Пасля 2020-года, калі праз пенітэнцыярную сістэму Беларусі прайшло шмат жанчын, інфармацыя пра ўмовы ўтрымання, доступ да медыцынскай дапамогі, стаўленне супрацоўнікаў калоній і СІЗА стала публічнай.
Паводле падлікаў праваабаронцаў з ПЦ «Вясна», жанчыны складаюць 10-12 працэнтаў ад агульнай колькасці палітзняволеных. Цяпер вядома, што за кратамі знаходзяцца больш за 150 жанчын, якіх пазбавілі волі з палітычных прычын.
«Жанчыны-палітвязні церпяць дадатковы ціск: ім абмяжоўваюць ліставанне і перадачы, іх пазбаўляюць базавых правоў, ставяць на прафілактычны ўлік як “схільных да экстрэмізму”. Фіксуюцца катаванні, гендарна абумоўлены гвалт і пагрозы згвалтавання. Некаторых жанчын трымаюць у поўнай ізаляцыі месяцамі» — адзначаюць праваабаронцы.
Марына Кастылянчанка, праваабаронца «Вясны» распавяла пра агляд «Нас вырашылі зусім звесці са свету» пра сітуацыю з жанчынамі-палітзняволенымі. Назва агляду, да слова, гэта цытата з ліста палітзняволенай журналісткі, палітолага Валерыі Касцюговай.
Даклад падзелены на некалькі раздзелаў. Сярод іх:
- Прыніжэнні, фізічныя і псіхалагічныя катаванні паводле гендарнай прыкметы, сексуалізаваны гвалт
- Як «выпраўляюць» жанчын у калоніях
- Прыцягненне жанчын да цяжкай працы
- Жаночае здароўе за кратамі
- Псіхалагічныя праблемы
- Разлучэнне маці і дзіцяці ў выніку палітычна матываванага пераследу
— Жанчыны чуюць розныя словы на свой адрас. Гэта можа прымаць і форму дзеяння — могуць быць непрыемныя дотыкі, агляды, падгляданне — мы гэтыя сведчанні збіралі. Жорсткая сітуацыя, калі да жанчын выкарыстоўваюць дамаганні ці іх пачынаюць разглядаць як патэнцыйныя аб’екты для сваіх сексуальных фантазій. Затрыманні і допыты праводзяць звычайна мужчыны — і толькі гэта ўжо ставіць жанчын ва ўразлівае становішча.
Былая палітзняволеная, экс-журналістка БТ Ксенія Луцкіна распавяла, што прадстаўнікі кожнага з сілавых ведамстваў паводзяць сябе па-рознаму. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа найбольш грубыя, а супрацоўнікі КДБ паводзяць сябе больш прыстойна, але ствараюць невыносныя псіхалагічныя ўмовы. Напрыклад, Ксеніі перадавалі шмат паштовак ад незнаёмых дзяцей, якія пісалі ёй лісты салідарнасці, але не прапускалі ніводнага ліста ад яе сына.
— Я нават не ведаю, з чаго можна пачаць. З таго, як сябе паводзіць Камітэт дзяржкантролю, як сябе паводзіць ГУБАЗіК, КДБ, Следчы камітэт або МУС? Таму што ў кожнага з гэтых ведамстваў на нас ёсць асобныя інструкцыі. Я ведаю, што ў МУС на мяне асабіста была асобная інструкцыя — мне нельга было на допыце піць. Я ўчора сустракалася са сваім першым адвакатам, я яму з жартамі вось гэта ўсё расказваю. А ён кажа: «Табе нельга маўчаць, наогул гэта катаванні». А я яму пацешна распавядаю пра тое, як з Валадаркі вывозілі і ўдарылі тварам аб дзверцы машыны, і як было смешна назіраць з боку рэакцыю следчага на гэта...
Ксенія Луцкіна распавяла, што супрацоўніка СІЗА 1 у Мінску, так званая Валадарка, ставіліся адносіна нармальна да палітзняволеных, хаця і былі выключэнні. Яна тлумачыць гэта тым, што людзі жывуць у Мінску, чытаюць навіны і ў курсе падзей, а таксама хацелі б «падсцяліць сабе саломку на будучыню». У Гомелі сітуацыя выглядала інакш.
