Беларуская Служба

Гісторыі эмігрантаў. «Проста хадзілі па горадзе і высочвалі, хто беларус, а хто не беларус. Гэта смешна, але хацелася пазнаць свайго»

19.04.2025 18:00
У Польшчы прыйшло разуменне прыналежнасці да беларускасці, а цяпер патрэбна наладжваць нешта супольнае з палякамі і з дзяржавай, у якой жывеш, — дзеліцца сваім эмігранцкім досведам спадарыня Ірына.
Аўдыё
.  - ,   .
Ілюстрацыя. Познань - горад, дзе жыве Ірына.Фота: Беларуская служба Польскага радыё / Павел Залескі

Пачыналі ўсё спачатку

Ірына — эканаміст. Разам з мужам пераехалі ў Польшчу тры гады таму. Нейкі час яна яшчэ на аддаленні працавала ў беларускай фірме, але потым давялося звольніцца і шукаць працу.

Жылі на пачатку ў Варшаве, але неяк аднойчы сяброўка запрасіла ў госці ў Познань, і, як згадвае Ірына, яна палюбіла гэты горад адразу. Вырашылі пераехаць і там нанова пачалі ўладкоўваць жыццё.

— Здымалі хостэл на дзесяць дзён, і за гэты час павінны былі знайсці кватэру і нешта прыдумаць са сваім жыццём, паколькі абое былі без працы. Жыллё знайшлі даволі хутка, але гэта была такая латарэя, бо калі ты затэлефанаваў па аб’яве першым, то яшчэ маеш шанец, а калі пазней… Нам даводзілася вельмі пільна маніторыць аб’явы.

Працу таксама знайшлі: муж будаўнік, і хоць у Беларусі працаваў прарабам, тут давялося ісці простым рабочым на будоўлю. Ірына таксама знайшла працу — не зусім па спецыяльнасці, але ва ўмовах эміграцыі над гэтым моцна не задумваліся.

Я ўсё яшчэ ў сваім родным доме

Цікаўлюся ў суразмоўцы: пра што думалі ў той час, што адчувалі ў новай краіне, чаго хацелася і якія наогул мелі пачуцці?

— Увогуле, мне падаецца, што гэтыя тры гады я жыву на паўзе. Я нават не ведаю, як гэтыя гады ідуць, гэтыя дні, дзе яны — я яшчэ ў тым годзе, вось з’ехала “у госцікі” у Польшчу. Але з іншага боку, я разумею, што гэтыя “госцікі” — толькі на эмацыйным узроўні, а фізічна я існую тут, жыву ў гэтым горадзе, мушу нешта рабіць у гэтым жыцці, у гэты час, у гэтую хвіліну. І разам з тым я яшчэ там, у сваім родным доме.

Ты як бы ў іншай краіне, але хочаш быць сярод сваіх

І Ірына, і яе муж амаль не ведалі польскай мовы, але трэба было неяк інтэгравацца ў новае жыццё. Замест таго, каб быць часцей у польскім асяроддзі, яны спрабавалі знайсці сябе сярод такіх, як самі.

— Гэта была такая спроба інтэграцыі: ты як бы ў іншай краіне, але хочаш быць сярод сваіх людзей, якіх ты разумееш, якія былі б не новыя, каб гэтая эміграцыя захоўвала тую сувязь, якая была раней.

І потым была цікаўнасць — як інтэгруюцца іншыя, што яны тут робяць. Такая зацікаўленасць да свайго стала большай, чым была ў Беларусі: ты нешта маеш, але не разумееш, які гэта скарб.

Прага да беларускасці, калі разумееш, што страціў скарб, якога не заўважаў

— А да свайго, калі канкрэтызавацца, да чаго?

— Да беларускасці, да беларусаў — якія яны, якая я насамрэч, як адрозніваюся ад палякаў… І я шукала для сябе гэтыя адказы. Адзін час з мужам і сяброўкай мы проста хадзілі па горадзе і высочвалі, хто беларус, а хто не беларус. Гэта смешна, але хацелася пазнаць свайго. Нават знаёміліся, размаўлялі. Былі выпадкі, калі траплялі на палякаў, але нас гэта не стрымлівала. Гэта была такая зацікаўленасць, якая ператварылася ў гульню.

