Заўсёды хацелі зрабіць нешта новае
Насця і Мікіта працуюць у сферы ІТ. А да таго, як у якасці дадатковай занятасці адкрылі фотастудыю пад арэнду, дзе праводзяцца рознага кшталту фотасесіі і працуюць фатографы. З чым звязаны выбар такога бізнесу, тлумачыць Мікіта:
– Мы заўсёды хацелі зрабіць нешта сваё, цікавае. Думалі пра кавярню, пра каворкінг, іншае, але ў нейкі момант спыніліся на фотастудыі, паколькі шмат хто з нашых знаёмых гэтым займаецца, і нам таксама спадабалася. Падумалі, што некаторыя рэчы можам зрабіць больш цікава.
Іх асноўная задача – стварыць умовы для працы фатографаў, прадаставіць абсталяванне, матэрыялы, прастору, стварыць працоўную і творчую атмасферу. А за гэта той, хто арандуе фатастудыю, пагадзінна плаціць арэнду.
– Прыходзяць заўсёды некалькі чалавек, звычайна фатографы і мадэлі. Яны праводзяць тут фотаздымкі – найчасцей рамантычныя жаночыя фатаграфіі альбо бізнес-партрэты, здымаюць кантэнт для блога або YouTube, інтэрв’ю здымаюць. Гэта могуць быць здымкі проста для сябе, альбо нейкія бізнес-праекты, рэклама і г.д.
Тут шмат чаго даводзіцца рабіць сваімі рукамі
Звяртаю ўвагу сваіх субяседнікаў на тое, што яны абралі трошкі незвычайны для сябе бізнес, паколькі ніколі раней не займаліся нічым падобным. Аднак у іх ёсць свой адказ на такое пытанне.
– Мы абое працуем у ІТ, гэта праца на аддаленні, у асноўным з камп’ютарам, і нам хацелася нешта фізічна адчувальнае. Але каб гэта была не інтэрнэт-крама, вэб-дадатак, а нешта, дзе ёсць памяшканне. І вось гэта стала нашай аддушынай, тут шмат чаго даводзіцца рабіць сваімі рукамі, - адказвае Насця.
– Так, нам вельмі хацелася неяк адысці ад сядзячай працы, бо калі ты восем гадзін глядзіш у манітор — баляць вочы, спіна, лішняя вага — усё ў комплексе. А ў фотастудыі сёння ты маляр, заўтра — фатограф, паслязаўтра — мантуеш, прыбіраеш, потым — мэнэджар па наборы кліентаў. Мне здаецца, мы паспрабавалі тут ужо самыя розныя прафесіі, і гэта цікава, бо навучыліся будаваць, маляваць, фатаграфаваць, упраўляцца з падсветкай… Вельмі цікавы досвед, - удакладняе Мікіта.
Наша задача — асвоіцца ў вядзенні бізнесу ў Польшчы
Што датычыць матэрыяльнай зацікаўленасці, то Насця тлумачыць, што падобны бізнес весці не вельмі проста, але яны настроены на тое, каб яго развіваць. Цяпер іх задача заключаецца ў тым, каб, паводле суразмоўцы, лепей асвоіцца ў вядзенні бізнесу ў Польшчы, навучыцца працаваць з людзьмі і весці сацсеткі.
Самае цікавае ў гэтым працэсе — людзі
І паколькі працэс у фотастудыі адбываецца творчы, то, як звяртае ўвагу Мікіта, тут можна натрапіць на самыя нечаканыя адкрыцці для сябе.
– Самае цікавае ў гэтым працэсе — людзі. Прагледзеўшы сотні фотаздымкаў, я зразумеў, што самае цікавае — калі на фотаздымках ёсць эмоцыі, калі людзі не пазіруюць. Нават калі мне сказаць: «Стань, паўсміхайся», — то гэта выглядае не натуральна. А каб атрымаўся сапраўдны фотаздымак з людзьмі, трэба праводзіць час, кантактаваць з імі — і тады людзі адкрываюцца, паказваюць свае сапраўдныя эмоцыі. І тады ім жа падабаюцца здымкі. Самае цікавае — гэта людзі і іх эмоцыі.