— А ў Гомелі гэта ўжо іншая сітуацыя. Фокус у тым, што гэта правінцыя. Людзі стараюцца (сябе праявіць, — рэд.) на ўсіх узроўнях. У іх на вачах не адбываліся падзеі, іх суседзяў не білі на Акрэсціна, іх настолькі асабіста гэта не кранула. Там ужо, вядома, усё зусім па-іншаму. У гомельскім СІЗА рэжым больш жорсткі, там больш крымінальнікаў было. Хаця напрыканцы майго знаходжання на Валадарцы былі перанаселеныя камеры і крымінальнікі няшчасныя жылі пад сталом, бо ўсе ложкі былі занятыя палітычнымі. Ну зноў жа, у калоніі ключавое, на мой погляд, тое, што гэта правінцыя. І яны вельмі стараюцца, — распавяла Луцкіна.
Былая палітзняволеная Яна Жураўлёва распавяла, што жанчыны ў гомельскай жаночай калоніі, калі не маюць падтрымкі з дома, вымушаныя хадзіць у казённай халоднай вопратцы і летам, і зімою.
— І стаяць, напрыклад, гэтыя жанчыны ў гэтых тонкіх калготках, у кардонных чаравіках, адмарожваюць сабе ўсё, што толькі можна... Вось гэта насамрэч можна назваць катаваннем. У гэтым плане добра, калі палітасуджаных сваякі спакавалі ў калонію, большую частку прынамсі. І яны мелі магчымасць хаця б не прамярзаць да нейкага нерэальнага стану. А ў самой установе мяркуюць, што ты можаш знаходзіцца ў такіх умовах, і ўсім напляваць на тваё рэпрадуктыўнае здароўе.
Ксенія Луцкіна звяртае ўвагу, што ў мужчынскіх калоніях больш лаяльныя правілы:
— У мяне найбольшае здзіўленне выклікала наступнае: гендарная розніца ў бытавых адносінах. Мужчынам у калонію і нават у турму, калі яны сядзяць, тое, што называецца, на страгачы, маек можна больш, чым жанчынам.
У нас іх дазволена дзве. У іх дзесяць, кожная з рознай даўжынёй рукавы. У іх асобна дазволеная тэрмабялізна. У жанчын, каб вы разумелі, тэрмабялізна — гэта тое ж самае, што бялізна. То бок, табе можна двое ласін, ці рэйтузаў, як іх там называюць, і ўсё. У любое надвор'е.
Мужчынам яшчэ можна пашыць форму недзе ў Мінску, замовіць для кожнай калоніі ў асобным атэлье. А нам што выдалі крывое-касое пяцьдзясят шостага памеру. І калі ідзе жанчына саракавога памеру, а на ёй форма пяцьдзясят шостага, а перашываць нельга, то гэта ж пытанне не прыгажосці. Папросту задзімае і вельмі холадна.
Мала таго, ім кнігі можна перадаваць! Прабачце, але ў параўнанні з жанчынамі гэта санаторый. Таму што якую кнігу можна жанчыне перадаць?! Не, ніколі ніякую!
У нас яны калготкі на шчыльнасць будуць правяраць на святло, і божа збаў, там будзе недастатковая шчыльнасць, занадта доўгія ці кароткія, ці ледзь-ледзь адценне будзе не супадаць з густамі кантралёра — у цябе проста іх не будзе.
Ну і плюс, не будзем забывацца, што мужчынам у некаторых калоніях неяк з працай лягчэй. У нас, па-першае, восем гадзін працы на фабрыцы, і гэта вельмі складаная праца, манатонная, да якой большасць з нас жыццё не рыхтавала.
А пасля таго, як дзяўчаты прыходзяць з фабрыкі, яны пачынаюць працаваць далей, таму што дзяжурства, дзяжурства па тэрыторыі — умовы, калі снег ненавідзіш, бо снег выносяць самі. Жанчыны разгружаюць бульбу гнілую, потым яны гэтую бульбу гнілую пераносяць з хлява ў хлеў, каб яе гнілую пачысціць і яе не з'есці.
Уборка тэрыторыі глупства ў параўнанні з адпампоўваннем каналізацыі ўручную. І самае жудаснае для мяне застанецца назаўжды — гэта перанос бетону рукамі. У нашага атрада быў інвентарны дзень, і Іна (адна са зняволеных, — рэд.) ішла з вядром бетону, гэта проста... Калі б я магла плакаць, я б заплакала ад убачанага. Жанчына ў 50 гадоў нясе вядро бетону праз усю тэрыторыю, таму што заўгас калоніі захацеў заліць гэтым бетонам свой лакальны ўчастак, я нават не ведаю, як гэта апісаць.
Прачытаць даклад «Нас вырашылі зусім звесці са свету» можна на сайце ПЦ «Вясна».
вх