гатавалі вушкі — гэта дражджавыя піражкі з рознай начынкай з капусты, грыбоў, яблыкаў.
Падрыхтоўка да Раства: робім да свята наліўку
Сваімі ўспамінамі дзеліцца Алена Вялічка:
— У нас заўсёды самым важным было Божае нараджэнне, мы чакалі менавіта гэты дзень, бо я паходжу з рэлігійнай сям'і. Менавіта 24-га снежня пасля Вігілійнай вечары мы атрымлівалі падарункі. Зімовыя святы асацыююцца са святочным сталом. І скажу так, цяпер ёсць магчымасці прыгатаваць іншыя святочныя стравы, але ў мяне ў памяці застаюцца стравы з майго дзяцінства і хочацца гатаваць менавіта іх. На стале абавязкова быў белы кісель, галушкі, рыба, ушкі.
Мы заўсёды ішлі ў касцёл, а пасля 12-й ночы моладзь збіралася і падчас вяртання дадому было прынята здымаць і хаваць у снег брамкі (пра гэтую традыцыю расказалі некалькі чалавек, — рэд.).
Мы ў дзяцінстве атрымлівалі падарункі менавіта на Божае нараджэнне, і мае дзеці цяпер таксама атрымліваюць падарункі менавіта на Раство, а не на Новы год.
Юрый Ліхтаровіч таксама паходзіць з Заходняй Беларусі, ён заўважае, што ў горадзе і ў вёсцы традыцыі былі розныя:
— Гэта быў такі файны час, дзеці бавіліся, чакалі падарункаў! Маладзечна быў горадам больш свецкім, таму там найперш адзначалі Новы год. А ў вёсцы ўсё было інакш — святкавалі Каляды. Я любіў гэты час, калі прыязджала ўся сям'я, было шмат размоў, усе збіраліся.
І калядны стол — пад абрус клалі сена, дарослыя хадзілі калядаваць, а яшчэ ладзілі розныя жарцікі — каліткі адчынялі, хавалі іх у снег.
На Вігілію на стале было 12 посных страў: куцця, розная рыба, ушы былі мае любімыя — гэта такія вялікія варэнікі з начынкаю з грыбоў.
Для дзяцей гэта быў найлепшы час!
Яланта Смялоўская, кіраўніца Беларускай рэдакцыі Польскага радыё расказвае пра Каляды ў вёсцы Кошкі на Падляшшы:
— Маё дзяцінства прайшло ў вёсцы Кошкі на Падляшшы, гэта блізка ад польска-беларускай мяжы. Вёска ўся праваслаўная. Каляды мы святкавалі паводле старога стылю, то бок вечарам шостага студзеня. Я вельмі любіла гэтая свята, яно для мяне, як і для ўсіх жыхароў вёскі, было больш важным, чым Новы год.
Калядны вечар ля мяне быў святочным, прыемным, добрым. На праваслаўнае Раство заўсёды быў снег і мароз — згадваецца снег, які скрыпіць пад нагамі, зоркі, што засцілаюць неба, ёлка, падарункі, якіх мы чакалі.
Ёлку прыносілі толькі ў апошні вечар 6 студзеня. Тата прыносіў снапок пшаніцы або жыта і ставіў у кут, сена прыносіў пад абрус.
Мае Каляды пахлі ёлкай, сенам і яшчэ рапсавым алеем, бо баба пякла дражджавыя салодкія аладкі на рапсавым алеі. Гэтыя аладкі яна гатавала толькі раз на год. А яшчэ на Каляды гатавалі клёцкі з салодкім макам. Гэты мак мой тата, а потым і я з братам, расціралі ў макутры — так называлі адмысловую міску — з дапамогай драўлянай таўкачкі. І гэта была самая лепшая страва на калядным стале.
Падрыхтоўка да Раства: гатуем калядны грыбны суп (РЭЦЭПТ)
вх