Беларуская Служба

Выдадзеныя ў Варшаве дакументы з мінскага архіва праліваюць святло на рэпрэсіі супраць палякаў і беларусаў у 1937-1938 гг.

15.12.2022 16:03
Цэнтр дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага выдаў зборнік дакументаў „Operacja polska” NKWD 1937-1938 na tle represji wobec Polaków w Białoruskiej SRS. Dokumenty”.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Вялікі пра "Полськую аперацыю" НКУС у БССР.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Pixabay.com

На днях варшаўскі Цэнтр дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага выдаў унікальны зборнік дакументаў Operacja polska NKWD 1937-1938 na tle represji wobec Polaków w Białoruskiej SRS. Dokumenty («Польская аперацыя» НКУС 1937-1938 гадоў на фоне рэпрэсій супраць палякаў у Беларускай ССР. Дакументы»).

Складальнікамі важкага зборніка дакументаў „Operacja polska” NKWD 1937-1938 na tle represji wobec Polaków w Białoruskiej SRS. Dokumenty” (484 старонкі) з'яўляюцца беларускія гісторыкі, супрацоўнікі Польскай акадэміі навук Анатоль Вялікі і Аляксандр Смалянчук і супрацоўнік Цэнтра дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага Мацей Вырва. Кіраўніком праекту, які ажыццяўляўся на працягу некалькіх гадоў, з'яўляецца вядомы польскі гісторык Славомір Дэмбскі.

Дакументы для зборніка падабраны ў мінскім Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь і варшаўскім Архіве дакументаў найноўшай гісторыі (Archiwum Akt Nowych). Таксама выкарыстаны матэрыялы беларускага савецкага друку 1930-х гг. і ўспаміны сведкаў тых трагічных гадоў у лёсах беларускага і польскага народаў.

Характэрна, што ўсе дакументы апублікаваны на мовах арыгіналаў — рускай і беларускай, а таксама ў перакладзе на польскую. Архіўныя і газетныя матэрыялы забяспечаны шырокімі каментарыямі. Такім чынам, нават незнаёмы з карцінай таго, што адбывалася ў 1930-я гады, хутка ўвойдзе ў тэму без неабходнасці шукаць дадатковую інфармацыю ў іншых выданнях ці інтэрнэце.

Па сутнасці перад намі першакрыніцы аб тым, як падчас г. зв. Вялікага тэрору — сталінскіх рэпрэсій у СССР тысячы людзей у Беларускай ССР былі забіты або прайшлі праз турмы толькі за тое, што ў графе «нацыянальнасць» мелі запіс «паляк». Аднак ахвярамі былі людзі рознага паходжання, прычым фармальна, паводле статыстыкі, беларусаў было на некалькі працэнтаў больш, чым палякаў. Бо каб атрымаць ярлык «вораг народа» і «польскі шпіён», не трэба было быць абавязкова палякам. Можна было пражываць паблізу польска-савецкай граніцы ці проста стаць ахвярай паклёпу.

Анатоль Вялікі:У Сталіна, я не пабаюся гэтага слова, была генетычная нянавісць да палякаў. Ён нават у паслваенны час гаварыў: «Для Польшчы камунізм што сядло для каровы». Ну, на карову конскае сядло ніяк не падыходзіць.

І яшчэ ўплываў сіндром польска-савецкай вайны 1920 г., у якой Сталін браў удзел. І паражэнне савецкай Расіі ў гэтай вайне было таксама на сумленні Сталіна. А Заходняя ж Беларусь (і Заходняя Украіна. — Рэд.) у выніку гэтай вайны адышла да Польшчы. У 1939 г. Сталін «вярнуў» гэтыя землі.

Я думаю, у Сталіна на ўзроўні падсвядомасці сядзеў недавер, нянавісць да палякаў.

Анатоль Вялікі пралівае святло на змест архіўных дакументаў у зборніку „Operacja polska” NKWD 1937-1938 na tle represji wobec Polaków w Białoruskiej SRS. Dokumenty”.

