Беларуская Служба

23 гады таму Віслава Шымборска была ўзнагароджаная Нобелеўскай прэміяй у галіне літаратуры

04.10.2019 18:08
Сама Шымборска момант, калі даведалася пра ўзнагароду, назвала «стакгольмскай трагедыяй».
Аўдыё
  • Урачыстае ўручэнне прэміі адбылося ў Стакгольме 10 снежня 1996 года
Wisława Szymborska
Wisława Szymborska Jacek Bednarczyk/PAP

23 гады таму, 3 кастрычніка 1996 года, польская паэтэса Віслава Шымборска была ўзнагароджаная Нобелеўскай прэміяй у галіне літаратуры. Шведская акадэмія ўзнагародзіла польку «за паэзію, якая з іранічнай дакладнасцю апісвае законы біялогіі і гістарычныя з'явы ў кантэксце чалавечай рэальнасці».

Увогуле, сама Шымборска момант, калі даведалася пра ўзнагароду, назвала «стакгольмскай трагедыяй».

Нарадзілася пазнейшая нобелеўская лаўрэатка ў гарадку Курнік каля Познані ў 1923 годзе. Яна была не толькі паэтэсай, але эсэісткай, літаратурным крытыкам і перакладчыцай французскай літаратуры, прадстаўніком гэтак званага «пакалення калумбаў» – пакалення польскіх пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў 1920-я гады і чыё сталенне прыпала на гады Другой сусветнай вайны. Вайна ў значнай ступені сфармавала іх свядомасць і ідэнтычнасць.

У 1931 годзе сямʼя Шымборскіх пераехала ў Кракаў, і ажно да смерці паэтэса была звязаная з гэтым горадам.
Друкавацца пачала ў 1945 годзе, а першы зборнік выйшаў у 1952 годзе. Доўгі перыяд адсутнасці публікацый абумоўліваўся тым, што ёй некалькі разоў адмаўлялі ў выданні зборніка з-за ідэалагічных прычын.

Хутка паэтэса стала вядомай, прычым не толькі ў Польшчы, але і за межамі.

Агулам Віслава Шымборска выдала больш за 20 кніг, а на беларускую мову яе творы пераклалі, у прыватнасці, Еўдакія Лось і Ніна Мацяш.

У паэтэсы было добрае пачуццё гумару: яна любіла жартаваць і смяяцца, і ўвогуле была вельмі пазітыўным і адначасова сціплым чалавекам. А неадлучным элементам яе вобразу была цыгарэта: Шымборска была заядлай курыльшчыцай і абсалютна не слухала людзей, у тым ліку блізкіх, якія заклікалі яе кінуць гэтую шкодную звычку.
Навіну пра тое, што яна стала нобелеўскай лаўрэаткай, Шымборска ўспрыняла са скептыцызмам і характэрнай для сябе сціпласцю. На Польскім радыё захаваўся запіс з 3 кастрычніка 1996 года, калі журналістка пазваніла паэтэсе, павіншавала яе з узнагародай і папрасіла расказаць, што яна будзе рабіць цяпер. Гаворыць Віслава Шымборска.

- Дзякуй, мне прыемна гэта пачуць. Я ўвогуле скептык па жыцці, а сапраўдны скептык перш за ўсё павінен са скептыцызмам адносіцца сам да сябе. Паверце, я скептычна адношуся да ўсяго, што раблю. Ну, але сталася тое, што сталася.

Цяпер мне трэба напісаць прамову, з якой неабходна выступіць падчас уручэння ўзнагароды. Я абсалютна не ведаю, пра што гаварыць! Гэта вельмі цяжка, трэба сябе ўзяць у рукі! У мяне такое ўражанне, што буду гэта пісаць месяц. Мне хіба што прыйдзецца недзе выехаць, у спакойнае месца, каб ніхто пра яго не ведаў, і там напісаць гэтую прамову.

Урачыстае ўручэнне прэміі адбылося ў Стакгольме 10 снежня 1996 года. 

Віслава Шымборска таксама была лаўрэатам мноства іншых прэстыжных узнагарод і прэмій, сярод іншага, узнагароды польскага ПЭН-клуба, прэмій імя Хердэра, Гацье і Касцельскіх.

У 2001 годзе паэтэса атрымала дыплом ганаровага члена Амерыканскай акадэміі мастацтваў і літаратуры.
Памерла вялікая полька 1 лютага 2012 года ва ўзросце 88 гадоў.

Не ведаю як дзе,

але тут, на Зямлі, багата ўсяго.
Тут вырабляюць крэслы і смутак,
нажнічкі, скрыпкі, пяшчоту, транзістары,
плаціны, кубачкі, жарты.

фрагмент верша «Тут» (Tutaj) у перакладзе Марыны Казлоўскай

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу