Сёння я запрашаю ў Айцоўскі нацыянальны парк. Гэта найменшы ў Польшчы нацыянальны парк, які размяшчаецца ля Кракава, на поўдні Польшчы. Нягледзячы на сваю адносна невялікую плошчу, Айцоўскі нацыянальны парк з’яўляецца адным з найбольш папулярных у Польшчы.
У геаграфічным аспекце Айцоўскі нацыянальны парк размешчаны на Алькускім узвышшы (Wyżyna Olkuska) і паўднёвай частцы Кракаўска-Чэнстахоўскага ўзвышша. У прыватнасці, ён ахоплівае часткі дзвюх маляўнічых далінаў: Прондніка (Dolina Prądnika) і Санспоўскай (Dolina Sąspowska).
Айцоўскі нацыянальны парк. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Айцоўскі нацыянальны парк быў заснаваны ў 1956 годзе. Ідэя яго аховы была звязана з сістэматычным знішчэннем згаданага рэгіёна. Яшчэ ў XIX стагоддзі гэтая прыгожая тэрыторыя панесла велізарныя страты ад высечкі дрэў, знішчэння скальных утварэнняў і раскопвання пячораў у пошуках каштоўных угнаенняў. Менавіта тады з'явіліся першыя прапановы аб ахове гэтай тэрыторыі.
Айцоўскі нацыянальны парк. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Хоць сімвалам найменшага нацыянальнага парку Польшчы невыпадкова з’яўляецца кажан, то парк вядомы, перш за ўсё, асобнастаячымі прыроднымі скаламі. Яны ўзніклі ў выніку эрозіі вапнякоў, якімі багаты згаданы рэгіён Польшчы. Гэтыя маляўнічыя скалы нязменна цікавяць турыстаў і геолагаў; прымушаюць працаваць чалавечае ўяўленне і становяцца крыніцай чарговых легендаў і фантастычных аповедаў.
Паліца Геркулеса . Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Адной з найбольш вядомых вапняковых пародаў у парку, можна сказаць візітнай картачкай Айцоўскага нацыянальнага парку, з’яўляецца Паліца Геркулеса (Maczuga Herkulesa). Вышыня згаданай скалы складае 25 метраў. Адна са шматлікіх, звязаных з ёй, легендаў распавядае пра мага Яна Твардоўскага, які загадаў дʼяблу перавярнуць паліцу «дагары нагамі».
Рукавіца. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Іншай не менш цікавай вапняковай пародай у парку з’яўляецца Рукавіца (Rękawica). З ёй таксама звязаная прыгожая легенда. Паводле яе, падчас аднаго з нашэсцяў татараў, мясцовыя жыхары схаваліся ў цяжкадаступнай Цёмнай пячоры. Калі арда пачала небяспечна набліжацца да месца прытулку, Бог закрыў уласнай рукой уваход у пячору і такім чынам выратаваў людзей ад непазбежнай гібелі. Калі небяспека мінула і людзі выйшлі з хованкі, аказалася, што на месцы Божай рукі засталася скала, якая руку і нагадвае. Цяпер яе называюць Рукавіца.
Пячора Лакетка. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Шматлікія легенды звязаныя таксама з мясцовымі пячорамі, якіх, паводле экспертаў, у Айцоўскім нацыянальным парку каля 700. На тэрыторыі Кракаўска-Чэнстахоўскага ўзвышша іх каля 2 000. Самая доўгага пячора ў парку – гэта Пячора Лакетка. Паводле легенды, калі напрыканцы XIII – пачатку XIV стагоддзяў чэшскі кароль Вацлаў ІІ уварваўся ў Польшчу і ўзяў пад кантроль Кракаў, кароль Уладзіслаў Лакетак быў прымушаны пакінуць сваю сядзібу і схавацца. Прытулак ён знайшоў у цяжкадаступнай пячоры ў Ойцаве, высока на схіле Хелмавай гары. Паколькі ўваход у пячору быў перакрыты вялізнай павуцінай, а пагоня была недалёка, Лакетка спусцілі ў пячору з дапамогай вяроўкі. Такім чынам павуцінне не было пашкоджанае, што падманула чэшскія войскі, якія палічылі, што ў пячору апошнім часам ніхто не заходзіў.
Вялікая колькасць пячораў спрыяе кажанам. Сярод 25 відаў, якія жывуць у Польшчы, ажно 17 жывуць у Айцоўскім нацыянальным парку. Менавіта таму кажан з’яўляецца сімвалам парку.
Замaк у Ойцаве. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Айцоўскі нацыянальны парк можа пахваліцца ажно двума замкамі, размешчанымі на яго тэрыторыі. Гаворка ідзе пра замак у Песковай Скале і ў Ойцаве. Гэта два важныя архітэктурныя помнікі на мапе не толькі Кракаўска-Чэнстахоўскага ўзвышша, але і ўсяе Польшчы. Замкі знаходзяцца на гэтак званым Шляху арліных гнёздаў, якія павінны былі ахоўваць краіну і гандлёвыя шляхі. З абодвух аб’ектаў адкрываюцца захапляльныя панарамы.
Капліца на вадзе. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
На тэрыторыі парка знаходзіцца таксама жамчужына драўляная дойлідства, то бок Капліца на вадзе, якая ўяўляе сабой гістарычны сакральны будынак, узведзены ў 1901 годзе. Аб’ект пабудаваны такім чынам, што пад ім працякае горная рака Пронднік (Prądnik). Адкуль такая ідэя? Паводле некаторых гісторыкаў, такім чынам будаўнічы абышоў царскую забарону не будаваць «на бацькоўскай зямлі». Варта прыглядзецца да драўляных вілаў з XIX i XX стагоддзяў у самым Ойцаве – прыгожага натуральнага дапаўнення Даліны Прондніка.
Айцоўскі нацыянальны парк. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Больш пра парк можна даведацца ў Музеі Айцоўскага нацыянальнага парку, які размешчаны ў Ойцаве. Тут сабраны экспанаты, якія ахопліваюць флору, фаўну, геалогію і гідралогію парка. Можна таксама пазнаёміцца з выставай, якая расказвае пра пасяленне людзей на гэтых тэрыторыях, якое налічвае 120 000 гадоў.
Айцоўскі нацыянальны парк – гэта таксама багатая фаўна і флора. Мяркуецца, што на яго тэрыторыі і ў буфернай зоне пражывае прыкладна 11 тысяч відаў жывёл.
Горная рака Пронднік. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Айцоўскі нацыянальны парк – гэта рай для аматараў пешаходных вандровак. Нягледзячы на невялікую тэрыторыю (займае плошчу 21,46 квадратных кіламетраў), ён можа пахваліцца асаблівай разнароднасцю краявідаў і маляўнічасцю. Некаторыя называюць яго Казачнай краінай. Шляхі тут непатрабавальныя, нядоўгія і добра пазначаныя. Паасобныя колеры падзяляюць дарожкі на тэматычныя групы. Агульная працягласць дарожак складае больш за 46 кіламетраў.
Айцоўскі нацыянальны парк. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Самае цікавае, што Айцоўскі нацыянальны парк – адзін з нешматлікіх нацыянальных паркаў у Польшчы, куды можна адправіцца з сабакам.
Анна Задрожна