Беларуская Служба

«Шмат было беларусаў. Часам яны лаюцца па-беларуску ў сваіх лістах», — Святлана Курс пра ахвяр катынскага злачынства

15.04.2025 07:00
Яны спадзяваліся вярнуцца да сваіх жонак, дзяцей, пісалі ім кранальныя лісты, а потым іх прывезлі і над гэтымі ямамі ў Катыні пастралялі.
Аўдыё
  • Сейм абвясціў 2025 год Годам польскіх герояў з Катыні, Харкава, Меднага і іншых мясцін СССР, дзе вясной 1940 года былі расстраляныя каля 22 тысяч грамадзян Польшчы. Гутарка са Святланай Курс
  ,     .   .
Патроны і гільзы, знойдзеныя на месцы катынскага злачынства. Экспанаты Катынскага музея.Фота: Беларуская служба Польскага радыё/нг

Сейм Рэспублікі Польшча абвясціў 2025 год Годам польскіх герояў з Катыні, Харкава, Меднага і іншых мясцін Савецкага Саюза, дзе вясной 1940 года былі расстраляныя каля 22 тысяч грамадзян Польшчы, пераважна афіцэраў, якіх Чырвоная армія ўзяла ў палон восенню 1939 года. Кім былі гэтыя людзі, чым яны жылі, аб чым марылі, як прынялі смерць? Аб гэтым мы пагутарылі са Святланай Курс - супрацоўніцай Катынскага музея ў Варшаве, даследчыцай гэтага жахлівага ваеннага злачынства Сталіна і яго атачэння.

 Катынская трагедыя была на акупаваных Савецкім Саюзам землях у некалькіх месцах. Паліцыянтаў, выведнікаў, стражнікаў турэмных, бурмістраў, контрвыведнікаў, памежнікаў дзвюх фармацый расстрэльвалі ў Медным, у Цвяры (былым Калініне), іншых месцах. У Медным пахавана 6200 паліцыянтаў, гэта самыя вялікія паліцыйная могілкі ў свеце. Там нават зямля доўгі час заставалася сіняй ад іхных форменных шынеляў. Ва Украіне расстрэльвалі, між іншым, прадстаўнікоў цывільнай адміністрацыі, рэзервістаў. Гэта таксама 53 расстраляныя жанчыны, якія працавалі ў цывільных арганізацыях, ці гувернантка, якая працавала ў польска-швейцарскай сям'і.

Агулам 22 тысячы з лішкам людзей, гэта не толькі афіцэры. Маладыя мужчыны – ад 17,5 гадоў до 75,5 гадоў. Самым маладым быў паліцыянт, як мне здаецца, Ян Азімік, а самым пажылым чалавекам быў беларускага паходжання генерал Багатырэвіч (брыгадны генерал Браніслаў Багатырэвіч (Bronisław Bohaterewicz або Bohatyrewicz), нарадзіўся ў 1870 годзе. Быў найстарэйшым генералам, забітым у катынскім расстрэле – рэд.)

— Я чытала, што там была толькі адна жанчына расстраляная, дачка генерала.

— Адна жанчына-жаўнерка (Яніна Левандоўска (Janina Lewandowska), дачка генерала Юзэфа Доўбар-Мусьніцкага (Józef Dowbor-Muśnicki) – рэд). Прычым, жаўнерка з фармальнага пункту гледжання сумнеўная, а з чалавечага пункту гледжання была сапраўднай жаўнеркай. Калі Польскае войска было аточана бальшавікамі і немцамі, яна надзела мундзір падпаручніка, была ўзятая ў палон і расстраляная разам з катынскімі пакутнікамі.

— Цяжка нават уявіць, што яны перажылі перад смерцю, праз якія пакуты прайшлі, іх дапытвалі, катавалі і асабліва пыталі пра ўдзел у вайне Польшчы з бальшавікамі, іх стараліся перацягнуць саветы на свой бок.

 Гэта ў абсалютнай большасці не ўдалося. Я ганаруся гэтымі людзьмі, таму што тое, што яны перажылі перад смерцю, гэта проста страшна. Гэтыя людзі толькі 20 гадоў пражылі ў незалежнай Польшчы і тут іх незалежнасць была самым жахлівым чынам адабраная, а потым адабранае і жыццё. Яны спадзяваліся вярнуцца да сваіх жонак, дзяцей, пісалі ім такія кранальныя лісты, а потым іх прывезлі і над гэтымі ямамі ў Катыні пастралялі, яны бачылі там сваіх папярэднікаў, якія ляжалі шэрагамі. Канешне, ім бракавала ежы, ім бракавала чысціні, ім пастаянна было холадна, таму што ўзялі іх у летнім абмундзіраванні, а ўвогуле армія не была гатовая до таго, каб ім ударылі ў грудзі і ў спіну.

— Там было таксама шмат этнічных беларусаў.

— Я магу сказаць, што часамі кожная чацвёртая справа тычацца беларуса, альбо кожная дзясятая справа. Вельмі вялікая доля беларусаў загінулі ў катынскай трагедыі. Так, беларусаў там было вельмі шмат. Трапляюцца і беларускія акцэнты, і беларускія слаўцы ў іх перапісках, часам лаюцца па-беларуску ў сваіх лістах.

 Дарэчы, пра лісты я хацела спытаць. Ці была нейкая гісторыя, якая асабліва кранула, асабліва пакінулі след у памяці?

 Кожная гісторыя вельмі моцна кранае, таму што яны пісалі сваім каханым. Вершы іх трапляюцца. Вось, напрыклад, я нядаўна апрацоўвала гісторыю Вітэка Галонскага. Гэта быў сірата, яго выхоўвалі дзядзька і цётка на вул. Крухмальнай у Новым Двары. І аддалі яго ў кадэцкі корпус. А Вітэк вучыцца не хацеў. Яму не давалася нямецкая мова і алгебра. І мой шэф гаворыць – вось навошта яго пхалі ў кадэты, інакш яго б не расстралялі. Я гавару – а потым жа яго Крухмальная ў Новым Двары згарэла. У гэтых людзей быў вельмі малы выбар - або там згінуць, або сям згінуць. По Польшчы прайшлася агнём вайна, а ў агню, як вядома, броду няма.

А Вітэк вучыўся кепска, і больш за ўсё ён любіў давезці да слёз свайго настаўніка хіміі. І вельмі любіў чытаць кніжкі, лежачы на канапе і едучы цукеркі з лакрыцай. І вельмі кранальна, як ён піша: «Дарагая сястра Зося, я ляжу са страшнай хваробай – насмаркам. У нас страшэнная зіма, 7-9 градусаў марозу». Я думаю: беднае дзіця, табе зараз 12 гадоў, а потым ты загінеш у 25 гадоў у такіх умовах жудасных, што табе гэты насмарк і 7-9 градусаў пададуцца нічым. А смерць ён прыняў як дастойны чалавек, быў паручнікам, не пагадзіўся на індактрынацыю расійскую і загінуў разам з усімі як герой. І многа такіх.

Слухайце поўную гутарку ў далучаным гукавым файле

Размаўляла Наталля Грышкевіч

Памяць, спрэчкі і тэорыі праз 15 гадоў пасля смаленскай трагедыі (ФОТА)

10.04.2025 13:58
Гэтая нацыянальная трагедыя праз некаторы час падзяліла як польскую палітычную сцэну, так і грамадскую думку.