Беларуская Служба

Музей памяці Сібіры ў Беластоку расказвае і пра жыццё беларусаў у даваеннай Польшчы

05.01.2023 16:01
На першым паверсе беластоцкага Музея памяці Сібіры ў вітрынах экспануюцца рэчы, якія пераносяць нас у Польшчу 1930-х гадоў.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Музей памяці Сібіры.
 .
Ілюстрацыйнае фота.https://sybir.bialystok.pl/muzeum/wystawy/wystawa-stala/#content

Музей памяці Сібіры ў Беластоку — гэта адзін з самых сучасных музейных комплексаў у Польшчы. Тут ілюструецца не толькі вялікая трагедыя палякаў, якія ссылаліся на працягу апошніх стагоддзяў расійскімі і савецкімі захопнікамі ў Сібір (а разам з палякамі ссылалі і беларусаў). Гэта яшчэ і месца, дзе ўзноўлена атмасфера даваеннай Польшчы, у склад якой уваходзілі і заходнебеларускія землі.

На першым паверсе беластоцкага Музея памяці Сібіры ў вітрынах экспануюцца рэчы, якія пераносяць нас у Польшчу 1930-х гадоў, пярэдадня Другой сусветнай вайны. Тут дзякуючы экспанатам і гукавым эфектам адноўлены мікрасвет разбуранай агрэсарамі мірнай краіны, у тым ліку заходнебеларускіх зямель, якія ўваходзілі ў яе склад.

З дапамогай экскурсавода Музея памяці Сібіры Эльжбеты Паплаўскай перанясёмся на больш як 80 гадоў назад. Разам з ёй пачнём падарожжа ў мінулае ля карты Польшчы 1920-1930-х гг.

Эльжбета Паплаўская: Напомню, што Польшча аднавіла незалежнасць праз 123 гады пасля таго, як яе не існавала на карце Еўропы. Польшча была падзелена.

А ў 1918 годзе ўзнікла новая незалежная польская дзяржава. А яе ўсходняя частка па-польску называлася kresy (па-беларуску «ўскраіны». — Рэд.) і пазней Польшча была іх пазбаўлена.

Пасля аднаўлення незалежнасці Польшча павінна была ўз'яднаць свае землі, якія раней знаходзіліся пад уладай трох замежных дзяржаў. Стаяла задача іх агульнага развіцця, а ў прыватнасці — развіцця прамысловасці, гарадоў, эканомікі.

Пераказаўшы кароткі курс гісторыі Польшчы ад аднаўлення незалежнасці ў 1918 г., Эльжбета Паплаўская прапанавала азнаёміцца з сацыяльным і нацыянальным складам усходніх рэгіёнаў краіны даваеннага часу. Бо менавіта адсюль, пасля захопу гэтых зямель Савецкім Саюзам у 1939 г., ажыццяўляліся дэпартацыі ў Сібір.

Расказ экскурсавода суправаджаецца паказам прадметаў быту і асабістых рэчаў жыхароў усходняй Польшчы 1920-1930-х гг. Сярод іх і экспанаты, якія адносяцца да заходнебеларускіх зямель.

Эльжбета Паплаўская: У вёсках жылі сяляне, леснікі, а таксама вайсковыя асаднікі. Асаднікі — гэта ваеннаслужачыя, якія завяршылі службу ў арміі і атрымалі ў падзяку за служэнне дзяржаве ўчасткі зямлі, каб весці сельскую гаспадарку.

Заўважце, што на землях, якія называліся kresy, жылі не толькі палякі. Гэта быў вялізны кацёл з розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Там жылі і беларусы, і ўкраінцы, і рускія, і яўрэі, і цыганы.

Яшчэ адной групай насельніцтва былі землеўладальнікі, якія жылі ў маёнтках. Яны ў значнай меры стваралі польскую культуру, фарміравалі польскую дзяржаўнасць.

Усе тыя, пра каго я толькі што расказала, пазней (пасля 1939 г. — Рэд.) сталі ахвярамі розных рэпрэсій (з боку савецкіх улад. — Рэд.). У прыватнасці, шмат каго з іх дэпартавалі.

У гарадах na kresach жылі чыноўнікі, настаўнікі і прадстаўнікі культурнай эліты. Іх таксама закранулі рознага кшталту рэпрэсіі.

Чым далей мы рухаемся па экспазіцыі Музея памяці Сібіры ў Беластоку, тым больш трывожная перспектыва раскрываецца ў яго экспанатах.

Эльжбета Паплаўская, у прыватнасці, звяртае ўвагу на разарваныя фотакарткі.

