Беларуская Служба

Канец ланцугоў і псеўдаразвядзення. Польшча пераглядае закон аб абароне жывёл

18.04.2025 07:11
Грамадзянскі законапраект «Спынім ланцугі, псеўдаразвядзенне і бяздомнасць жывёл» быў унесены ў Сейм і атрымаў падтрымку больш чым 534 тысяч чалавек. Яго мэтай з'яўляецца ўсебаковае паляпшэнне дабрабыту хатніх жывёл у Польшчы шляхам увядзення шэрагу заканадаўчых змен.
Аўдыё
  • Канец ланцугоў і псеўдаразвядзення? Польшча пераглядае закон аб абароне жывёл
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Chiriac Ciprian/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Сейм праект трапіў у верасні 2024 году. Да гэтага часу адбылося першае чытанне, а таксама адбыліся грамадскія слуханні, дзе кожны грамадзянін, юрыдычная асоба і лабіст мог выказаць сваё меркаванне наконт праекта і прапанаваць магчымыя змены. Цяпер праца над праектам ідзе ў камісіях. Каміла Гульбіцка з Міжнароднага руху на карысць жывёл фонду Viva! гаворыць, што грамадскі, то бок зацікаўлены бок, - поўны аптымізму.

- Мы ведаем, што закон 1997 года патрабуе тэрміновых змен, таму што мы не можам працягваць спасылацца на закон, якому амаль 30 гадоў. Часы змяніліся, у нас ёсць новыя навуковыя даследаванні над жывёламі, у тым ліку хатнімі, і я думаю, што проста трэба ўнесці некаторыя змены ў Закон аб абароне жывёл.

Законапраект прадугледжвае поўную забарону на ўтрыманне сабак на ланцугу. Паводле арганізацый па абароне правоў жывёлы, гэта павінна спыніць практыку, якая вядзе да працяглых пакут жывёл: ​

- Гэта пункт, які мы хочам унесці ў абавязковым парадку ў змены ў закон. У актуальным законе таксама тэарэтычна ёсць пункт, што сабакі не могуць быць на ланцугах, але гэта можна трактаваць свабодна. У практыцы гэта выглядае так: сабаку можна трымаць на ланцугу пры ўмове, што гаспадар два разы на дзень спускае яе з ланцуга, дае волю, выводзіць на шпацыр і гэтак далей. Гэта гучыць добра, але гэта некантралюемае. І гэта адзін з галоўных пунктаў. Мы таксама хочам увесці другі пункт: поўную забарону на выкарыстанне навагодніх феерверкаў. У дзеючым Законе аб абароне жывёл такога пункта няма. Усе апошнія навуковыя даследаванні паказваюць, на колькі моцны стрэс гэта выклікае як у хатніх, так і ў дзікіх жывёл. Шмат жывёл гіне ў выніку феерверкаў. Мы таксама хочам змяніць гэты момант.

Законапраект прадугледжвае абавязковую кастрацыю і стэрылізацыю сабак і катоў, не прызначаных для гадоўлі, каб паменшыць праблему бяздомнасці жывёл. І абавязковае чыпаванне хатніх жывёл.

Каміла Гульбіцка кажа, што гэта адна з асноўных прычын вялікага маштабу бяздомнасці жывёл у Польшчы:

- Жывёламі кіруе інстынкт. Калі жывёла не стэрылізаваная і не кастрыраваная, а свабодна бегае па двары, напрыклад, у невялікім горадзе, то такія жывёлы вельмі хутка размнажаюцца. Тады гаспадары не ведаюць, што рабіць з такімі жывёламі, і я лічу, што асноўная праблема — гэта адсутнасць кантролю за размнажэннем. Другая прычына - адсутнасць чыпаў. То бок калі нейкая жывёла губляецца, уцякае, і ў яе няма чыпа, то яе вельмі цяжка знайсці. Калі такая жывёла не была кастрыраваная і не стэрылізаваная, у далейшым яна, вядома, можа размнажацца, і адсюль асноўныя маштабы бяздомнасці.

Законапраект прапануе большы кантроль над расавым развядзеннем сабак і катоў, каб зліквідаваць гэтак званае псеўдаразвядзенне. Прапануецца стварэнне цэнтральнага племяннога рэестра пад наглядам ветэрынарнай інспекцыі, абмежаванне бескантрольнага размнажэння жывёл і забарона на продаж хатніх жывёл праз інтэрнэт-парталы. ​

Чарговы пункт законапраекту тычыцца змен у функцыянаванні прытулкаў.

- Большы кантроль за прытулкамі, асабліва прыватнымі структурамі, будзе важным. Справа ў тым, каб прытулкі не былі домам для бяздомных жывёл. Яны павінны быць толькі часовым прыпынкам, і задачай прытулку таксама павінна быць перадача гэтых жывёл у добрыя дамы, да добрых гаспадароў і добрых апекуноў. Справа ў тым, каб прытулкі адмовіліся ад гэтай ролі, агучвалі інфармацыю, шукалі добрыя дамы, апытвалі людзей, якія могуць даць такі дом.

Нарэшце, законапраект павялічвае пакаранне за жорсткае абыходжанне з жывёламі да 5 гадоў пазбаўлення волі, за асаблівую жорсткасць — да 8 гадоў пазбаўлення волі. ​

Прапануецца таксама забарона на жабраванне з жывёламі, забарона канфіскацыі жывёлы ў рамках выканання прысудаў судовымі выканаўцамі, забарона на выкарыстанне электраашыйнікаў і нашыйнікаў з шыпамі. ​

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце