Гэтая дылема не раз абмяркоўвалася і ў Польшчы – дзе заканчваецца свабода слова і пачынаецца неабходнасць кантролю выказвання. Пасля гучнага забойства мэра Гданьска Паўла Адамовіча гэтае пытанне стаіць яшчэ больш востра. Нагадаем, Адамовіча забіў нажом псіхічна неўраўнаважаны мужчына ў студзені 2019 года падчас фіналу дабрачыннай акцыі Вялікі аркестр святочнай (каляднай) дапамогі (па-польску WOŚP - Wielka Orkiestra Świątecznej Pomocy). Перад гэтым Адамовіча шырока крытыкавалі ў частцы сродкаў масавай інфармацыі. Пры гэтым, негатыўныя каментарыі датычаць абсалютнай большасці вядомых палітыкаў.
На мінулым тыдні Ежы Оўсяк (Jerzy Owsiak), заснавальнік WOŚP, паведаміў, што ананімны чалавек пагражае яму забойствам. Службы правапарадку вельмі сур’ёзна паставіліся да гэтага інцыдэнту і хутка знайшлі аўтара пагроз. Ім аказаўся пенсіянер, які тлумачыў свае паводзіны тым, што пачуццё нянавісці да Оўсяка ў яго ўзнікла пасля прагляду аднаго з тэлесюжэтаў па тэлебачанні «Рэспубліка» (TV Republika). Аўтару пагроз высунулі абвінавачанне. Прэс-сакратар акруговай пракуратуры ў Варшаве Пётр Скіба (Piotr Skiba) паведаміў журналістам, што мужчына абвінавачваецца ў крымінальных пагрозах, звязаных з абразай Ежы Оўсяка.
- Ён паведаміў на допыце, што яго падштурхнуў да радыкальнага кроку прагляд аднаго з рэпартажаў у тэлебачанні «Рэспубліка», у якім Ежы Оўсяк быў прадстаўлены ў негатыўным ракурсе. Гэты чалавек раней праходзіў лячэнне ў сувязі з неўралагічным захворваннем. Неабходна правесці дадатковае абследаванне, ці гэтая асоба была цалкам пры здаровым розуме і разумела, што робіць.
Па інфармацыі прэс-сакратара пракуратуры, затрыманы — 71-гадовы мужчына, жыхар горада Новы Сонч.
Арганізацыя, якую заснаваў Ежы Оўсяк, ратуе жыццё хворых людзей, у тым ліку маленькіх дзяцей. А жыццё чалавека – гэта самая вялікая каштоўнасць, – сказала акторка Ганна Дымна (Anna Dymna), якая ў эфіры Польскага радыё пракаментавала пагрозы, якія атрымліваў Оўсяк.
- Такі інцыдэнт, які здарыўся цяпер з Юрэкам, павінен прымусіць многіх людзей адумацца. Мы павінны ўсе разам збіраць на Аркестр. Былі такія цудоўныя часы, калі касцёл збіраў сродкі на аркестр. Дзякуючы дзейнасці WOŚP і Юрэка Оўсяка ўдалося ўжо выратаваць многія жыцці. Ці хтосьці гэта палічыў, колькі людзей ён выратаваў? Калі я збіраю грошы ў скарбонку ў дзень фіналу, то часта хтосьці мне кажа: “А ведаеце, я жыву толькі дзякуючы аркестру і Юрэку”.
На працягу многіх гадоў Ганна Дымна, а таксама падапечныя яе фонду збіраюць грошы на карысць Вялікага аркестра святочнай дапамогі. Яна 22 гады кіруе фондам «Mimo Wszystko» (Нягледзячы ні на што), і з гэтай прычыны таксама не раз сустракалася з хейтам.
- Мяне правакавалі розныя людзі. Яны рэзка выступалі супраць мяне, расказвалі самыя жахлівыя рэчы. Я плакала па начах, але заціскала зубы і загадвала сабе: толькі не адказвай! У Святым пісанні напісана: калі цябе ўдараць у твар, падстаў другую шчаку. Гэта неверагодная мудрасць, якую я зразумела толькі нядаўна: калі даеш здачу, тады ты становішся такі ж, як яны.
Такім чынам, Ганна Дымна карыстаецца разумнай стратэгіяй, якая заключаецца ў тым, каб ігнараваць правакатараў і людзей, якія атрымліваюць нейкія выгады дзякуючы нападкам на вядомых асоб. Тым не менш, ёсць мяжа свабоды выказвання і ўсёдазволенасці. Хтосьці праігнаруе хвалю нянавісці, якая выліваецца на палітыка ці грамадскага дзеяча, а іншага гэта можа падштурхнуць да трагічнага ўчынку, у тым ліку забойства, як здарылася з Паўлам Адамовічам. І таму Ежы Оўсяк заявіў у органы правапарадку, калі атрымаў пагрозы пазбаўлення жыцця. Кіруючы шмат гадоў дабрачыннай арганізацыяй, збіраючы вялікія сумы на карысць польскіх шпіталяў, ён застаецца адным з самых вядомых і паспяховых сімвалаў дабрачыннасці ў Польшчы. Пры гэтым, ён стаў супярэчлівай асобай у вачах часткі грамадства, часта падвяргаецца крытыцы з боку кансерватыўных СМІ і некаторых палітыкаў. У панядзелак на гэтым тыдні ён паведаміў, што падаў заяву ў паліцыю ў сувязі з чарговымі пагрозамі ў яго адрас.
У сваю чаргу, Нацыянальная рада па тэле- і радыёвяшчанні атрымала больш за 5 тысяч скаргаў на тэлебачанне «Рэспубліка». Скаргі датычаць, між іншым, рэпартажу пра Ежы Оўсяка. Аб гэтым паведаміла прэс-сакратар рады Тэрэса Брыкчыньска.
«Адны з іх змяшчаюць агульныя сцвярджэнні, іншыя ўказваюць на канкрэтныя перадачы. Мы знаходзімся на этапе ўдакладнення дат і назваў», — адзначыла прадстаўніца дзяржаўнага органа, які кантралюе сродкі масавай інфармацыі ў Польшчы.
IAR/нг