Беларуская Служба

Алесь Чайчыц пра дэкамунізацыю прасторы: Давайце ўсім ўсё даруем, усё пакінем — гэта памылка

06.03.2025 12:50
Помнік у цэнтры горада — гэта самая высокая праява грамадскага ўшанавання, але чаму ў беларускіх гарадах гэтага ўдастоеная менавіта асоба Леніна?
Аўдыё
  • Помнік чалавеку ў цэнтры горада — гэта самая высокая форма грамадскага ўшанавання, вялікі гонар, які чалавеку можа быць аказаны. І калі ў нас стаіць помнік Леніну, то гэта прафанацыя самой сутнасці.
 .
Алесь Чайчыц.facebook.com/czalex

Размаўляем з публіцыстам, даследчыкам Алесем Чайчыцам пра тапаніміку і помнікі ў беларускіх гарадах.

— У Вільні адбылася экспертная сустрэча, дзе абмяркоўвалі канцэпцыі дэкамунізацыі, дэкаланізацыі прасторы, то бок абмеркаванне беларускай тапаніміі, савецкую спадчыну ў гэтым кантэксце — вуліцы Леніна і Сацыялістычныя. Але ці ўвогуле актуальная на дадзены момант гэтая тэма на фоне падзей у рэгіёне?

— Я лічу, што гэта тэма актуальная да таго моманту, пакуль праблема існуе, а праблема аб'ектыўна ёсць. У Беларусі тапаніміка служыць сродкам прапаганды таталітарнага рэжыму, прычым яго ўжо няма як такога,  ён існуе ў форме нейкага свайго паслядоўніка.  Гэта праблема ёсць, ёй трэба займацца, пра яе трэба гаварыць, і трэба рыхтавацца да таго моманту, калі будзе магчыма гэта практычна вырашаць.

Акно магчымасцяў будзе малым, як паказвае досвед 1990-ых, трэба мець напрацоўкі, быць гатовымі прыйсці з канкрэтнымі прапановамі, з прапрацаваным, прагавораным падыходам да гэтай справы. Гэтыя справы былі рэалізаваны ў краінах Балтыі, яны рэалізуюцца цяпер ва Украіне. Здавалася б, ва Украіне вайна, і тым не менш — людзі займаюцца дэмантажом савецкіх помнікаў, памятных шыльд героям Савецкага Саюза. Працэс ідзе нягледзячы на вайну, таму што гэта доўгатэрміновая справа. Гэта пытанне пакаленняў, дзесяцігоддзяў, пытанне  доўгатэрміновай стратэгічнай перспектывы, таму тут не можа быць рана, ну і не можа быць позна. Хаця, канешне, цяпер ёсць больш важныя рэчы, якімі трэба займацца,  ёсць больш  вострыя праблемы з дэмакратыяй, правамі чалавека,  з мірам у Беларусі і вакол яе, але   гэта не значыць, што не трэба займацца іншымі справамі, якія таксама важныя, хаця можа ў дадзены момант і менш востра стаяць.

— Вы гаворыце, што патэнцыйна вакно магчымасцяў не будзе доўгім. Але справа з перайменаваннямі звычайна акурат шмат часу патрабуе, хаця б на тое, каб спытаць у мясцовых жыхароў, ці ўвогуле яны хочуць такіх зменаў, патрэбная праца з грамадскай думкаю.

— Менавіта гэтым мы зараз і займаемся, гэтаму і служыць мой праект — падрыхтоўцы грамадскай думкі, абмеркаванню з экспертамі, з прадстаўнікамі грамадства, я таксама, дарэчы, прадстаўнік грамадства,  акурат дзеля гэтага справа і  робіцца,  каб не губляць час,  каб не пачынаць тлумачальную працу, грамадская абмеркаванні гэтай праблемы тады, не губляць на гэта час. Гэтым трэба займаецца акурат цяпер. І гэта, дарэчы, частка больш шырокай дыскусіі — пра ролю савецкага перыяду ў гісторыі Беларусі, ролю савецкай спадчыны ў беларускі ідэнтычнасці.  Гэта пытанні і тэмы, на якія краіны Балтыі і Польшча адказы знайшлі. Ва Украіне адказ шукаюць цяпер альбо знайшлі не вельмі даўно,  стала зразумела, што з гэтым трэба было рабіць  і чаму гэта атрутнае джала для грамадства.

Гэта частка ідэйнага супрацьстаяння з пуцінізмам, лукашызмам. Гэта ў пэўным сэнсе пераасэнсаванні ўрокаў 1990-ых гадаў, калі здавалася, што ай, давайце ўсім ўсё даруем, давайце ўсё пакінем — да Леніна звыкліся, хай там стаіць. Не, аказалася, што гэта быў памылковы падыход.