Я адчуваю, што яны іншыя, і я — другая

Праўда, з часам, як заўважае суразмоўца, гэтая прага толькі да свайго аслабла, бо, па-першае, прыйшло разуменне прыналежнасці да беларускасці, а па-другое — пачала працаваць у польскай фірме і трэба было наладжваць нешта супольнае з палякамі і з дзяржавай, у якой цяпер жыве.

— Я адчуваю, што яны іншыя, і што я — другая. Яны трохі інакш думаюць, разважаюць, яны не баяцца. Вось я зараз у працы маю такую невялікую праблему, бо думаю, што нешта не так зрабіла. Я зрабіла гэта не так толькі таму, што не ведала, як правільна зрабіць, але мне страшна пра гэта казаць, сорамна.

Ды наогул баішся сказаць нешта не так, увогуле нешта сказаць. А вось яны, калі хочуць — то і кажуць. Ну і што, нікога ж не скалечыла, ну і добра, і будзь што будзе. А для мяне гэта катастрофа. Яны падаюцца мне больш вясёлымі і часцей глядзяць адзін аднаму ў твар. Усмешкі, позіркі — тут гэта ўсё проста і не штучна.

Адносіны да дзіцяці — гэта вельмі вялікая розніца паміж палякамі і намі

Ірына распавядае, што ўжо некалькі разоў былі на моры, ездзілі ў горы — ёй вельмі падабаецца і раіць усім зрабіць такія вандроўкі, паколькі ўражанні несамавітыя. Я ў сваю чаргу пытаюся, што б яна, калі была б такая магчымасць, перавезла з Польшчы ў Беларусь, чаго там няма.

— Мне б хацелася бачыць такіх шчаслівых дзяцей, як тут. Дзяцей, якія бегаюць у брудзе, нешта крычаць, плачуць, рагочуць на ўсю вуліцу, і ніхто нічога ім не кажа. Напэўна, менавіта з гэтага ўсё пачынаецца. Дзіця мае свае эмоцыі, пакуль не можа іх кантраляваць — і гэта нармальна. Бо калі яму гэта ўсё забараняць, то гэта выліваецца ў тое, што эмоцыі ўнутры ёсць і не знаходзяць адэкватнага выйсця.

Я колькі разоў бачыла, як дзіця ўпала, плача, а падыходзіць мама, супакойвае — і ўсё добра. Днямі ехала ў трамваі і стала сведкай размовы хлопчыка 3–4 гадоў з мамай. Яны размаўлялі пра тое, што ў яго ў шыі знайшлі кляшча. Здзівіла, якія пытанні ён задаваў маме: якія могуць быць хваробы, ці не памру… Мама ўсё спакойна тлумачыла, а мяне здзіўляла, наколькі спакойна яны размаўляюць на такія тэмы, як смерць. У нас падобнае немагчыма — нават ніхто не падымае такіх тэмаў. А тут тлумачыцца ўсё праз розум: ты мусіш усё гэта разумець, каб гэтага не баяцца. Адносіны да дзіцяці — гэта вельмі вялікая розніца паміж палякамі і намі.

У Беларусі мяне чакае шампанскае. Мы вернемся…

Дарэчы, Ірына, усміхаючыся, кажа, што за гэты час заўважае, што змяняецца сама, і знаёмыя беларусы ў яе асяроддзі часцей пачалі ўсміхацца, становяцца больш свабоднымі. Праўда, звяртае ўвагу на тое, што яшчэ не зусім разабралася ў тым, што значыць для яе эміграцыя, а толькі даследуе гэтае паняцце.

— На дадзены момант я толькі разумею, што гэта складана. Якія б прычыны ні былі для эміграцыі, але гэта заўсёды складана. Вось гэты генетычны код, які ў нас ёсць, калі ты трапляеш у чужое асяроддзе — ён змяняецца. Я не ведаю, добра гэта ці не, але ён змяняецца. Гэта такі факт, з якім мне таксама складана змірыцца.

Ірына кажа, што чакае, калі вернецца дадому. У мамы яшчэ там ёсць бутэлька шампанскага, якую яны абавязкова разап’юць па вяртанні. Але калі такое надарыцца — гэта застаецца пытаннем.

Павел ЗАЛЕСКІ

Ілюстрацыйнае фота