Эльжбета Паплаўская: Разарваныя фатаграфіі — гэта сімвал розных рэпрэсій і таго, што сем'і былі разлучаны.

Яшчэ адзін нечаканы экспанат у Музеі памяці Сібіры — матацыкл.

Эльжбета Паплаўская: Развівалася прамысловасць, вытворчасць. І якраз гэты матацыкл уяўляе сабой прыклад развіцця польскай тэхнічнай думкі. І паколькі такія матацыклы выраблялі ў даваенны час, то адзін з іх экспануецца на нашай выстаўцы.

Матацыклы можна было сустрэць у т.л. на вуліцах даваеннага Беластока, панарама якога прадстаўлена ў Музеі памяці Сібіры.

Эльжбета Паплаўская: Гэта прыклад горада на ўскраінах (даваеннай Польшчы. — Рэд.). Мы можам уявіць, што стаім на бруку. Звярніце ўвагу на тое, што калісьці не было асфальту, і менавіта так выглядалі гарады на (ўсходніх. — Рэд.) ускраінах (Польшчы. — Рэд.).

А ў вітрынах побач прадстаўлены розныя рэчы, якія ілюструюць тагачасны лад жыцця на (ўсходніх. — Рэд.) ускраінах (Польшчы. — Рэд.). Тут, у прыватнасці, прадстаўлены прадметы гандлю, якія можна было сустрэць на рыначнай плошчы. А ўявіць сабе плошчу можна, разглядаючы старыя фатаграфіі.

А чым акрамя гандлю займаліся жыхары гарадоў і мястэчак усходняй Польшчы, у т.л. заходнебеларускіх зямель?

Эльжбета Паплаўская прапануе акунуцца ў свет маладога пакалення — у прыватнасці, у спартыўнае жыццё і ваеннае мастацтва.

Эльжбета Паплаўская: У 1920 г. быў заснаваны спортклуб Jagiellonia, які існуе да гэтага часу і гуляе ў вышэйшай лізе ў Польшчы.

У кожным горадзе на (ўсходніх. — Рэд.) ускраінах (Польшчы. — Рэд.) размяшчаліся вайсковыя часці, прызначаныя для абароны гэтых тэрыторый. І гэта было характэрнай рысай гэтых гарадоў.

Пераходзячы ад экспазіцыі з ваенным абмундзіраваннем у наступную залу, Эльжбета Паплаўская пераносіць нас з атмасферы незалежнай дзяржавы — у трагічныя дні верасня 1939 года.

1 верасня 1939 г. на РП напала гітлераўская Германія. А 17 верасня ўсходнія землі Польшчы сталі аб'ектам агрэсіі СССР.

Эльжбета Паплаўская: І, дарэчы, на ўсходзе Польшчы абаронай граніц краіны займалася якраз у значнай меры грамадзянскае насельніцтва, а таксама скаўты і, вядома ж, пагранічныя войскі.

…Звярніце ўвагу на вялікую фатаграфію ў вітрыне. На ёй адлюстраваны парад, які прайшоў у верасні 1939 г. у Брэсце. Гэты парад прымалі як нямецкія генералы, так і камандзіры Чырвонай Арміі. А ля іх ног, як вы бачыце, ляжаць растаптаныя, знішчаныя польскія нацыянальныя сімвалы — герб і сцяг…

На гэтай мінорнай ноце мы завяршаем толькі частку экскурсіі з Эльжбетай Паплаўскай па Музеі памяці Сібіры ў Беластоку.

Экспазіцыя працягваецца матэрыяламі па гісторыі дэпартацыі палякаў у Сібір у 1940-1941 гг., у т.л. з заходнебеларускіх зямель, далучаных да СССР і БССР.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Апублікаваны дакументы пра лёсы палякаў і беларусаў у 1926-1932 гг.

08.12.2022 16:01
Варшаўскі Цэнтр дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага выдаў дакументы па гісторыі польска-савецкіх адносін у 1926-1932 гг.

Выдадзеныя ў Варшаве дакументы з мінскага архіва праліваюць святло на рэпрэсіі супраць палякаў і беларусаў у 1937-1938 гг.

15.12.2022 16:03
Цэнтр дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага выдаў зборнік дакументаў „Operacja polska” NKWD 1937-1938 na tle represji wobec Polaków w Białoruskiej SRS. Dokumenty”.

Гісторык: У 1930-я гг. у Дзяржынску рыхтаваліся да рэвалюцыі ў Польшчы

22.12.2022 16:03
Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы выдаў кнігу беларускага гісторыка, супрацоўніка Польскай АН Анатоля Вялікага Dzierżyńszczyzna 1932–1937. Rejon skazany na likwidację.