Трэба было змагацца з усім гэтым  больш рашуча, знаходзіць цывілізаваныя спосабы. Напрыклад, калі гэта помнік Леніну аўтарства Заіра Азгура, ён прадстаўляе сабой мастацкі твор, мае гістарычную і мастацкую каштоўнасць, то, канешне, не трэба яго пераплаўляць. Але прыбраць з цэнтральнай плошчы ў музей. І ў музеі ён будзе рэалізоўваць сваю мастацкую каштоўнасць,  будзе даступны як гістарычны артэфакт, а яго прапагандысцкая функцыя будзе нейтралізаваная.

— Ці не перабольшваеце вы ступень уплыву гэтых помнікаў савецкага перыяду? Мяркую, калі апытаць маладых людзей на плошчы Незалежнасці ў Мінску наконт помніка Леніну, то не шмат пачуем у адказ — помнік, Ленін...  Наўрад распавядуць падрабязна пра асобу. Усё ж сучасныя людзі не выхоўваюцца на ідэях камунізму, на гэтых постацях.

— Не, я так не лічу. Гэта працуе на падсвядомым узроўні. Помнік чалавеку  ў цэнтры горада —  гэта самая высокая форма  грамадскага ўшанавання, вялікі гонар, які  чалавеку можа быць аказаны. І калі ў нас стаіць  Ленін, калі ў нас стаіць Калінін, то з аднаго боку дзецям даводзіцца тлумачыць, што былі такія дзеячы.

І не ставіцца пытанне, што ў прынцыпе гэта былі людзі, якую ролю адыгралі  ў гісторыі Беларусі,  мякка кажучы, негатыўную ролю.

Гэта па-першае, а па-другое, прафануецца сам прынцып помніка ў горадзе. Людзі ездзяць па замежжы, бачаць там помнікі нацыянальным героям, першаадкрывальнікам, барацьбітам за свабоду. А ў нас Ленін стаіць, гэта таксама барацьбіт за свабоду?

У мяне адназначная пазіцыя: тапанімія мусіць быць дэкаланізаваная і дэкамунізаваная.

Помнікі савецкім дзеячам павінны быць прыбраныя з цэнтральных вуліц і плошчаў, не знішчаныя, але прыбраныя ў адпаведны тэматычны музей, дзе яны б не неслі такую прапагандысцкую функцыю.

— Вы даследавалі тапанімію горада Гродна, ці можаце прывесці лічбы — сапраўды так шмат вуліц названа ў гонар савецкіх дзеячаў у каралеўскім горадзе, як яго называюць у Беларусі?

— У каралеўскай нашай Гародні кожная дзясятая назва вуліц — гэта назва ў гонар савецкіх, расійскіх вайскоўцаў, якія не маюць дачынення да Беларусі або ўдзельнічалі ва ўсталяванні савецкай улады ў Беларусі. У краінах Балтыі, у Польшчы такіх людзей лічаць акупантамі. А ў Гародні гэта самая вялікая ідэйна афарбаваная катэгорыя назваў вуліц. І гэта ў два разы больш, чым назваў у гонар дзеячаў культуры і навукі Беларусі. І гэта больш чым у два разы, чым згадак беларускіх вайскоўцаў на службе ў СССР.


Назвы вуліц у цэнтры Гродна. Назвы вуліц у цэнтры Гродна.

Агулам можна сказаць, што больш за 20 працэнтаў назваў патрабуюць сур'ёзнага перагляду, сярод іх восем працэнтаў падлягаюць перайменаванню ў прыярытэтным парадку — гэта найбольш адыёзныя савецкія функцыянеры, бальшавікі, чэкісты. Яшчэ наконт дзесяці працэнтаў патрэбная дыскусія, але вектар мусіць быць адназначным, бо размова ідзе пра ідэнтычнасць, каштоўнасці.

Таксама бачна візуальна, што ў Гародні шмат савецкіх назваў прывязана да цэнтру горада. То бок старажытны горад, які меў і сталічныя функцыі, быў рэзідэнцыяй каралеўскай, але назвы прывязаныя да імён бальшавікоў, якія тут ніколі і не бывалі. Шкада за Гародню, вось што можна сказаць.

Калі падсумаваць, то я мяркую, што тэма важная, ёй мала займаліся, але можна гэта рабіць цяпер, перадусім у форме абмеркавання, у форме дыскусіі,  каб сфармаваць падыходы да гэтай справы на будучыню.  Каб, калі з'явіцца практычная магчымасць зменаў, у беларускай дэмакратычнай супольнасці была  падрыхтаваная якасная пазіцыя, якую можна было б рэалізаваць.

вх