Гісторык, пісьменнік Андрэй Скурко атрымаў узнагароду імя Льва Сапегі. Прэмія прызначана за выбітны ўклад у фармаванне і развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і пабудову незалежнай, дэмакратычнай Беларусі, скіраванай у Еўропу, таксама з улікам лепшых традыцый Рэчы Паспалітай.
Узнагароду ініцыяваў Калегіум Усходняй Еўропы ва Уроцлаве і Студыюм Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта, а спонсарам узнагароды з’яўляюцца пяць польскіх ВНУ (Варшаўскі ўніверсітэт, Ягелонскі ўніверсітэт, Уроцлаўскі ўніверсітэт, Уроцлаўскі ўніверсітэт імя Адама Міцкевіча і Беластоцкі ўніверсітэт). Пераможца будзе гасцяваць у гэтых універсітэтах, чытаць лекцыі на тэму Беларусі і праводзіць уласныя навуковыя даследаванні.
Узнагарода была запачаткавана ў 2006 годзе ў выніку паслявыбарчых пратэстаў. Тады ж у Польшчы была створаная стыпендыйная праграма імя Каліноўскага.
Ян Маліцкі
Дырэктар Студыюм Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта Ян Маліцкі нагадвае, што ўдалося пераканаць рэктараў пяці ўніверсітэтаў таксама падрыхтаваць прапанову для беларускіх даследчыкаў, якія маюць клопаты ў Беларусі, і даць ім магчымасць выкладаць на польскіх ВНУ.
Дырэктар Маліцкі падкрэслівае, што Андрэй Скурко атрымаў прэмію за свае заслугі ў незалежніцкім беларускім руху:
- Мы маем справу з вядомым публіцыстам, перакладчыкам, чалавекам, які таксама робіць вялікі ўклад у папулярызацыю польскай літаратуры ў Беларусі, таму што ён быў выдаўцом Чапскай, перакладчыкам і выдаўцом Мельхіёра Ваньковіча. Гэтага б хапіла, каб даць яму прэмію. Але тут у яго цэлы букет дасягненняў, бо гэта і журналісцкая дзейнасць (Наша Ніва, ARCHE), і пераклады, і выдавецкая дзейнасць, і ўрэшце два гады турмы.
Сёлета журы вырашыла ўручыць прэмію не прафесару і, уласна кажучы, даследчыку, а таму, хто мае менавіта такія заслугі, бо хоць гэтую прэмію ўручаюць універсітэты, то гэтая ўзнагарода не за навуковыя даследаванні, а за заслугі ў фармаванні беларускага грамадства ў духу свабоды і незалежнасці. Так што ў дадзеным выпадку Андрэй Скурко пасуе выключна добра.
Андрэй Скурко – беларускі журналіст, філолаг і перакладчык, пісьменнік. У 2021 годзе яго затрымалі і асудзілі на 2,5 года калоніі. За кратамі ён напісаў пяць тамоў вершаў для дзяцей, якія сталі бестселерамі. Цяпер ён жыве за межамі Беларусі, а за апошні год падрыхтаваў да друку дзённікі Марыі Чапскай, Мельхіёра Ваньковіча і Міхала Сапоцькі ў перакладзе на беларускую мову.
Падчас урачыстасці ўручэння Прэміі імя Льва Сапегі Андрэй Скурко выступіў з кароткай лекцыяй «Беларусь і Польшча ў свеце пасля канца свету»:
- Нядаўна мне выпала магчымасць рэдагаваць кнігу беларускага гісторыка, з якой я даведаўся пра крыніцы багаццяў канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі, у гонар якога названа гэтая прэмія. Гэты магнат, уладальнік беларускіх лясоў, прадаваў на Захад тоны попелу. У тыя часы ён быў неабходны ў хімічнай прамысловасці. І ў гэтым ёсць такая сумная іронія, што папялішча — гэта ўсё, што з поспехам мог прапанаваць наш край за апошнія пяцьсот гадоў гісторыі. Беларус не можа сказаць, што ён жыве ў доме, які пабудавалі яго продкі ў чацвёртым-пятым калене, што яго сям'я ніколі не перасялялася супраць яго волі, што ён мае прыватную бібліятэку, збіраную стагоддзямі. Кожныя дзесяцігоддзі нашы сядзібы ператвараліся ў попел. Пра гэта пісалі ў сваіх успамінах Мельхіёр Ваньковіч, Марыя Чапская і іншыя. Мы вымушаныя вяртацца на спаленых палёў, вяртацца з турмаў, са ссылкі, усё адбудоўваць, бо наша краіна гэтага заслугоўвае, бо лепшай няма.
Андрэй Скурко гаварыў: «Паспрабую крыху суцешыць вас тым, што ўсе мы шчаслівыя людзі, бо шчасце даследчыка — жыць у цікавы час».
ав/фота: Беларуская рэдакцыя Польскага радыё