Паводле падлікаў, цяпер у Польшчы знаходзіцца ад 2,5 да 2,8 мільёна імігрантаў, што складае ад 6,6 да 7,5% насельніцтва краіны. Гэта прынцыповая змена ў параўнанні з пасляваенным часам, калі палякі складалі 98% жыхароў краіны, — чытаем на партале money.pl. Найбольшую групу іншаземцаў у Польшчы, прыкладна тры чвэрці, складаюць украінцы, якія прыехалі ў Польшчу да расійскага ўварвання, прывабленыя магчымасцямі працаўладкавання і культурнай, моўнай блізкасцю.
Галоўным магнітам, які прыцягвае мігрантаў, з'яўляецца польская эканоміка. У цяперашні час ВУП краіны ў 2,4 разы вышэйшы, чым у год уступлення ў ЕС, і ажно ў 12 разоў большы, чым у 1989 годзе. Прагнозы паказваюць рост эканомікі на ўзроўні 3,6% у гэтым годзе, што ставіць Польшчу сярод лідараў Еўрасаюза.
Наплыў мігрантаў выклікае заклапочанасць часткі грамадства. Паводле чэрвеньскага апытання, 42% палякі выступаюць за закрыццё межаў для іншаземцаў. Толькі 14% выказвае гатоўнасць прыняць мігрантаў з усяго свету, у той час як 35% падтрымлівае прыём толькі мігрантаў з Беларусі і Украіны.
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, які раней выказваў прыхільную пазіцыю ў дачыненні да мігрантаў, цяпер прадстаўляе больш жорсткі падыход да гэтага пытання.
Эксперты адзначаюць, што ва ўмовах падзення ўзроўню нараджальнасці (у цяперашні час у Польшчы прыпадае 1,16 дзіцяці на жанчыну) і дэмаграфічных прагнозаў, насельніцтва Польшчы зменшыцца ніжэй за 20 млн да канца стагоддзя (цяпер у Польшчы пражывае каля 38 млн), іміграцыя можа мець вырашальнае значэнне для падтрымання эканамічнага росту.
эж