Анатоль Вялікі:Гэты зборнік дакументаў у Беларусі ніколі б не выйшаў. Адназначна. Тое, што тычыцца НКУС, рэпрэсій, агульнавядома, як інтэрпрэтуецца (у Беларусі. — Рэд.). Гэта па-першае.

А цяпер пра змест дакументаў. Амаль што 100% дакументаў аб «Польскай аперацыі» НКУС 1937-1938 гг. узяты з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

«Польская аперацыя» НКУС была часткай агульнай аперацыі супраць нацменшасцей у СССР — грэчаскай, нямецкай, у т. л. і польскай.

Дакументы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь да 1990-х гг. захоўваліся пад грыфам «Сакрэтна». З імі ніхто не быў знаёмы. Дакладней, здагадваліся, што яны ёсць, але ў даследчыкаў не было да іх доступу.

Гэта пастановы Бюро ЦК КП(б)Б, якія датычаць усяго спектра гэтай аперацыі. Вельмі цікавыя дакументы з уласнаручным подпісам наркама ўнутраных спраў БССР Лаўрэнція Фаміча Цанавы. Гэта яго загады, выпіскі з прыгавораў, аналітычная інфармацыя пра тое, як праходзіла «Польская аперацыя», пратаколы допытаў, якія фабрыкаваліся следчымі НКУС. Сярод дакументаў звяртаюць на сябе ўвагу і г. зв. слёзніцы. У 1938 г. «Польская аперацыя», як і рэпрэсіі, прыпынілася, і родныя рэпрэсіраваных адчайна спрабавалі даведацца, што здарылася з іх блізкімі.

Анатоль Вялікі прапануе не забываць пра тое, што рэпрэсіі ажыццяўляў не толькі Сталін, але і канкрэтныя службовыя асобы, у прыватнасці, у НКУС БССР.

Анатоль Вялікі:Нехта з іх быў затым рэпрэсіраваны. А абсалютная большасць уцалела. Праўда, у 1956 г. частку з іх павыганялі з КДБ. Але яны потым пісалі ў КДБ лісты і прасілі, каб іх аднавілі (на пасадах. — Рэд.), каб «аднавілі справядлівасць». І многія з іх дажылі да нашых дзён. Цяпер, вядома, яны ўжо не жывуць.

Яны здзекаваліся з людзей, ламалі лёсы. І была доказная база аб тым, што яны фабрыкавалі справы. А яны (пасля звальнення. — Рэд.) пісалі скаргі, што, маўляў, «былі перагібы», а яны былі «простымі выканаўцамі».

На самай справе падсвядома тыя, хто здзяйсняў злачынствы, ведалі, што яны рабілі. Але існавала правіла, што калі ты не будзеш выконваць загад, дык ты заўтра, а можа, нават сёння станеш такой жа ахвярай. Цябе будуць катаваць, супраць цябе сфабрыкуюць справу, — і ці пойдзеш у ГУЛАГ, ці цябе расстраляюць.

 А хтосьці, як Наседкін ці Гепштэйн, былі садыстамі.

Анатоль Вялікі патлумачыў, чаму ў 1937-1938 гг. рэпрэсіраваліся палякі, латышы і інш., а, напрыклад, не было спецаперацыі супраць яўрэяў, якіх тады было нямала сярод супрацоўнікаў НКУС БССР. Гэты аспект цікавы ў сувязі з тым, што палякаў, латышоў і яўрэяў было многа сярод тых, хто ажыццявіў Кастрычніцкую рэвалюцыю і кіраваў СССР і БССР у 1920-1930-я гг. Аднак палякі і латышы былі фактычна ліквідаваны ў складзе кіраўніцтва савецкай дзяржавы падчас Вялікага тэрору. А многія яўрэі заставаліся на пасадах.

Але і яўрэяў закранулі рэпрэсіі — аднак, ужо пасля Другой сусветнай вайны.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Апублікаваны дакументы пра лёсы палякаў і беларусаў у 1926-1932 гг.

08.12.2022 16:01
Варшаўскі Цэнтр дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага выдаў дакументы па гісторыі польска-савецкіх адносін у 1926-1932 гг.