Сярод фатографаў, якія арандуюць студыю, паводле Насці, большасць — палякі, але часта гэта робяць і ўкраінцы. Дзяўчына адзначае, што, як правіла, гэта публіка даволі інтэлігентная.
– Пераважна мы працуем з прафесіяналамі. Людзі прыходзяць сюды працаваць. Гэта не так, як у кавярні, куды прыходзяць проста мінакі з вуліцы, а ў нас усё ж прафесіяналы. 99,9% кліентаў у нас заўсёды даволі мілыя. Здараюцца рэдка нейкія спецыфічныя выпадкі, але гэта рэдка. І пераважна ў нас працуюць маладыя фатографы.
Інтэграваліся без асаблівых цяжкасцяў
Што датычыць інтэграцыі ў новае грамадства, вывучэння мовы, то суразмоўцы кажуць, што пераадолелі гэты працэс без асаблівых цяжкасцяў. Мову адмыслова вывучалі, але найбольш дапамагалі зносіны з польскімі сябрамі, якія падказвалі, навучалі. І наогул, як заўважае Насця, нават незнаёмыя людзі праяўлялі да іх клопат, калі бачылі, што яны траплялі ў няпростую сітуацыю.
Беларускую мову нас не навучылі любіць у школе
Цікаўлюся ў суразмоўцаў: чаму яны не валодаюць беларускай мовай? Трохі сумеўшыся, адказваюць, што ім не пашанцавала ў школе з настаўніцай, якая хутчэй адбівала ахвоту да мовы, чым прывівала любоў да яе. Дарэчы, і тут, паводле Мікіты, яны не ўдзельнічаюць у жыцці беларускай дыяспары.
– Я насамрэч імкнуся максімальна інтэгравацца. Я прыехаў у Польшчу, жыву тут, мне падабаецца гэта краіна. Я стасуюся з беларусамі, але ў меншай ступені, больш з палякамі.
– Гэта прынцыпова, ці што гэта значыць?
– Не, проста так атрымліваецца. Калі яшчэ ехалі сюды, то не хацелі вось гэтага: «у нас беларуская тусоўка, будзем там сядзець у сваім саку варыцца, размаўляць…» Наадварот, цікава кантактаваць з рознымі людзьмі, з рознымі культурамі. У мяне тут ёсць некалькі добрых знаёмых, я б нават сказаў — сяброў палякаў, і я вельмі рады, што з імі пазнаёміўся. А калі б я сядзеў толькі з беларусамі, то, магчыма, не знайшоў бы іх.
– А ў вас не ўзнікае жадання калі-небудзь схадзіць на канцэрт беларускіх артыстаў, пагаварыць пра беларускую літаратуру, паглядзець беларускі спектакль? Гэта ўсё тут існуе.
– Насамрэч — не. Няма ў мяне такога культурнага коду. Магчыма, гэта з-за школы. Мы ўжо ў размове згадвалі, што там нам не прывілі любові да мовы, і, відаць, гэты этап у школе і застаўся. Так, я ведаю некаторых беларускіх артыстаў, сачу за іх выступленнямі, часам хаджу на беларускі стэндап, але гэта не галоўнае месца, дзе я праводжу вольны час.
Руціна ратуе…
Размаўляем пра жыццё ў эміграцыі. Насця кажа, што з эміграцыяй яны змагаюцца праз дзеянне, лічыць, што трывога адступае перад дзеяннем. Маўляў, яны патанулі ў працы, і няма калі пра нешта іншае думаць.
– Нам, напэўна, трошкі прасцей, бо мы працуем у ІТ. Я, напрыклад, засталася на той самай працы, мы не шукалі тут працы. Працуем у такіх самых умовах, працуем разам з беларусамі і пастаянна кантактуем з беларусамі, нам гэтага хапае. У мяне яшчэ ёсць сабака, якой трэба апекавацца. Руціна ратуе, бо калі ў цябе ёсць пра каго клапаціцца, ёсць нейкія абавязкі, то ты ўсю энергію накіроўваеш на гэта — і так прасцей.
На развітанне з суразмоўцамі жадаю ім усё ж вярнуцца да роднай мовы, забыўшыся на дрэнных настаўнікаў.
Павел ЗАЛЕСКІ